Перайсьці да зьместу

Пунсовая чума

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Пунсовая чума
The Scarlet Plague
Вокладка першага выданьня
Жанр: навуковая фантастыка
Аўтар: Джэк Лёндан
Мова арыгіналу: ангельская
Публікацыя: 1912
Выдавецтва: Macmillan

«Пунсо́вая чума́» (па-ангельску: The Scarlet Plague) — постакапаліптычны раман Джэка Лёндана, упершыню апублікаваны ў «Лёнданскім часопісе» ў 1912 року.

Падзеі раману адбываюцца ў 2073 року, праз 60 гадоў пасьля ўспышкі эпідэміі «пунсовай чумы», якая вынішчыла амаль усё чалавецтва. Адным з тых, хто здолеў яе перажыць, зьяўляецца Джэймз Сьміт, які цяпер жыве ў мясьціне ля колішняга Сан-Францыска. Раман пачынаецца зь ягонай вандроўкі разам з унукамі Эдўінам, Гу-Гу і Заечай Губой — маладзёнамі, якія ў гэтым абязьлюдзелым сьвеце жывуць звычайным паляваньнем і зьбіральніцтвам(en). Іхні інтэлект і лексыка значна абмежаваныя, часта яны проста не разумеюць дзядулю.

На прывале Эдўін зьвяртаецца да Сьміта (якога яны называюць «Старым»), каб той распавёў ім пра «пунсовую сьмерць» (не разумеючы слова «пунсовы», называюць яе проста «чырвонай сьмерцю» або «чырвонай чумой»).

Сьміт расказвае пра сваё жыцьцё да эпідэміі, калі ён выкладаў ва ўнівэрсытэце ангельскую мову. У 2013 року, «праз год пасьля прызначэньня Радай магнатаў на пасаду прэзыдэнта ЗША Моргана Пятага», зьявілася пошасьць, якая хутка пачала распаўсюджвацца па ўсёй Зямлі. Хворыя рэзка пунсавелі, асабліва з твару, ды пруцянелі. Ад зьяўленьня першых сымптомаў да сьмерці мінала каля 30 хвілінаў. Лекары і навукоўцы не далі рады зь лекамі, і ўсе, хто дасьледаваў хваробу, неўзабаве самі заразіліся й паўміралі. Джэймз Сьміт спрабаваў патлумачыць унукам пра бактэрыі, якія зьяўляліся носьбітамі хваробы, аднак тыя адмаўляюцца верыць у тое, чаго ня могуць убачыць.

Джэймз Сьміт заўважыў першую хворую на сваім занятку ва ўнівэрсытэце: раптам адна зь ягоных студэнтак стала пунсовай з твару. Пасьля ейнай сьмерці ва ўнівэрсытэце пачалася паніка. Сьміт застаецца ва ўласным доме адзін, бо ўсе лякаюцца, што той можа быць заразным. Тым часам пошасьць распаўсюджваецца, і жыхары Сан-Францыска пачынаюць рабаваць ды забіваць адзін аднаго. Каб выжыць, Сьміт змаўляецца з калегамі перачакаць эпідэмію, зачыніўшыся ў будынку іхняга хімічнага коледжу. Аднак пагроза ад месьцічаў прымушае іх вырашыцца на сыход у бясьпечнейшыя мясьціны.

Па дарозе на поўнач усе Сьмітавы спадарожнікі паміраюць ад заразы; тры гады ён жыў сам у кампаніі поні і двух сабакаў. Канец канцоў патрэба ў грамадзтве прывяла яго назад да Сан-Францыска, дзе ён знайшоў іншых выжылых, што арганізаваліся ў розныя плямёны.

Джэймз Сьміт непакоіцца, што застаўся, магчыма, апошнім з тых, хто памятае жыцьцё да чумы. Ён маркоціцца па якаснай ежы, стане, сваёй працы, тэхналёгіях. Усьведамляючы, што яму засталося мала часу, ён спрабуе перадаць веды і мудрасьць унукам. Аднак тыя цалкам адвяргаюць ягоныя словы пра неймаверную мінуўшчыну, бо цалкам ня вераць у іх.

«Пунсовая чума» была напісаная ў 1910 року, аднак апублікаваная толькі ў травеньска-чэрвеньскім выданьні «Лёнданскага часопісу». У 1915 року ў выдавецтве «Macmillan» была выдадзеная асобнай кнігай. У 1949 року раман перадрукаваны ў лютаўскім нумары часопісу «Famous Fantastic Mysteries».

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]