Перайсьці да зьместу

Проффесор

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Віктар Януковіч
Вонкавыя выявы
Фота анкеты Януковіча, дзе было дапушчанае напісаньне «проффесор», 10 радок.

Проффесор (ад укр. професор — «прафэсар») — шырокарастыражаваная ва ўкраінскіх СМІ памылка тагачаснага кандыдата на пост прэзыдэнта Ўкраіны Віктара Януковіча, дапушчаная ім у 2004 годзе. Пры запаўненьні асабістых зьвестак, што патрабаваліся для складаньня анкеты кандыдата ў прэзыдэнты Ўкраіны падчас выбараў 2004 году, Януковіч дапусьціў некалькі граматычных і артаграфічных памылак, сярод якіх найбольш вядомай стала няправільнае напісаньне навуковай ступені професор[1]. Агулам Віктар Януковіч дапусьціў дванаццаць памылак у 90 словах анкеты[1].

Напісаньне «проффесор» набыло шырокі розгалас у часы Аранжавае рэвалюцыі і стала неафіцыйнай мянушкай Януковіча, стаўшы аб’ектам сарказму й высьмейваньня ў сродках масавай інфармацыі. Паводле матываў гэтага напісаньня быў зьняты анімацыйны сэрыял «Операція Проффесор» анімацыйнае студыі «Веселі яйця», дзе ў якасьці галоўнага героя выступаў Віктар Януковіч.

З гэтага часу слова набыло новае значэньне, стаўшы своеасаблівым эўфэмізмам непісьменнасьці ня толькі Януковіча, але й іншых палітыкаў і дзяржаўных асобаў. Як сьцьвярджаюць некаторыя СМІ, напісаньне «проффесор» стала сымбалем атрыманьня незаслужаных званьняў, тытулаў або несапраўдных кваліфікацыяў шляхам махлярства, подкупу альбо выкарыстаньня службовага становішча[2]. У прыватнасьці, у публікацыях украінскае прэсы тэрмін «проффесор» выкарыстоўваўся таксама адносна тагачаснага міністра юстыцыі Рамана Зварыча і нявысьветленых старонак ягонае біяграфіі, а менавіта прэтэнзіяў на няісную навуковую ступень у ЗША[3].

Моўныя, геаграфічныя й гістарычныя памылкі палітыкаў не зьяўляюцца ўнікальнай для Януковіча або для Ўкраіны ўвогуле зьявай. Так, іншым палітыкам, які даволі часта высьмейваўся ў СМІ з прычыны лягічных і моўных памылак, стаў былы прэзыдэнт ЗША Джордж Буш. Асаблівая манэра выказваньня колішняга прэзыдэнта краіны й ягоныя шматлікія памылкі атрымалі назву бушызмаў і сталі аб’ектам высьмейваньня ў прэсе й тэлебачаньні шматлікіх краінаў сьвету.