Перайсьці да зьместу

Рыгор Шкраба

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Рыгор Шкраба
Дата нараджэньня 17 сакавіка 1919(1919-03-17)
Месца нараджэньня
Дата сьмерці 25 чэрвеня 1997(1997-06-25) (78 гадоў)
Месца вучобы
Занятак літаратуразнаўца, літаратурны крытык
Месца працы
Узнагароды

Рыгор Васілевіч Шкраба (17 сакавіка 1919, в. Краснадворцы, Слуцкі павет, Менская губэрня — 25 чэрвеня 1997) — беларускі крытык, літаратуразнавец.

Нарадзіўся 17 сакавіка 1919 году ў в. Краснадворцы Слуцкага павету Менскай губэрні ў сялянскай сям’і. Пасля заканчэньня Старобінскай дзесяцігодкі ў 1939 годзе паступіў на беларускае аддзяленьне філялягічнага факультэту Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту.

У пачатку нямецка-савецкай вайны эвакуіраваўся ў Сьвярдлоўск, дзе паступіў на трэці курс пэдагагічнага інстытуту. Цяжкія матэрыяльныя ўмовы вымусілі кінуць вучобу. Працаваў выкладчыкам расейскай мовы і літаратуры ў Слабода-Турынскай сярэдняй школе Сьвярдлоўскай вобласьці. У 1944 годзе аднавіў вучобу ва унівэрсытэце, які скончыў у 1946 годзе. Заняткі спалучаў з працай — быў літаратурным кансультантам у рэдакцыі газэты «Звязда». З 1946 па 1957 гады быў літаратурным супрацоўнікам, выконваючым абавязкі адказнага сакратара, загадчыкам аддзелу літаратуры ў газэце «Літаратура і мастацтва». З 1957 году — у рэдакцыі часопісу «Полымя», працаваў літаратурным супрацоўнікам аддзелу крытыкі і літаратуразнаўства, з 1959 па 1979 гады — рэдактар гэтага аддзелу. Сябра Саюзу пісьменьнікаў СССР з 1948 году.

Памёр 25 чэрвеня 1997 году.

Першыя рэцэнзіі і артыкулы надрукаваў у 1940 годзе ў часопісы «Савецкая школа» і рэспубліканскіх газэтах. З 1945 году стала выступаў з літаратуразнаўчымі і крытычнымі працамі. Выдаў кнігі літаратурна-крытычных артыкулаў «Сіла слова» (1958), «Характар, стыль, дэталь» (1965), «Літаратура і мова» (1969), «Энергія слова» (1988). Выходзілі выбраныя творы: «Скарбы» (1973) і «Моваю вобразаў» (1989). У суаўтарстве з дачкой Ірынай Шкрабай выдаў тлумачальны слоўнік беларускіх прыказак і прымавак «Крынічнае слова» (1987).

Выступаў у друку па праблемах выкладаньня беларускай літаратуры ў школе. Напісаў падручнікі «Беларуская савецкая літаратура» для 10 клясы і «Беларуская савецкая літаратура» для 11 клясы. На рэспубліканскім конкурсе ў 1972 годзе за падручнік па беларускай літаратуры аўтару прысуджана першая прэмія. Суаўтар хрэстаматыі «Родная літаратура» для 5 клясы.

  • Шкраба, Р. Людзі на дарогах: аўтабіяграфія // Шкраба Р. Пра час і пра сябе. — Менск, 1966.
  • Шкраба, Р. Крынічнае слова: тлумачальны слоўнік беларускіх прыказак і прымавак; суаўтар І. Шкраба. — Менск, 1987.
  • Шкраба, Р. Літаратура і мова. — Менск, 1969.
  • Шкраба, Р. Моваю вобразаў: выбранае. — Менск, 1989.
  • Шкраба, Р. Сіла слова. — Менск, 1958.
  • Шкраба, Р. Скарбы. — Менск, 1973.
  • Шкраба, Р. Характар, стыль, дэталь. — Менск, 1965.
  • Шкраба, Р. Энергія слова. — Менск, 1988.
  • Заслужаны работнік культуры Беларускай ССР (1978)[1],
  • Літаратурная прэмія імя Івана Мележа (1989) за кнігу «Энергія слова».