Перайсьці да зьместу

Сябры

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Сябры́[1][2] (таксама дольшчыкі, патужнікі, саўдзельнікі, таварышы[1][2]) — катэгорыя людзей, якія супольна валодалі і карысталіся ворнай зямлёй, прамысловымі ўгодзьдзямі, сродкамі вытворчасьці, ці супольна працавалі ў іншых гаспадарчых галінах (напрыклад, бортніцтве, рыбнай лоўлі, саляным промысьле ды інш.).

Сябрыннае валоданьне й гаспадарка было разьвітае ў Кіеўскай Русі, значна пашырылася ў Вялікім Княстве Літоўскім у XVI—XVII стагодзьдзях. Згадваецца ў Статуце Вялікага Княства Літоўскага 1529 року. Сябрамі маглі быць сяляне з уласнай гаспадаркай і безь яе, купцы, сьвецкія і духоўныя фэўдалы. З умацаваньнем фэўдальна-прыгоньніцкай сыстэмы і разьвіцьцём грашовых адносін сябрыннае (сяброўскае) землекарыстаньне паступова ператваралася ў падворна-спадчыннае.

На тэрыторыі сучасных Беларусі і Ўкраіны рэшткі супольнага землекарыстаньня (у прыватнасьці, грамадзкае карыстаньне пашамі, лугамі ды інш.) захаваліся да пачатку XX стагодзьдзя.

Народны звычай сумеснага карыстаньня пашай, сенажацьцю, пчоламі, адоранай жывёлай і г. д. меў назву сябрына. Характэрнымі рысамі ўзаемаадносін у сябрыне ёсьць дружба і ўзаемадапамога.