Словаўтваральная мадэль
Словаўтваральная мадэль — канкрэтная схема пабудовы вытворнага слова з улікам яго фармальнага відазьмяненьня.
Словаўтваральная мадэль улічвае канкрэтныя асаблівасьці ўтварэньня пэўнага слова ці групы словаў у межах аднаго словаўтваральнага тыпу. Гэтыя асаблівасьці маюць пераважна марфаналягічны характар, значыць датычацца фармальнага (фанэмнага) складу вытворных словаў, і толькі зрэдку закранаюць марфоляга-структурны бок. Так у межах таго ці іншага словаўтваральнага тыпу пры ўтварэньні адных словаў адбываецца чаргаваньне фанэмаў на граніцы марфэмаў, а ў другіх такога чаргаваньня няма, у адных выпадках выкарыстоўваюцца інтэрфіксы, а ў другіх не, адбываецца ўсячэньне ўтваральных асноваў, або не адбываецца і г.д.
Вытворныя словы з такімі марфаналягічнымі адрозьненьнямі і складаюць унутры пэўнага словаўтваральнага тыпу асобныя словаўтваральныя мадэлі. Гэтыя мадэлі даюць магчымасьць паўней выявіць асаблівасьці словаўтварэньня таго ці іншага лексыка-сэмантычнага разраду, устанавіць канкрэтную формулу пабудовы вытворных.
Такім чынам, словаўтваральны тып можа аб’ядноўваць словы, утвораныя паводле розных мадэляў.
У лінгвістычнай літаратуры паняцьце словаўтваральнай мадэлі трактуецца неадназначна. Часта яго зьмешваюць з паняцьцем словаўтваральнага тыпу.
Глядзіце таксама
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Аляксандар Падлужны. Беларуская граматыка ў 2 частках / Мікалай Бірыла. — Менск: Навука і тэхніка, 1985. — Т. 1. Фаналогія. Арфаэпія. Марфалогія. Словаўтварэнне. Націск. — 430 с. — 1050 ас.
- Леў Шакун. Словаўтварэнне. — Менск: Вышэйшая школа, 1978. — 128 с.
На гэты артыкул не спасылаюцца іншыя артыкулы Вікіпэдыі. Калі ласка, прастаўце спасылкі на яго ў іншых артыкулах. |