Слупы стварэньня
«Слупы́ стварэ́ньня» — тры велізарныя слупы (г. зв. «слановыя хобаты») міжзорнага газу і пылу ў туманнасьці Арол, што на адлегласьці 6,5 тысячаў сьветлавых гадоў ад Зямлі, а таксама назва вядомай фатаграфіі, зробленай тэлескопам Габла 1 красавіка 1995 году[1].
Фізычная сутнасьць зьявы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Слупы халоднага міжзорнага газу выступаюць з унутранай сьцяны цёмнага малекулярнага воблака як сталягміты з падлогі пячоры. Слупы ўяўляюць сабой выключна шчыльныя аблокі малекулярнага вадароду і пылу, якія захаваліся даўжэй за іхняе навакольле, нягледзячы на ўзьдзеяньне спапяляльнага ультрафіялетавага сьвятла ад скупнасьці маладых масіўных зорак (працэс фотавыпарэньня). Ультрафіялетавае сьвятло ад зорак таксама асьвятляе зьвілістыя паверхні слупоў і ўтварае прывідныя косы газу, якія сыходзяць зь іх. Вышыня найдаўжэйшага слупа складае 4 сьветлавыя гады[1].
Па меры таго, як ультрафіялетавае сьвятло паступова разбурае слупы, малыя аблокі яшчэ болей шчыльнага газу (г. зв. «выпаральныя газавыя глёбулы», ангельскамоўны акронім — EGGs («яйкі»)) зьяўляюцца знутры слупоў. Унутры некаторых з гэтых касьмічных «яйкаў» утвараюцца эмбрыёны зоркаў[1].
Вучоныя мяркуюць, што Сонца ўтварылася ў выніку падобнага турбулентнага працэсу як частка зоркавай скупнасьці, якая ўтрымлівала ў сабе зоркі, дастаткова вялікія для таго, каб выклікаць іянізуючую радыяцыю, як у туманнасьці Арол[2].
Калі вы глядзіце на асяродзьдзе туманнасьці Арол ці іншых рэгіёнаў, дзе ўтвараюцца зоркі, вы бачыце перад сабой дакладна той тып асяродзьдзя, у якім нарадзілася нашае Сонца. | ||
— Пол Скоўэн, астраном[2] |
Далейшы лёс
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Па выніках вывучэньня зробленага празь дзесяцігодзьдзе пасьля першай фатаграфіі слупоў інфрачырвонага здымку туманнасьці Арол, на якім непасрэдна за слупамі бачная хутка растучая бурбалка гарачай матэрыі, францускі астраном Нікаля Флажэ зрабіў выснову, што слупы былі зьнішчаныя ўдарнай хваляй ад звышновай зоркі каля 6 тысячаў гадоў таму. А паколькі туманнасьць знаходзіцца ад Зямлі на адлегласьці 6,5—7 тысячаў сьветлавых гадоў, то толькі праз тысячу год людзі на Зямлі ўбачаць разбурэньне слупоў у выніку выбуховай сьмерці гіганцкай звышновай зоркі[3].
Арыгінальная фатаграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Арыгінальная фатаграфія слупоў была атрыманая астраномамі з унівэрсытэту штата Арызона (ЗША) Полам Скоўэнам і Джэфам Хэстэрам. Фатаграфія была складзеная з 3 асобных фатаздымкаў, зробленых у сьвятле выпраменьваньня розных тыпаў атамаў: чырвоны колер паказвае выпраменьваньне аднакротна-іянізаваных атамаў серкі, зялёны — атамаў вадароду, блакітны — двойчы іянізаваных атамаў тлену[1].
Фотапрэзэнтацыя, падрыхтаваная Службай грамадзкага вяшчаньня — PBS (ЗША), яскрава дэманструе працэс апрацоўкі пачатковых фотаматэрыялаў і атрыманьня канчатковага відовішчнага здымку[4].
Фатаздымак стаў нагэтулькі папулярным, што шматкротна выкарыстоўваўся ў кінафільмах, тэлевізійных шоў, на майках і нават на паштовай марцы (Грэнада)[5].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б в г Эмбрыёны зоркаў зьяўляюцца з міжзорных «яйкаў» HubbleSite Праверана 7 студзеня 2015 г.
- ^ а б Тэлескоп Габла вяртаецца да культавых «Слупоў стварэньня» з фота высокай якасьці NASA Праверана 7 студзеня 2015 г.
- ^ Рычард Ловэтт (10 студзеня 2007) Звышновая разбурае «Слупы стварэньня» National Geographic Праверана 7 студзеня 2015 г.
- ^ «Слупы стварэньня» PBS Праверана 7 студзеня 2015 г.
- ^ 50 гадоў даследваньня космасу Stamp-search.com Праверана 7 студзеня 2015 г.