Напад у саборы сьвятой Нядзелі
Напад у саборы сьвятой Нядзелі | |
Царква сьвятой Нядзелі пасьля атакі. Паштовая картка | |
Месца атакі | Сабор сьвятой Нядзелі (Сафія) |
---|---|
Цэль атакі | Ліквідацыя дзяржаўных і вайсковых дзеячоў Баўгарыі |
Дата |
16 красавіка 1925 (99 гадоў таму) 15:20 |
Спосаб атакі | Падрыў будынку |
Зброя | Бомба |
Колькасьць ахвяраў | 213 |
Колькасьць параненых | к. 500 |
Колькасьць тэрарыстаў | 6 |
Арганізатары | ВА БКП |
Напад у саборы сьвятой Нядзелі (па-баўгарску: Атентат в църквата «Света Неделя») — тэрарыстычная атака на праваслаўны Сабор сьвятой Нядзелі ў Сафіі (Баўгарыя), якая адбылася 16 красавіка 1925. Храм быў узарваны групоўкай з вайсковага крыла Баўгарскай камуністычнай партыі (БКП) з мэтай зьнішчыць вайскова-палітычную эліту цара Барыса III.
Пры выбуху на месцы загінулі 150 чалавек, яшчэ каля 500 былі параненыя[1]. Сярод загінулых былі мэр Сафіі, 11 генэралаў, 25 вышэйшых афіцэраў, шэф паліцыі. Прэм’ер-міністар і прадстаўнікі ўраду ацалелі, а цар Барыс III на цырымоніі не прысутнічаў.
Пасьля тэракту ў краіне было ўведзенае ваеннае становішча і разгарнуліся шырокія рэпрэсіі.
Падрыхтоўка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Пасьля здушэньня Верасьнёўскага паўстаньня 1923 року і забароны БКП Вярхоўным касацыйным судом Баўгарыі(bg) 2 красавіка 1924 Камуністычная партыя працягнула нелегальную дзейнасьць. Шматлікія ейныя актывісты былі арыштаваныя, і існаваньне арганізацыі апынулася пад пагрозай. Кіраўнікі партыі Георгі Дзімітраў і Васіль Калараў пасьпелі зьехаць у СССР. У гэтых умовах камуністы стварылі адмысловую карную групу ў складзе ЦК БКП, а вайсковае крыло партыі(bg) ладзіла індывідуальныя атакі з выкарыстаньнем малых групаў («шасьцёрак»). Аднак і гэта не замінала паліцыі досыць лёгка выкрываць і зьнішчаць нелегальныя структуры.
Прадстаўнікі ваенізаванага крыла Дзімітар Хаджыдымітраў і Дзімітар Златараў(bg) прапанавалі зьдзейсьніць забойства дырэктара паліцыі Ўладзімера Начава, а пры ягоным пахаваньні зьнішчыць і вялікую колькасьць ключавых фігураў у паліцыі. Сакратар ЦК Станке Дзімітраў ухваліў іхнюю ідэю, аднак яго не падтрымалі Георгі Дзімітраў і Васіль Калараў[2], генэральны сакратар Камінтэрну, якія лічылі, што пасьля гэтага мусіць наступаваць шырокамаштабнае народнае паўстаньне[3].
Тым часам становішча камуністаў усё пагаршалася. Пасьля арышту і закатаваньня да сьмерці Вылча Іванава(bg) 11 лютага 1925 урад прыняў папраўку ў Закон пра абарону дзяржавы, паводле якое сьмерцю каралася ня толькі сяброўства ў БКП, але й дапамога і ўкрыцьцё ейных чальцоў. 26 сакавіка быў забіты кіраўнік апэратыўнага аддзелу ВА Яка Даросіеў(bg). У такіх умовах кіраўніцтва ВА вырашае дзейнічаць нават без ухвалы Камінтэрну.
Выкананьне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У сьнежні 1924 партыя завэрбавала рызьнічага сабору сьвятой Нядзелі Пятра Задгорскага. Зь ягонай дапамогай група Вайсковай арганізацыі на чале з Пэтарам Абаджыевым пранесла на гарышча царквы 25 кг выбухоўкі на працягу некалькіх тыдняў. Яна была закладзеная ў адну з калёнаў асноўнага купалу ля паўднёвага ўваходу. Плянавалася ўзарваць яе з дапамогай 15-мэтровага шнуру, што давала арганізатарам час на ўцёкі.
Аднак з-за ўзмоцненай аховы на пахаваньні Ўладзімера Начава ВА вырашыла абраць іншую ахвяру — генэрала Канстанціна Георгіева(bg), дэпутата правячай партыі «Дэмакратычная згода». 14 красавіка ён быў забіты перад Сафійскім саборам, куды накіроўваўся на службу са сваёй унучкай. Ягонае пахаваньне было прызначанае на 16 красавіка (Вялікі чацьвер).
Каб павялічыць колькасьць ахвяраў, арганізатары тэракту разаслалі падробныя запрашэньні ад імя Асацыяцыі афіцэраў рэзэрву. А 7-й гадзіне раніцы 16 красавіка Задгорскі правёў на дах Міколу Петрава, які меў узарваць бомбу па сыгнале Задгорскага. А 3-й гадзіне дня пахавальная працэсія ўвайшла ў храм. Службу вёў мітрапаліт Стэфан(bg) (будучы экзарх Баўгарыі). Труну сьпярша зьмясьцілі ля калёны з выбухоўкай, аднак пазьней з-за вялікай колькасьці прысутных перанесьлі наперад. Так найбольш высокапастаўленыя асобы апынуліся далей ад эпіцэнтру выбуху.
Паводле пляну ВА, з пачаткам набажэнства Задгорскі падаў сыгнал Петраву, і а 15:20 абодва пакінулі будынак. Ад выбуху галоўны купал сабору рухнуў на прысутных; на месцы загінулі 150 чалавек, а разам за сканалымі пасьля ад раненьняў — 213; яшчэ каля 500 атрымалі параненьні. Усе чальцы ўраду ацалелі. Цар Барыс III ў гэты час знаходзіўся ў іншым месцы, на пахаваньні загіблых ад замаху на ягонае жыцьцё. Сярод ахвяраў былі 12 генэралаў: Калін Найдзенаў(bg) (вайсковы міністар падчас I сусьветнай вайны), Стэфан Нерэзаў, камандуючы баўгарскай арміяй у Дойране, Крысьцю Златараў(bg), Іван Стойкаў, Павал Паўлаў, Станча Радойкаў, Іван Табакоў, Стоян Пушкараў, Рыгор Куркчыеў, Аляксандар Давідаў, Пётар Лолаў), мэр Сафіі Паскаль Паскалеў, шэф паліцыі і тры дэпутаты. Таксама загінулі 25 жанчын і дзяцей.
Наступствы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Увечары таго ж дню было ўведзенае ваеннае становішча. Па краіне з маўклівай згоды ўраду пракацілася хваля рэпрэсіяў. Адным зь першых быў арыштаваны Пётар Задгорскі, якога камуністы не пасьпелі ліквідаваць; ён выдаў усіх, з кім меў кантакт. Цягам двух наступных тыдняў без суду і сьледзтва былі пакараныя сьмерцю каля 450 чалавек, у тым ліку паэт Геа Мілеў і журналіст Ёсіф Гэрбст (у 1950-я рокі пры пабудове плаціны было адкрытае масавае пахаваньне, і труп Мілева быў ідэнтыфікаваны па ягоным шкляным воку — ён страціў вока ў I сусьветную вайну). Кіраўнікі ВА БКП Коста Янкаў і Іван Мінкаў таксама былі забітыя. Некаторыя з арганізатараў тэракту: Дзімітар Златараў, Пэтар Абаджыеў і Мікола Петраў — здолелі ўцячы празь Югаславію ў Савецкі Саюз, астатнія былі арыштаваныя.
Суд над арганізатарамі адбыўся 1-11 траўня 1925 року. Пётар Задгорскі, лейтэнант-палкоўнік Георгі Коеў (спрабаваў схаваць Івана Мінкава) і кіраўнік аддзелу ВА Марка Фрыдман былі прыгавораныя да сьмерці. Станке Дзімітраў, Пэтар Абаджыеў, Дзімітар Гранчараў, Мікалай Пэтрыні і Хрыста Косаўскі былі прыгавораныя да сьмяротнага пакараньня завочна (апошнія тры ўжо былі забітыя колькі тыдняў таму). Марка Фрыдман, самы высокапастаўлены партыец з усіх абвінавачаных, засьведчыў, што арганізацыя тэракту была фінансаваная і падтрыманая зброяй з СССР, аднак ускладаў непасрэдную адказнасьць на Янкава і Мінкава, якія, паводле яго, дзейнічалі бяз згоды кіраўніцтва БКП[4]. Савецкі бок адмежаваўся ад датычнасьці да тэракту.
Ваеннае становішча было скасаванае толькі 24 кастрычніка 1925 року.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Sofia Church Terror Attack Vie for Bulgaria Top Event (анг.) The Free library Праверана 19 лютага 2016 г.
- ^ Елена Стателова и Стойчо Грънчаров. История новой Болгарии, 1878—1944. — С.: 1999 Т. III. — С. 421.
- ^ Марков 2003. С. 223.
- ^ Марков 2003. С. 227.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Марков, Георги Георгиев. Покушения, насилие и политика в България 1878—1947. — 2. прераб. изд. — София: Воен. изд., 2003. — ISBN 954-509-239-4
- Пешев, Петър Иванов. Историческите събития и деятели от навечерието на Освобождението ни до днес : С бел. за живота ми : Чуто, видяно, преживяно. — София: БАН, 1993. — (Минало и личности). — ISBN 954-430-155-0
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Борислав Гърдев. 80 години от атентата в църквата «Света неделя» (баўг.). Media Times Review, май 2005