Тацяна Гарэлікава
Тацяна Гарэлікава | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзілася | 28 лістапада 1947 (76 гадоў) |
Літаратурная дзейнасьць | |
Род дзейнасьці | пісьменьніца |
Тацяна Іванаўна Гарэлікава (28 лістапада 1947, в. Патапаўка, Буда-Кашалёўскі раён, Гомельская вобласьць) — беларуская пісьменьніца.
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Нарадзілася 28 лістапада 1947 году ў вёсцы Патапаўка Буда-Кашалёўскага раёна Гомельскай вобласьці ў сялянскай сям’і.
У 1964 годзе скончыла Патапаўскую сярэднюю школу і паступіла на аддзяленьне беларускай мовы і літаратуры філялягічнага факультэту Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, скончыла яго завочна ў 1970 годзе[1].
З 1968 году працавала бібліятэкаркай у Менску, з 1972 году — старшай піянэрважатай, з 1975 году — арганізатарам пазакласнай і пазашкольнай выхаваўчай работы Трасьцянецкай сярэдняй школы (Менскі раён). З 1976 году працавала дырэктарам Раўкуцевіцкай сярэдняй школы (Менскі раён), з 1978 году — інспектарам Менскага раённага аддзелу народнай адукацыі. З 1979 году — намесьнік загадчыка аддзелу прапаганды і агітацыі, з 1980 году — сакратар Менскага раённага камітэту КПБ.
У 1983—1985 гадох вучылася ў Менскай партыйнай школе. З 1985 году — рэдактар аддзелу прозы часопісу «Неман». Сябра Саюзу пісьменьнікаў СССР з 1979 году. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў[2].
Творчасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Першае апавяданьне «Пароль: «Зорка!» надрукавана ў 1962 годзе ў газэце «Піянер Беларусі», калі яна вучылася ў 8 клясе. Творы Тацяны Гарэлікавай друкаваліся ў дзіцячых часопісах «Вясёлка» і «Бярозка», Буда-Кашалёўскай раённай газэце «Авангард»[3]. З 1966 году рэгулярна выступае ў рэспубліканскім друку. Піша пра моладзь, маральна-этычную праблематыку узаемаадносінаў.
У 1978 годзе ў выдавецтве «Мастацкая літаратура» выйшла першая кніга яе прозы «Дзе лес шуміць». У кнізе ідзе гаворка пра тое, як нялёгка людзям разумець адзін аднаго ў сёньняшнім складаным сьвеце, адчуваецца аўтарская занепакоенасьць чалавечымі лёсамі, увага да тонкіх струнаў чалавечай душы, чалавечага болю. У 1985 годзе у друку выйшла кніга прозы «Пры сьвятле расстаньняў», якая сведчыць аб актыўнай аўтарскай пазіцыі, турбоце аб заўтрашнім дні Зямлі.
Бібліяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- «Дзе лес шуміць» : Аповесьць і апавяданьні. — Менск, 1978.
- «Пры сьвятле расстаньняў» : Аповесьці і апавяданьні. — Менск, 1985.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Гарэлікава Таццяна // Беларускія пісьменнікі (1917—1990): Даведнік / Склад. А. К. Гардзіцкі. — Менск, Мастацкая літаратура, 1994. — С. 129
- ^ Гарэлікава Таццяна Іванаўна
- ^ Да самай глыбіні душы(недаступная спасылка)