Скамянелы лес (Лесбас)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Скамянелы лес
па-грэцку: Απολιθωμένο δάσος της Λέσβου
катэгорыя III (помнік прыроды) паводле МСАП
Скамянелае дрэва каля Сыгры, Лесбас, Грэцыя
Скамянелае дрэва каля Сыгры, Лесбас, Грэцыя
Мапа Грэцыі
Мапа Грэцыі
РазьмяшчэньнеГрэцыя, Лесбас
Каардынаты39°12′13″ пн. ш. 25°52′28″ у. д. / 39.20361° пн. ш. 25.87444° у. д. / 39.20361; 25.87444Каардынаты: 39°12′13″ пн. ш. 25°52′28″ у. д. / 39.20361° пн. ш. 25.87444° у. д. / 39.20361; 25.87444
Плошча150 км²

Скамяне́лы лес Ле́сбасу (па-грэцку: Απολιθωμένο δάσος της Λέσβου) — скамянелы лес на востраве Лесбас у Грэцыі. Зьяўляецца адным з самых вялікіх згрупаваньняў скамянелых дрэваў у сьвеце.

Скамянелы лес складаецца з сотняў стаячых і паваленых скамянелых ствалоў дрэваў, якія раскіданыя на плошчы 150 квадратных кілямэтраў у заходняй частцы востраву Лесбас, у ваколіцах населеных пунктаў Сыгры, Антыса і Эрасос. Адзінкавыя закамянеласьці дрэў сустракаюцца ў многіх іншых частках востраву, у тым ліку каля вёсак Малівос, Паліхнітос, Пламары і Акрасі.

Каменны лес востраву Лесбас зьяўляецца асаблівым і не падобным на іншыя аналягічныя прыродныя аб’екты, напрыклад, на скамянелы лес Пэтрыфайд-Форэст у штаце Арызона (ЗША). У Арызоне скамянелыя камлі дрэў ляжаць на зямлі, у той час як на Лесбасе лес быў сылікатызаваны in situ (на месцы вырастаньня ў першапачатковым выглядзе). На востраве ёсьць сотні скамянелых дрэваў у вэртыкальным становішчы зь некранутымі каранёвымі сыстэмамі. Тое, што каранёвая сыстэма дрэваў добра захавалася, азначае, што лес стаіць на сваім першапачатковым месцы росту. Прадукты вульканічных вывяржэньняў пакрылі гэтыя расьліны цалкам, таму зараз можна знайсьці скамянелыя галіны, лісьце, плады, каранёвыя сыстэмы дрэў, а таксама скамянелыя адбіткі жывёл, якія жылі ў лесе ці ў яго навакольлі.

На Лесбасе знаходзіцца самае высокае ў сьвеце скамянелае дрэва, якое стаіць вэртыкальна. Яго вышыня — 7,20 мэтраў, у абхопе — 8,58 мэтраў. Паваленыя дрэвы ў скамянелым лесе дасягаюць амаль 15 мэтраў у абхопе[1].

Зьяўленьне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Лававы купал Мэсатопас зьяўляецца вынікам вульканічнай дзейнасьці на востраве Лесбас.

Фармаваньне скамянелага лесу на востраве Лесбас зьвязана з інтэнсіўнай вульканічнай актыўнасьцю, якая адбывалася з канца эпохі алігацэну і да сярэдзіны міяцэну, прыкладна 20 мільёнаў гадоў таму. У выніку вульканічнай дзейнасьці за вельмі кароткі час піраклястычныя матэрыялы і вульканічны попел цалкам пакрылі астраўную расьліннасьць, ствараючы ўнутранае анаэробнае асяродзьдзе і ізалюючы тканіны расьлінаў ад узьдзеяньня зьнешніх кліматычных умоваў. Вульканічная актыўнасьць стварыла багатыя дыяксыдам крэмну гідратэрмальныя растворы, якія інтэнсіўна цыркулявалі і зьмешваліся з попелам, пакрываючы расьліны. Паступова арганічныя рэчывы дрэваў замяшчаліся мінэраламі, утвараючы закамянеласьці. Дзякуючы спрыяльным умовам для дыягэнэзу (ператварэньня друзлых ападкаў у ападкавыя горныя пароды) марфалягічныя асаблівасьці дрэваў, такія як гадавыя колцы, анамаліі зьнешняй кары і г. д., захаваліся ў выдатным стане. Пры наяўнасьці розных аксыдаў мэталаў, такіх як жалеза, медзь і марганец, закамянеласьці маюць рознакаляровыя адценьні.

Палеаэкасыстэма[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Флёра скамянелага лесу налічвае больш за 46 розных відаў расьлінаў, якія былі знойдзеныя й ідэнтыфікаваныя. Ідэнтыфікацыя роду і віду скамянелых расьлінаў стала магчымай дзякуючы выдатнаму стану клеткавых структураў і характарыстык драўніны. Скамянелы лес на Лесбасе ўяўляе сабой экасыстэму лесу, які рос у Эгейскім рэгіёне падчас бурдыгальскага ярусу ніжняга міяцэну, прыкладна 18,5 мільёнаў гадоў таму. Гэта быў зьмяшаны субтрапічны лес з разнастайнымі расьлінамі, галоўным чынам хвойнымі і пакрытанасеннымі (пладовымі) дрэвамі, зь нязначнай колькасьцю папарацепадобных. У раёне Сыгры быў знойдзены скамянелы продак папараці Pronephrium striacum.

Хвойныя складаюць найбольшую колькасьць скамянелых расьлінаў Лесбасу. Яны ўключаюць у сябе хваёвыя (па-лацінску: Pinaceae), цісавыя (па-лацінску: Taxaceae) і кіпарысавыя (па-лацінску: Cuprassaceae). Да кіпарысавых адносяцца такія віды, як Cunninghamia і продкі сэквояў, зь якіх у асноўным і складаецца скамянелы лес. Былі выяўленыя й іншыя віды, якія ня маюць сучасных нашчадкаў.

Знойдзеныя скамянеласьці пакрытанасенных уключаюць у сябе вялікую колькасьць сямействаў расьлінаў. Найбольш распаўсюджанымі зь іх у лесе зьяўляюцца ляўравыя (па-лацінску: Lauraceae) і букавыя (па-лацінску: Fagaceae). Зь сямейства букавых акрамя саміх букаў сустракаюцца дубы і каштаны. Зь сямейства эбэнавых (па-лацінску: Ebenaceae) тут сустракаецца хурма, зь сямейства вярбовых (па-лацінску: Salicaceae) — таполя і вярба, зь сямейства бярозавых (па-лацінску: Betulaceae) — бяроза, алешына і граб. На Лесбасе было таксама знойдзена мноства іншых відаў расьлінаў, такіх як лайм, клён, ажына, сумах. Аднадольныя пакрытанасенныя расьліны прадстаўлены рознымі відамі пальмаў, якія дамінуюць на ніжнім узроўні Палеанталягічнага ляндшафту.

Хоць флёра скамянелага лесу была добра вывучана, мала што вядома пра фаўну таго часу. Пры раскопках, якія праводзіліся Музэем натуральнай гісторыі Лесбас у 1999 годзе ў вобласьці Антысы, былі ўпершыню знойдзеныя косткі жывёлы. Косткі належалі дэйнатэрыю (па-лацінску: Deinotherium), продку сучасных сланоў, які жыў 18,4 мільёнаў гадоў таму. Гэта самыя старажытныя выяўленыя парэшткі дэйнатэрыя ў Грэцыі, і, верагодна, самыя старыя ў Эўропе. Знойдзеныя скамянеласьці зьяўляюцца рэдкімі, бо на сёньняшні дзень у Эўропе выяўлена толькі некалькі астанкаў буйных пазваночных ніжняга міяцэну.

Помнік прыроды[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Першыя згадкі пра закамянеласьці Лесбасу можна знайсьці ў працах старажытнагрэцкага філёсафа Тэафраста (370—287 да н. э.) з Эрасасу. Пазьней першыя навуковыя спасылкі на скамянелы лес былі зробленыя аўстрыйскім батанікам Францам Унгэрам (1800—1870), чые публікацыі спрыялі, каб вялікая колькасьць дасьледчыкаў захацелі наведаць Лесбас і скамянелы лес для вывучэньня прыроднай славутасьці.

Грэцкая дзяржава зрабіла захады для абароны скамянелага лесу на Лесбасе. 31 студзеня 1958 году была апублікавана першая пастанова міністра культуры краіны, згодна зь якой скамянелы лес абвяшчаўся адмыслова абароненай вобласьцю. У 1965 годзе па пастанове міністра сельскай гаспадаркі адбылася экспрапрыяцыя двух раёнаў у 500 акраў (Мпала Алён і Гамандроўла), дзе знаходзіцца вялікая колькасьць скамянелых дрэваў, дзеля іхняй абароны.

Указам прэзыдэнта Грэцыі №443/1985 ад 19 верасьня 1985 году на Лесбасе былі створаны 1 марскі і 4 наземныя паркі агульнай плошчай 516,5 га, а скамянелы лес быў абвешчаны помнікам прыроды, які ахоўваецца дзяржавай. У 1987 годзе быў створаны Парк скамянелых дрэваў, у якім тады ж пры пракладцы пешаходных маршрутаў правялі першыя раскопкі. Недалёка ад уваходу ў парк быў знойдзены ствол дрэва даўжынёй 20 мэтраў.

У 1994 годзе ў Сыгры быў адкрыты Музэй натуральнай гісторыі скамянелага лесу Лесбасу, дзейнасьць якога накіравана на дасьледаваньне і абарону скамянелага лесу. Музэй таксама праводзіць адукацыйную працу. Ён прапануе найбольш поўную калекцыю выкапняў расьлінаў у Грэцыі, надаючы ўвагу пераважна выкапням расьлінаў скамянелага лесу. Пачынаючы з 2000 году музэй зьяўляецца адным з заснавальнікаў Эўрапейскай сеткі геапаркаў, а ў 2004 годзе далучыўся да Глябальнай сеткі геапаркаў ЮНЭСКА. У 2001 годзе за эфэктыўную работу музэй быў узнагароджаны прэміяй Eurosite Management Award.

У 2000 годзе на просьбу адміністрацыі музэя была выдзелена тэрыторыя за 500 мэтраў на поўдзень ад Сыгры для стварэньня парку Плака. Адразу пасьля перадачы зямлі парку пачаліся дасьледчыя работы, падчас якіх быў знойдзены ствол дыямэтрам 3,7 м і даўжынёй акружнасьці 14 мэтраў, што зьяўляецца найбольшымі паказчыкамі сярод калі-небудзь знойдзеных скамянелых дрэваў. Парк Плака пачаў сваю дзейнасьць у ліпені 2005 году.

У сярэдзіне 2012 году пачаліся раскопкі на астраўку Нісіёпі, дзякуючы чаму былі адкрыты дзясяткі паваленых камлёў, адзін зь якіх меў даўжыню 17,2 мэтраў і дыямэтар у падмурку 1,70 м.

У 2012 годзе ахоўная тэрыторыя геапарку была пашырана на ўвесь востраў Лесбас[2].

Сусьветная спадчына ЮНЭСКА[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 2014 годзе з ініцыятывы Грэцыі Парк скамянелых дрэваў быў унесены ў папярэдні сьпіс аб’ектаў Сусьветнай спадчыны ЮНЭСКА [1][3] .

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б Tentative List, Petrified Forest of Lesvos(анг.). UNESCO. — Папярэдні сьпіс ЮНЕСКА. Скамянелы лес Лесбас.
  2. ^ The Natural History Museum of the Lesvos Petrified Forest(анг.) — Музэй прыроднай гісторыі скамянелага лесу Лесбас.
  3. ^ Грэцыя просіць прызнаць скамянелы лес востраву Лесбас аб’ектам Сусьветнай спадчыны ЮНЕСКА(рас.). National Geographic.