Паралель
Парале́ль, раўналежнік — лінія сячэньня паверхні зямнога шара плоскасьцю, паралельнай плоскасьці экватара.
На глёбусе паралель малюецца ў выглядзе акружыны, усе пункты якой роўнападаленыя ад экватара. Даўжыні паралеляў розныя — яны павялічваюцца пры набліжэньні да экватара й памяншаюцца да полюсаў. Усе пункты адной паралелі маюць аднолькавую шырату, але розную даўгату. Экватар — самая доўгая паралель. Для вылічэньня даўжыні аднаго градусу дугі адвольнай паралелі можна памножыць 111,3 км (даўжыню дугі экватарыяльнай паралелі ў 1 градус) на косынус вугла, які адпавядае шукаемай паралелі.
Прынята вызначэньне экватара як нулявой паралелі. Паўночны полюс мае шырату ў +90 градусаў, паўднёвы — у −90°. Адлегласьць паміж дзьвюма паралелямі, якія адрозьніваюцца на 1 градус, — прыкладна 111 км.
Паралелі (акрамя экватара) не зьяўляюцца артадраміямі, гэта значыць найкарацейшымі лініямі на паверхні паміж любымі іхнымі двума пунктамі.