Перайсьці да зьместу

Партал:Тэхніка/Уступ

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
антыкітэрскі мэханізм (рэканструкцыя)

Тэхніка (па-старажытнагрэцку: τεχνικός ад па-старажытнагрэцку: τέχνηмастацтва, майстэрства) — сукупнасьць сродкаў чалавечай дзейнасьці, створаных для ажыцьцяўленьня працэсаў вытворчасьці і абслугоўваньня невытворчых патрэбаў грамадзтва. Таксама азначае навыкі і прыёмы ў нейкім відзе дзейнасьці — тэхніка шахматнай гульні, тэхніка танца, тэхніка ігры на фартэпіяна і падобнае. У тэхніцы матэрыялізаваныя веды і вытворчы досьвед, набытыя чалавецтвам у працэсе разьвіцьця. Тэхніка аблягчае працоўныя намаганьні чалавека і павышае іх эфэктыўнасьць, дае магчымасьць пераўтвараць прыроду. Па меры разьвіцьця тэхніка замяняе чалавека ў выкананьні тэхналягічных функцый, зьвязаных з фізычнай і разумовай працай. Тэхніка ўдзейнічае на прадметы працы пры стварэньні матэрыяльных і культурных даброт; выкарыстоўваецца для атрыманьня, перадачы і ператварэньня энэргіі; дасьледаваньня законаў разьвіцьця прыроды і грамадзтва; перамяшчэньня і сувязі; збору, зьбераганьня і перадачы інфармацыі; кіраваньня грамадзтвам; бытавога абслугоўваньня; вядзеньня вайны і забесьпячэньня абароны. Агульнапрынятай клясыфікацыі тэхнікі няма. Паводле функцыянальнага прызначэньня адрозьніваюць тэхніку вытворчую, бытавую, навуковых дасьледаваньняў, адукацыі і культуры, ваенную, мэдыцынскую і іншую. Асноўную частку тэхнічных сродкаў складае вытворчая тэхніка, да якой належаць машыны, мэханізмы, інструмэнты, апаратура кіраваньня машынамі і тэхналягічнымі працэсамі, вытворчыя будынкі і збудаваньні, чыгункі, масты, рухомы састаў, сродкі камунікацыі, сувязі. Паводле галіновай структуры вытворчасьці адрозьніваюць тэхніку прамысловасьці, транспарту, сельскай гаспадаркі; паводле прыналежнасьці да асобных структурных падразьдзяленьняў вытворчасьці — авіяцыйную, мэліярацыйную, энэргетычную; паводле прыроднай асновы асобных галін тэхнікі — атамную, халадзільную, вылічальную і іншае….:::::::::::::::: чытаць далей