Перайсьці да зьместу

Сусьветная гісторыя

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Старажытнаэгіпецкія піраміды.

Сусьветная гісторыя — гісторыя, якая апісвае разьвіцьцё ўсяго чалавецтва ўвогуле, то бок летапіс чалавецтва ад дагістарычных часоў дасюль. Гісторыя чалавецтва ў дакумэнтаваным выглядзе пачынаецца каля 4000 да н. э. у Мэсапатаміі, заселенай тады шумэрамі. Гарады існуюць са значна ранейшага часу (Ерыхон на Блізкім Усходзе, ~7000 да н. э.).

Сучасныя людзі зьявіліся ў Афрыцы блізу 300 тысяч гадоў таму. Яны жылі паляваньнем і зьбіральніцтвам. Міграцыя з Афрыкі падчас апошняга ледавіковага пэрыяду і да канца ледавіковага пэрыяду 12 тысяч гадоў таму пашырылася на ўсе кантынэнты, акрамя Антарктыды. Неўзабаве пасьля гэтага нэалітычная рэвалюцыя ў Заходняй Азіі спрыяла першае сыстэматычнаму стаўленьню да вырошчваньню расьлінаў і гадаваньню жывёлаў, а многія людзі перайшлі ад качавога ладу жыцьця да аседлага існаваньня, стаўшы земляробамі ў паселішчах на сталых месцах. Узраслая складанасьць чалавечых грамадзтваў запатрабавала сыстэму бухгальтарскага ўліку і пісьма.

Гэтыя падзеі праклалі шлях для паўстаньня раньніх цывілізацыяў у Мэсапатаміі, Эгіпце, Пэру, даліне Інду і Кітаі, што паклала пачатак старажытнага часу ў 4 тысячагодзьдзі да н. э. Гэтыя цывілізацыі дазволілі стварыць рэгіянальныя імпэрыі і забясьпечылі ўрадлівую глебу для зьяўленьня трансфармацыйных філязофскіх і рэлігійных ідэяў. Індуізм узьнік у канцы бронзавага веку, а затым зьявіліся шматлікія асноўныя сыстэмы вераваньняў, як то будызм, канфуцыянства, грэцкая філязофія, джайнізм, юдаізм, даасізм і зараастрызм. Хрысьціянства ўзьнікла пазьней як адгалінаваньне юдаізму. У наступны постклясычны час, прыблізна з 500 па 1500 гады, быў уздым ісламу і росквіт Кітаю за часам панаваньня дынастыяў Тан і Сун. У той жа час цывілізацыя пашыралася на новыя часткі сьвету, а гандаль паміж грамадзтвамі павялічваўся. Палітычны ляндшафт фармаваўся ўздымам і падзеньнем буйных імпэрыяў, як то Бізантыйская імпэрыя, Ісламскія халіфаты і Мангольская імпэрыя. Вынаходніцтва пораху і друкарскага варштату ў гэты час моцна паўплывала на пазьнейшую гісторыю.