Нізінныя балоты

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Нізі́нныя бало́ты — травяныя або гіпнава-травяныя эўтрофныя балоты ґрунтавога сілкаваньня, найбольш багатыя мінэральнымі солямі.

Нізінныя балоты ўтвараюцца ў далінах рэк, па берагах азёр, у месцах выхаду крыніц.

Апісаньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сярэдняя частка гэтых балот ляжыць на адным узроўні з ускраінамі або ніжэй за іх, зрэдку паверхня нахіленая. Для нізінных балот характэрны эўтрофныя расьліны, патрабавальныя да мінэральных элемэнтаў.

Флёра[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Ва ўмераным клімаце гэта лясныя балоты з вольхай, бярозай, вярбой, хвояй, елкай, лазой або травяныя ці мохавыя балоты з асокамі, трысьнягом, чаротам, рагозамі, разнатраўем, гіпнавымі й сфагнавымі імхамі.

Фаўна[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Фаўна разнастайная: вадзяныя пацукі (Arvicola amphibius), палёўкі (Arvicolinae), выдры (Lutra), зрэдку бабры (Castor) і андатры (Ondatra), асабліва шмат птушак — кулікі (Charadrii), пагонічы (Porzana), драчы (Crex crex), гусі (Anser), качкі (Anatidae), вялікі вераценьнік (Limosa limosa), лугавы конік (Anthus pratensis), бакас (Gallinago gallinago), балотная сава (Asio flammeus).

Беларусь[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На Беларусі пашыраны на поўдні і паўднёвым захадзе, асабліва на Палесьсі і Цэнтральнабярэзінскай раўніне. Складаюць 82,7% плошчы ўсіх балотаў. Найбольшыя балоты — Аброўскае, Выганашчанскае балота, Вялікі Лес, Грычын, Паганянскае балота, Хольча, Старобінскае і інш.

Многія нізінныя балоты міліяруюцца й выкарыстоўваюцца пад сельскагаспадарчыя ўгодзьдзі.