Перайсьці да зьместу

Піліп Кізевіч

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Пілі́п Кізе́віч (15 лістапада 1898, в. Стральцы, Гарадзенскі павет17 студзеня 1985, Беласток) — беларускі грамадзка-палітычны дзяяч.

У верасьні 1926 году — скарбнік Гарадзенскага павятовага камітэту БСРГ. Сябра Гарадзенскай гарадзкой управы ТБШ на 23 сакавіка 1927 году. На выбарах у сойм 1928 году ўваходзіў у склад Беларускага сялянска-работніцкага саюзу.

На зьезьдзе павятовых дэлегатаў ТБШ у Горадні 12 ліпеня 1928 году быў абраны скарбнікам Гарадзенскага акруговага і павятовага праўленьняў ТБШ. Удзельнік Гарадзенскага акруговага зьезду ТБШ 14 кастрычніка 1928 году, дзе абраны дэлегатам на агульны сход ТБШ у Вільні. Сябра Галоўнай управы ТБШ.

На яго імя было аформлена валоданьне беларускай кнігарняй у Горадні. Арыштаваны паліцыяй 7 ліпеня 1929 году.

Пасьля Другой сусьветнай вайны жыў у Польшчы. Сябра праўленьня Беларускага грамадзка-культурнага таварыства ў Беластоку. Дырэктар беластоцкіх вадаправодаў[1].

У студзені 1956 году Юры Туронак адведаў Піліпа Кізевіча ў Беластоку. Маючы вопыт шматгадовай дзейнасьці ў Таварыстве беларускай школы і іншых заходнебеларускіх арганізацыях, ён крытычна ацэньваў прапагандысцкі шум вакол стварэньня БГКТ і падкрэсліў, што прыгожыя словы ня могуць абяцаць посьпеху ў аднаўленьні беларускага руху на Беласточчыне, пакуль ня будуць створаны новыя кадры ідэйных і кваліфікаваных дзеячаў. «Такіх кадраў у нас пакуль што няма, — працягваў Кізевіч, — таму ўсю работу трэба пачынаць ад іх узгадаваньня»[2]. Ён заклікаў Юрыя Туронка ўключыцца ў падрыхтоўку надзейных дзеячаў і прасіў накіроўваць яму адпаведных кандыдатаў.

Пахаваны на могілках каталіцкай парафіі Усіх Сьвятых у Беластоку.

  1. ^ Сакрат Яновіч. Не жаль пражытага(недаступная спасылка) // Бібліятэка Беларускага літаратурнага аб’яднаньня Белавежа (40), Беласток 2002, 190 с.
  2. ^  Туронак, Юры За кардонам Бацькаўшчыны: успаміны / Г. Сагановіч. — Менск: Медысонт, 2010. — С. 131. — 276 с. — (Бібліятэка ч-су Беларускі гістарычны агляд). — ISBN 978-985-6887

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]