Партызанскі атрад атамана Піўня

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Партызанскі атрад атамана Піўня
Гады існаваньня 1932
Тып партызаны
Функцыя змаганьне з савецкай уладай
Вядомыя камандзіры Фёдар Півень

Партызанскі атрад атамана Піўня — антысавецкі атрад, створаны заможным селянінам Фёдарам Філіпавічам Піўнем.

Перадумовы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Калектывізацыя ва ўкраінска-беларускім сумежжы праводзілася надзвычай жорстка. Практычна ўсіх вяскоўцаў запісвалі ў калгасы з мусу, а тых, хто адмаўляўся, у адміністрацыйным парадку высылалі на Поўнач, прытым майно іх усё адно канфіскоўвалася.

Была, аднак, невялічкая катэгорыя заможных сялянаў, якім дазвалялі не ўступаць у калгасы ў абмен на вялікі падатак. Адным з такіх быў Фёдар Півень — жыхар вёскі Бязуглаўкі Сноўскага раёну Чарнігаўшчыны, што блізка ад беларускай мяжы. У 1931 годзе ён ня змог сплаціць дзяржаве падатак, за што атрымаў тэрмін у паўтара гады лягераў, але ж пасьпеў уцячы ў лес і арганізаваў тамака узброены атрад супраціву.

Фёдара Піўня, паводле мясцовай традыцыі, адразу абвесьцілі «бацькам» і «атаманам». Па хуткім часе да яго пацягнуліся незадаволеныя сяляне.

Шлях атраду[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Спачатку партызанскі атрад Фёдара Піўня дзейнічаў пасьпяхова. Паўстанцы стралялі савецкіх актывістаў, прысланых пераважна з РСФСР, а таксама супрацоўнікаў ГПУ, якіх люта ненавідзелі. Але ніякіх стратэгічных плянаў Півень і ягоныя людзі ня мелі.

Адсутнасьць прадуманае стратэгіі разумеў ня толькі Фёдар Півень, але й удзельнікі ягонага атраду. Для паляпшэньня настрою паўстанцаў «бацька-атаман» прыдумляў самыя неверагодныя навіны, напрыклад, што ўжо ідуць баі за Гомель і, каб перамагла інтэрвэнцыя, трэба партызаніць.

Налёты на сельсаветы, аддзелы міліцыі і хаты бальшавіцкіх актывістаў тым часам працягваліся.

Савецкая ўлада адрэагавала на паўстанцаў імгненна: справу ўзяў на кантроль начальнік украінскага АДПУ Ізраіль Майсеевіч Ляплеўскі. Атрад Піўня быў абвешчаны «палітычнай бандай», на яго пошукі выправілі зводны атрад чакістаў з Кіева, Чарнігава й Гомеля. Але ж злавіць інсургентаў не выпадала: украінска-беларускае сумежжа — край лясных гушчароў і непраходных балотаў. Пасьля безвыніковых спробаў ліквідаваць партызанаў чакісты цалкам выпалілі балоты, дзе тыя хаваліся. Частка паўстанцаў патрапіла ў палон, але сам Фёдар Півень разам з пляменьнікам Андрэем уцяклі ў Гомель. У Гомлі «бацька-атаман» уладкаваўся на чыгунку, дзе й пачаў асьцярожна зандаваць настроі рабочых і сялянаў, песьцячы думку пра чарговы паўстанцкі атрад. Са сьледчай справы невядома, ці атрымалася ў Фёдара Піўня арганізаваць такі атрад, але ж праз год ён быў выкрыты ў Гомлі агентамі тутэйшага ГПУ.

Прысуд[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Частка арыштаваных паўстанцаў пагадзілася сьведчыць супраць «бацькі-атамана», частка адмовілася. Прысуд быў вынесены 27 лістапада 1933 году. Паводле яго, атамана Піўня расстралялі праз 3 дні, а ягоны пляменьнік мусіў сядзець 10 гадоў у ГУЛАГу, аднак ягоны лёс невядомы.

Склад[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

З паказанняў абвінавачанага Цераховіча:

12 траўня 1932 году, знаходзячыся ў лесе ў колькасьці 5 чалавек, пры 3 стрэльбах і адным абрэзе, Півень Ф. Ф. распавёў нам пра тое, што ў сяло Еліна для далучэньня да нас выйшла восем чалавек.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]