Словаўтваральны тып
Словаўтваральны тып — комплексная адзінка словаўтваральнай сыстэмы; сукупнасьць словаў з агульнымі словаўтваральнымі характарыстыкамі.
Словаўтваральны тып — галоўная ячэйка словаўтваральнай сыстэмы, бо ў яго межах адбываецца ўтварэньне новых словаў. Толькі зусім нязначная колькасьць словаў утвараецца па-за ўтваральнымі тыпамі, г. зн. не тыпізавана.
Інакш кажучы, пад словаўтваральным тыпам разумеецца схема (формула) пабудовы блізкіх, што характарызуецца адзінствам дэрывацыйнага афіксу і катэгарыяльным адзінствам іх утваральных асноваў.
Характарыстыка словаўтваральнага тыпу
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Утваральныя асновы вытворных словаў павінны належаць да адной часьціны мовы.
- Агульнасьць сэмантычных адносінаў паміж вытворным словам і ўтваральным.
- Наяўнасьць агульнага словаўтваральнага фарманту і спосабу словаўтварэньня, тоеснасьць афіксу.
Прадуктыўнасьць словаўтваральных тыпаў
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Як і ўсякія іншыя элемэнты (канструкцыі) мовы, словаўтваральныя тыпы маюць розную ступень прадуктыўнасьці. Па ўзоры адных словаўтваральных тыпаў новыя словы ўтвараюцца часьцей, па ўзоры другіх — радзей, або зусім не ўтвараюцца.
Непрадуктыўныя словаўтваральныя тыпы зьяўляюцца замкнёнымі. У іх межах не ўзьнікаюць новаўтварэньні, колькасьць словаў тут паддаецца дакладнаму падліку.
Высокапрадуктыўныя словаўтваральныя тыпы — адкрытыя, незамкнёныя. Яны папаўняюцца новымі словамі, і колькасны склад такіх тыпаў цяжка вызначыць, таму што нельга ўлічыць усе адпаведныя словы і асабліва тыя новаўтварэньні, якія не набылі яшчэ шырокага ўжытку. Цяжка, напрыклад, выявіць з вычарпальнай паўнатой колькасны склад словаўтваральнага тыпу з прыстаўкай не-. Вялікая колькасьць вытворных уваходзіць таксама ў словаўтваральны тып назоўнікаў, утвораных ад прыметнікавых асноў пры дапамозе суфіксу -асьць (санлівасьць, пужлівасьць).
Марфэмы ў высокапрадуктыўных словаўтваральных тыпах вызначаюцца вялікай выбіральнасьцю і шырокімі марфэматычнымі сувязямі. Гэта стварае спрыяльныя ўмовы для далейшай словатворчасьці. Так побач з рэальнымі ўзьнікаюць патэнцыяльныя словы.
У межах словаўтваральных тыпаў дзейнічае тэндэнцыя абмяжоўваць іх утваральныя магчымасьці. Гэтыя абмежаваньні накладваюцца сыстэмай мовы, якая рэгулюе стварэньне словаў паводле пэўнага тыпу або мадэлі. Утварэньне новых словаў з парушэньнем тых фармальных абмежаваньняў, што накладваюцца сыстэмай мовы, прыводзіць да ўзьнікненьня аказіяналізмаў.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Аляксандар Падлужны. Беларуская граматыка ў 2 частках / Мікалай Бірыла. — Менск: Навука і тэхніка, 1985. — Т. 1. Фаналогія. Арфаэпія. Марфалогія. Словаўтварэнне. Націск. — 430 с. — 1050 ас.
- Леў Шакун. Словаўтварэнне. — Менск: Вышэйшая школа, 1978. — 128 с.