Палацава-паркавы комплекс Храпавіцкіх (Каханавічы)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Помнік грамадзянскай архітэктуры
Палацава-паркавы комплекс Храпавіцкіх
Палац Храпавіцкіх
Палац Храпавіцкіх
Краіна Беларусь
Вёска Каханавічы
Каардынаты 55°52′51.38″ пн. ш. 28°6.55′56″ у. д. / 55.8809389° пн. ш. 28.12472° у. д. / 55.8809389; 28.12472Каардынаты: 55°52′51.38″ пн. ш. 28°6.55′56″ у. д. / 55.8809389° пн. ш. 28.12472° у. д. / 55.8809389; 28.12472
Дата скасаваньня 1918
Палацава-паркавы комплекс Храпавіцкіх на мапе Беларусі
Палацава-паркавы комплекс Храпавіцкіх
Палацава-паркавы комплекс Храпавіцкіх
Палацава-паркавы комплекс Храпавіцкіх

Палацава-паркавы комплекс Храпавіцкіх — помнік архітэктуры і садова-паркавага мастацтва XIX ст. у Каханавічах. Знаходзіцца на поўнач ад колішняга мястэчка. Твор архітэктуры клясыцызму.

Складаўся з драўлянага палаца, гаспадарчых пабудоваў і парку. У 1918 годзе палац згарэў, захаваліся фрагмэнты парку.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Драўляны палац на мураваных сутарэньнях у Каханавічах збудаваў у першай чвэрці XIX ст. Яўстах Храпавіцкі. Сядзібны парк, відаць, заснавалі ў даўнейшыя часы.

У 1918 годзе палац спалілі.

Архітэктура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Палац — помнік архітэктуры клясыцызму. Гэта быў прастакутны ў плян будынак партэравага тыпу, збудаваны з моранага дрэва і пастаўлены на высокія мураваныя сутарэньні. Роўны галоўны фасад вылучалася ў цэнтры 4-калённым ганкам з бальконам (дабудаваны ў пачатку XX ст.), які падзяляўся на дзьве часткі па ўзроўні мяжы між сутарэньнямі і партэрам. Да замураванай з усіх бакоў дольнай часткі далучаліся шырокія сходы, у горнай частцы між калёнамі былі замкнутыя паўкружжамі сьценкі. Паркавы фасад з бакавых восяў меў кароткія крылы, што ўтваралі з галоўным корпусам літару «С» (першая літара прозьвішча Сhrapowіскі), а таксама 3-сьценны рызаліт усярэдзіне, што дазваляла бачыць палац у пляне як літару «Е» (першая літара ад імя Еustachу). Уздоўж гэтай сьцяны цягнулася галерэя з шырэйшымі ўсярэдзіне і вузейшымі з бакоў сходамі, што вялі ў парк. Абедзьве бакавыя сьцяны былі роўнымі. Вонкавыя сьцены палаца былі неатынкаванымі, у натуральным колеры дрэва. Палац накрываўся высокім ламаным, 4-схільным на галоўным корпусе і 2-схільным на крылах, гонтавым дахам, у ніжняй частцы якога з боку ўезду прабіваліся 11 вялікіх замкнутых паўкружжамі вокнаў. З боку парку толькі міжрызалітавыя праёмы мелі па адным акне падобнага выгляду.

У цэнтры ад фронту месьціўся вялікі пярэдні пакой, а з боку парку вялікі гасьцінны 8-кутны пакой з багатай аздобай, скампанаванай з дрэва розных гатункаў і колераў, выкладзены прастакутнымі і квадратнымі кафлямі. Салён абаграваўся з дапамогай высокіх роўных печаў, зь белай кафлі, дэкараванай авальнымі разьбянымі мэдальёнамі. Пасярод бакавых сьцен віселі вялікія люстры, а зь іх бакоў — габэлены. Усе астатнія пакоі мелі афармленьне ў стылі ампір. Ядальню, апроч партрэтаў продкаў, аздабляла таксама багатая калекцыя парцаляну. Бібліятэка налічвала некалькі тысячаў тамоў на польскай, францускай, нямецкай да іншых мовах. У багатым архіве роду захоўваўся, сярод іншага, шматтомны «Дыярыюш» ваяводы Яна Антонія Храпавіцкага. У палацы таксама захоўваліся памяткі пра францускага імпэратара Напалеона, які начаваў у шатры ў парку, — крышталёвы каламар і пяро.

Парк[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Парк меў плошчу 20 гектараў. Перад палацам месьціўся газон, аздоблены ўсярэдзіне клумбай. Насупраць ганка быў шырокі ўезд да палаца, узяты ў кулісы дрэваў, што атачалі газон. Бліжэй да цэнтральнага рызаліту з боку парку расла вялікая туя, а з бакоў сьцяжынкі, што перасякала газон, — пышныя ружы.

У тыльнай частцы парку да нашага часу захаваліся старыя ліпавыя алеі. З правага боку ад цэнтральнага газону былі гасьціныя пакоі, кухня, мытня. На супрацьлеглым баку ўзвышалася аранжарэя, у якой вырошчваліся пальмы, агавы ды іншыя экзоты. Недалёка стаяла таксама «ананасарыя». За гэтымі будынкамі цягнуўся сад плошча 10 гектараў[1].

Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Верхнядзвінскага р-на. Кн. 2. — Мн., 2000.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]