Таўрыель
Таўрые́ль (па-ангельску: Tauriel) — пэрсанаж экранізацыі аповесьці Дж.Р.Р. Толкіна «Хобіт», сфільмаванае рэжысэрам Пітэрам Джэксанам. У кнізе Толкіна гэты пэрсанаж адсутнічае, а ў Джэксана ўпершыню зьяўляецца ў другім фільме трылёгіі, «Пустка Смога». Таўрыель — лясны эльф, кіраўніца варты ў Ліхалесьсі. Ейную ролю выконвае артыстка Эванджэлін Лілі.
У фільме
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Аддзел лясных эльфаў на чале зь Ляголасам і Таўрыель дапамагаюць Більба і трынаццаці гномам уратавацца ад гіганцкіх павукоў, што напалі на іх у Ліхалесьсі. Таўрыель у прыватнасьці ўратоўвае Кілі, і пазьней, калі гномы трапляюць у вязьніцу караля эльфаў, Таўрыель і Кілі фліртуюць. Утвараецца своеасаблівы любоўны трыкутнік, бо Ляголас таксама захапляецца ёю, аднак ягоны бацька, Трандуіл, рашуча супраць сувязі свайго сына са звычайнай эльфійкай.
Пазьней Таўрыель яшчэ раз ратуе Кілі, калі на іх нападае ватага оркаў. У гэтай сутычцы Кілі паранены оркавай стралой, і на допыце Таўрыель даведваецца ад схопленага орка, што Кілі паволі сканае ад моргульскае зброі. Яна выпраўляецца на яго пошукі, і Ляголас спрабуе яе адгаварыць. Аднак Таўрыель адмаўляецца, кажучы, што эльфы — частка Міжзем’я, і гэтая вайна закране й іх. Пасьля гэтага Ляголас вырашае рушыць разам зь ёй.
Таўрыель знаходзіць параненага Кілі, ягонага брата Філі, а таксама Бофура й Оіна ў Эсгароце акурат у момант, калі туды набягаюць оркі. Супольнымі намаганьнямі гномаў, эльфаў і Барда нападнікі адкінутыя, і Таўрыель выратоўвае Кілінава жыцьцё трэцім разам, прымяніўшы сваё веданьне лекавых зёлак.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- IMDb
- Tolkien gateway (анг.)