Ордэн італійскіх базылянаў кляштару Гротафэрата
Ордэн італійскіх базылянаў кляштару Гротафэрата (па-лацінску: Ordo Вasilianus Italiae, seu Cryptoferratensis) — каталіцкі ордэн бізантыйскага абраду. Прытрымліваецца статуту, складзеным сьвятым Васілём Вялікім.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Першыя кляштары бізантыйскага абраду зьявіліся ў Паўднёвай Італіі й Сыцыліі ў VIII—IX стст. Яны былі заснаваныя грэкамі, уцекачамі зь Бізантыі ў пэрыяд іканаборства. У 1004 годзе манах Ніл Расанскі заснаваў кляштар Найсьвяцейшай Панны Марыі ў Гротафэраце за 18 кілямэтраў ад Рыму. Пасьля Вялікай схізмы гэты і шэраг іншых кляштараў Паўднёвай Італіі працягваў практыкаваць бізантыйскую літургію і жыць паводле статуту сьвятога Васіля Вялікага, знаходзячыся ў зносінах са Сьвятым Пасадам у складзе італа-грэцкае (пазьней італа-альбанскае ўсходне-каталіцкае царквы). Практыка выкарыстаньня статуту Васіля Вялікага ў каталіцкай царкве канчаткова была ўзаконеная ў 1561 годзе папам Піюсам IV. 1 лістапада 1579 году згодна з энцыклікай Benedictus Dominus на падставе грэцкіх кляштараў у Цэнтральнай і Паўднёвай Італіі папа Грыгорыюс XIII заснаваў адзіную Італа-гішпанскую кангрэгацыю базылянаў з цэнтрам у Гротафэраце. Узначальваў яе протаархімандрыт.
Напачатку XVIII стагодзьдзя Ордэн быў далучаны да бэнэдыкцінаў, пачаўся працэс лацінізацыі. Ордэн быў амаль зьнішчаны ў канцы XVIII—XIX стст. у выніку палітыкі сэкулярызацыі, якая праводзілася ў Нэапалітанскім каралеўстве: на 1866 год усе кляштары базылянаў, акрамя Гротафэраты былі зачыненыя. Тым ня менш у 1880 годзе абатам Джузэпэ Коца-Луцы (памёр у 1905) была ўзноўленая бізантыйская традыцыя й распачатае адраджэньне Ордэну. У 1900 годзе была прынятая новая канстытуцыя. У 1937 годзе папа Піюс XII узьвёў абацтва Гротафэрата ў статут тэрытарыяльнага абацтва з прамым падначаленьнем Ватыкану. Абацтва ў цяперашні час уяўляе сабой самастойную адзінку ў складзе італа-альбанскае каталіцкае царквы. У 1998 годзе Ордэн налічваў 2 кляштары, 25 манахаў, зь якіх 15 — сьвятары.
Глядзіце таксама
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Крыніца: айцец Ісыдар Патрыла, «Католическая энциклопедия»