Перайсьці да зьместу

Палітычная культура

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Паліты́чная культу́ра (тэрмін прапанаваў у 18 стагодзьдзі Гердэр) — сыстэма ўстойлівых перакананьняў і мадэляў паводзінаў, што склаліся гістарычна і выяўляюцца ў непасрэднай дзейнасьці суб’ектаў палітыкі: у іхных адносінах да адзін да аднаго, да саміх сябе і да палітычнай сыстэмы, у межах якой яны існуюць.

Палітычная культура выяўляецца ня толькі ў палітыцы, але і пры ўзаемадзеяньні эканомікі ды палітыкі, палітыкі і права, палітыкі і маралі.


Ідэнтыфікатары праяваў палітычнай культуры:

  1. Адносіны людзей да палітыкі (актыўнае, нэўтральнае, антаганістычнае)
  2. Адносіны да дзяржавы, палітычных партыяў і арганізацыяў
  3. Тыповая арыентацыя на палітычныя каштоўнасьці, такія як свабода, роўнасьць, справядлівасьць, талеранцыя і г. д.
  4. Спэцыфіка палітычнае мовы


Паказьнікі, па якіх можна меркаваць пра палітычную культуру краіны:

  • Культура электаральнага працэсу (асноўная прыкмета высокай культуры — гэта правядзеньня ў краіне выбараў, а не галасаваньня, як гэта было, да прыкладу, у СССР)
  • Культура прыняцьця палітычных рашэньняў на розных узроўнях
  • Культура ўспрыняцьця і рэгуляваньня канфліктаў (іх трэба ўспрымаць як стымул да разьвіцьця і вырашаць на сваю карысьць)
  • Культура функцыянаваньня дзяржаўных і грамадзкіх установаў (напрыклад, па прыкмеце карумпаванасьці, бюракратызму)


У 1960-я гады амэрыканцы Г.Алмонд і С.Вэрба ў сваёй працы «Грамадзянская культура. Палітычныя адносіны і дэмакратыя ў пяці краінах» (на прыкладзе ЗША, Вялікай Брытаніі, Італіі, Францыі ды Мэксыкі) прапанавалі наступную клясыфікацыю палітычнай культуры:

  1. Патрыярхальная, ці традыцыяналісцкая палітычная культура (выяўляецца пры станаўленьні палітычнай культуры ў слабаразьвітых краінах; характарызуецца арыентацыяй на важдзя, лідара; адносіны рэгулююць традыцыі, звычаі)
  2. Тып падданага (людзі арыентуюцца на дзяржаву, пазыцыя індывіда наступная: я бясьсільны, я чыйсьці падданы)
  3. Актывісцкі тып (чалавек — грамадзянін з роўнымі правамі, яго палітычная актыўнасьць падтрымліваецца, ён адчувае сябе ўдзельнікам палітычных падзеяў)

Але ў большасьці выпадкаў існуюць, натуральна, зьмяшаныя тыпы.