Перайсьці да зьместу

СМЕРШ

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Сьмерш[1][2] (рас. Смерш ад смерть шпионам — сьмерць шпіёнам) — савецкая контарвыведчая і рэпрэсіўная служба, сфармаваная падчас Другой сусьветнай вайны для абароны тылу Чырвонае Арміі, барацьбы з дэзэртырствам, шпіёнамі і дывэрсантамі, а таксама барацьбы зь «дзекабрысцкім сындромам» і вольнадумствам сярод савецкіх жаўнераў.

Галоўная ўправа контар-выведкі СМЕРШ была створаная 19 красавіка 1943 году пры Народным камісарыяце абароны СССР. Поўная назва структуры гучала, як «Главное управление контрразведки СМЕРШ Народного комиссариата обороны СССР» («Галоўнае ўпраўленьне контарвыведкі СМЕРШ Народнага камісарыяту абароны СССР»). Ачоліў ведамства Віктар Абакумаў, падпарадкаваны непасрэдна Сталіну. Адначасова існаваў аддзел СМЕРШ у народным камісарыяце Ваенна-марскіх сіл СССР.

Напярэдадні нападу гітлераўскае Нямеччыны на СССР, у лютым 1941 году з адзінае сыстэмы органаў НКВД СССР, што існавала з 1934 году, быў выдзелены асобны Народны камісарыят дзяржаўнае бясьпекі. Ваенная контарвыведка падпарадкоўвалася НК абароны і ваенна-марскога флёту (НКО і НКВМФ). У НКВД СССР ад былое Галоўнае ўправы дзяржаўнае бясьпекі застаўся толькі 3-і аддзел, які ажыцьцяўляў контарвыведчае забесьпячэньне памежных і ўнутраных воскаў. Каардынацыя дзейнасьці асобных галінаў сыстэмы спэцслужбаў ускладалася на створаны для гэтага Цэнтральны Савет.

Меней чым празь месяц пасьля пачатку вайны — 17 ліпеня 1941 году — органы 3-е ўправы НКО зноў ператварыліся ў асобыя аддзелы НКВД СССР. Вэртыкаль органаў ваеннай контарвыведкі ўзначаліла Ўправа асобых аддзелаў НКВД на чале зь Віктарам Абакумавам. Ва ўмовах імклівага нямецкага наступу контарвыведка атрымала шырокія паўнамоцтвы па кантролю за гнанай усё далей у тыл Чырвонай арміяй.

З пачатку вайны па 1 сьнежня 1941 году адмысловымі аддзеламі былі арыштаваныя 35 738 чалавек, у тым ліку «шпіёнаў» — 2343, «дывэрсантаў» — 669, «здраднікаў» — 4647, «панікёраў і трусаў» — 3325, «дэзэртыраў» — 13 887, «распаўсюднікаў правакацыйных чутак» — 4295, «самастрэльцаў» — 2358, «за бандытызм і марадэрства» — 4214. Растраляна па прысудах — 14 473, зь іх публічна, перад шыхтам — 411. Па дадзеных НКВД на 8 жніўня 1942 году органамі дзяржбясьпекі з пачатку вайны былі арыштаваныя 11 765 «нямецкіх агентаў».

На Ўсходнім фроньце дзейнічалі больш за 130 выведчых дывэрсійных каманд SD і Abwehr, функцыянавала каля 60 школаў, што падрыхтоўвалі агентуру для закіду ў тыл Чырвонае Арміі. Акрамя таго шырылася падтрымка акупантаў з боку насельніцтва Беларусі, Украіны, Балтыі, Расеі. На баку нацыстаў супраць Чырвонае арміі ваявалі некалькі мільёнаў савецкіх грамадзянаў.

Разгром Чырвонае арміі ў першыя месяцы вайны прымусіў камуністычнае кіраўніцтва цэнтралізаваць кіраўніцтва абаронай і шпіёнскай службай.

Указам Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету СССР ад 9 кастрычніка 1942 году была зьменшаная роля паліторганаў, якія ажыцьцяўлялі кіраўніцтва «асабістамі» на палкавым узроўні. Пастановай Савету народных камісараў СССР ад 19 красавіка 1943 году. Упраўленьне асобых аддзелаў НКВД ператвараецца ў Галоўнае ўпраўленьне контарвыведкі СМЕРШ НКО СССР. Замест абцякальнае абрэвіятуры «особые отделы» камуністычная ваенная контарвыведка атрымала ў якасьці найменьня лёзунг «Смерть шпионам!». На базе 9-га аддзелу УОО НКВД СССР ствараецца Ўпраўленьне контарвыведкі СМЕРШ НКВМФ СССР.

Зафронтавая дзейнасьць

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Было цэнтралізаванае кіраваньне зафротнавай дзейнасьцю: каардынацыя падрыхтоўкі агентуры для выкананьня задачаў за лініяй фронту, аналізаваць матэрыялы аб рабоце органаў і школаў выведкі нацыстаў, іх асабістым складзе стаў 4-ы аддзел ГУКР СМЕРШ.

З красавіку 1943 па люты 1944 году ў органы і школы Abwehr і SD былі засланыя 75 савецкіх шпіёнаў. Былі арыштаваныя 176 нямецкіх дывэрсантаў.

Па афіцыйных зьвестках з 1 кастрычніка 1943 па 1 траўня 1944 году савецкай контарвыведкай у тыл немцаў былі перакінутыя 345 агентаў, у тым ліку 50 перавербаваных нямецкіх выведчыкаў.

Некаторыя агентам камуністаў атрымалася пранікнуць у фармаваньні Расейскае вызваленчае арміі (РОА) генэрала Ўласава, пераманіць да 1202 чалавекі на савецкі бок, дзе іх чакаў расстрэл ці савецкія канцлягеры.

Дзейнасьць СМЕРШ на савецкім тыле

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У першую чаргу дзейнасьць СМЕРШ была накіраваная супраць г.зв. «антысавецкіх элемэнтаў» — тых, хто выказваў сумнеў у правільнасьці савецкага ладу сярод жаўнераў Чырвонае Арміі. Барацьба зь іншадумствам набыла для савецкага рэжыму актуальнасьць пад час вайны, калі людзі адчулі сябе раскаваней і свабодней, а па той бок лініі фронту ваявала шматтысячная Расейская вызваленчая армія. СМЕРШ быў у першую чаргу рэпрэсіўны, а ня контарвыведчы апарат.

СМЕРШ нават меў права праводзіць расьсьледаваньні ўнутры НКВД, нават начальства савецкае тайнае паліцыі не былі абароненыя ад ваеннай супрацьвыведкі. Любы начальнік пры малейшым падазрэньні аб яго ўдзеле ў змове ці шпіянажы мог трапіць у катавальні СМЕРШ, дзе зь яго выбівалі прызнаньне, потым давалі прысуд на паказным судзе і стралялі альбо ссылалі ў канцлягер.

У дзейнасьць СМЕРШ таксама ўваходзіла «фільтраваньне» жаўнераў, якія вярталіся з палону, і насельніцтва на вызваленых ад нацыстаў тэрыторыях. Арганізацыяй гэтага займаўся 2 аддзел ГУКР СМЕРШ НКО СССР пад началам палкоўніка Карташова. Пераважная большасьць вызваленых савецкіх ваеннапалонных адразу накіроўвалася ў якасьці гаматнага мяса ў штрафныя баталёны ці (пасьля вайны) ў канцэнтрацыйныя лягеры ГУЛАГ.

Адразу пасьля траўня 1945 году хаўрусьнікі СССР па антыгітлераўскай кааліцыі пачалі вяртаць на радзіму многіх савецкіх грамадзянаў супраць іх волі. У выніку гэтага мінімум адзін мільён чалавек зьмянілі нацысцкія канцлягеры на савецкія.

Дакладных зьвестак аб тым, колькі чалавекаў апынуліся ў руках СМЕРШ, няма, бо многія дакумэнты былі зьнішчаныя альбо дагэтуль недасягальныя для незалежных дасьледчыкаў. Паводле афіцыйных зьвестак, праз жорны СМЕРШ прайшлі больш за чатыры мільёны ваеннапалонных. Зь дзясяткаў тысячаў людзей пыткамі выбіваліся прызнаньні ў супрацоўніцтве зь Нямеччынай.

За час вайны празь СМЕРШ у канцэнтрацыйныя лягеры былі памешчаныя каля дзьвюхсот з паловай соцень тысячаў чалавекаў, расстраляныя парадка сямідзесяці тысячаў. Дажылі да вяртаньня зь лягераў і памерлі сваёй сьмерцю адзінкі зь вязьняў.

Пасьля заканчэньня вайны СМЕРШ быў даручаны захоп Адольфа Гітлера ці прынамсі знаходжаньне ягонага цела. Чырвонаармейскія афіцэры і аґенты СМЕРШ знайшлі труп Гітлера каля ягонага бункеру пасьля яго самагубства. Пасьля расьсьледваньня абставінаў сьмерці нацысцкага фюрэра, труп быў сакрэтна пахаваны ў Маґдэбурґу.

СМЕРШ зрабіў нямала для таго, каб пабудаваць па сваім узоры спэцслужбы камуністычных рэжымаў у НДР, Чэхаславаччыне. Акрамя таго на тэрыторыі Нямеччыны і Польшчы на некалькі год былі захаваныя нацысцкія канцэнтрацыйныя лягеры, у якія пачалі памяшчацца «праціўнікі сацыялістычнага выбару».

У 1946 годзе СМЕРШ быў падпарадкаваны Народнаму камісарыяту абароны, які потым быў ператвораны ў Міністэрства абароны.

  1. ^ Васіль Быкаў. Апавяданьне «Пакахай мяне, салдацік» // «Беларуская Палічка», 2019 г. Праверана 14 верасьня 2020 г.
  2. ^ Васіль Быкаў. Доўгая дарога дадому (34. Палкоўнік і сьмерш) // Бібліятэка «Беларуская Палічка», 2019 г. Праверана 14 верасьня 2020 г.