Перайсьці да зьместу

Наезд (звычай)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Нае́зд (па-польску: zajazd) — першапачаткова, у старым польскім заканадаўстве, спосаб выкананьня вырашэньня суду сіламі істца. Пазьней — узброены напад з мэтай адабраньня ўласнасьці.

Наезд, як шлях выкананьня вырашэньня суда сіламі істца, у старым польскім заканадаўстве быў звычайным спосабам выканаўчага справаводста. Традыцыя была абумоўленая слабасьцю ўлады й дэ-факта была дзейсным шляхам абароны шляхтай сваіх праў.[1]

У адпаведнасьці з заканадаўствам Рэчы Паспалітай, наезд быў чацьвёртым, самым крайнім спосабам выкананьня рашэньня суда. Ён праводзіўся пры неэфэктыўнасьці першых трох этапаў выканаўчага справаводзтва, паводле ўказаньня старасты павету, як правіла, сіламі істца[2].

На канец XVІІ стагодзьдзя наезды сталі праводзіцца й без удзелу ўлад павету, фактычна ператварыўшыся ў незаконныя набегі з мэтай адабраньня чужой уласнасьці.[3]

Вялікае Княства Літоўскае

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У ВКЛ наезд быў нападам на маёнтак, спалучаным з гвалтоўнымі дзеяньнямі, пашкоджаньнем ці рабаваньнем маёмасьці, захопам земляў і сялян. З дапамогай наезду феадалы імкнуліся павялічыць свае ўладаньні й маёмасьці альбо вырашыць спрэчкі самасудам. Звычайна наезд чыніўся самім феадалам з удзелам слуг альбо ён падбухторваў на гэта іншых залежных ад яго людзей[4].

Пакараньне за наезд не было дакладна акрэсьлена ў Судзебніку 1468 года, таму ў кожным выпадку яго вызначаў сам вялікі князь з панамі-радай. У Статуце ВКЛ 1588 году наезду прысьвечана 15 артыкулаў, якія вызначалі некалькі відаў наезду, у тым ліку просты, гвалтоўны, крывавы, зроблены ў ваенны час. Пры вызначэньні пакараньня ўлічваўся маёмасны стан і саслоўная прыналежнасьці злачынцаў і пацярпелых. Справы разглядаў гаспадарскі суд, Трыбунал Вялікага Княства Літоўскага, гродзкі суд таго павету, дзе адбывалася злачынства.

Злачынцы, схопленыя на месцы ці на працягу сутак пасьля наезду, падлягалі неадкладнай дастаўцы ў суд без папярэдняга ўручэньня позваў. Злачынец, які без уважлівай прычыны не прыходзіў у суд па позьве ці адмовіўся зьявіцца, мог быць выгнаны за межы дзяржавы (за зробленае ім злачынства належала кара сьмерцю). За наезд, абцяжараны забойствам, сьмяротнай кары палягалі й саўдзельнікі, зь іх спаганялася таксама двайная галоўшчына і кампэнсацыя навязкай. За нанясеньне ран непасрэднага выканаўцу каралі сьмерцю, а саўдзельнікаў — турэмным зьняволеньнем. Шляхціч, чальцы сям’і якой зрабілі наезд, павінен быў асабіста даставіць іх у суд, інакш да адказнасьці прыцягвалі яго самога.

Пацярпелыя мелі права на неабходную абарону й не несьлі адказнасьці, калі забівалі каго-небудзь з тых, хто нападаў. Пра нанясеньне пабояў і ран сьведчыў возны. Пасьля гэтага рабілася афіцыйная заява ў суд з абавязковым занясеньнем яе ў адпаведныя кнігі. Па справах аб наезьдзе Статут вызначаў 3-гадовы тэрмін даўнасьці. Калі на працягу яго пацярпелы не зьвяртаўся ў суд, то траціў права на судовы разгляд[5].

Найбольш вядомым літаратурным апісаньнем наезду ёсьць твор Адама Міцкевіча «Пан Тадэвуш» (па-польску: Pan Tadeusz), створаны ў Парыжы ў 1832—1834 гадах. Поўная назва гэтай эпічнай паэмы — «Пан Тадэвуш, альбо Апошні наезд у Літве. Шляхецкая гісторыя з 1811 і 1812 гадоў у дванаццаці кнігах вершам» (па-польску: Pan Tadeusz czylі Ostatnі zajazd na Lіtwіe. Hіstorіa szlachecka z roku 1811 і 1812 we dwunastu ksіęgach wіerszem pіsana).

  1. ^ ’’Bardach J., Leśnodorskі B., Pіetrzak M.’’ Hіstorіa ustroju і prawa polskіego, wyd. LexіsNexіs, Warszawa 2003, s. 13.
  2. ^ Мальченко О. Шляхетські наїзди у світлі маєткових актів кінця XVI — першої половини XVII ст. (військовий аспект). «Київська старовина», 1997, № 3—4.
  3. ^ ’’Zygmunt Gloger’’ Zajazdy // Encyklopedіa staropolska, tom ІV., Warszawa, Druk P. Laskauera і W. Babіckіego, 1900.(недаступная спасылка)
  4. ^ Доўнар Т. Наезд // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — С. 341. — 792 с — ISBN 985-11-0378-0 (т. 2), ISBN 985-11-0315-2.
  5. ^ Доўнар Т. Наезд // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — С. 341. — 792 с — ISBN 985-11-0378-0 (т. 2), ISBN 985-11-0315-2.
  • А. В. Блануца. НАЇЗД // Енциклопедія історії України : у 10 т. : [укр.] / редкол.: В. А. Смолій (голова) та ін. ; Інститут історії України НАН України. — К. : Наукова думка, 2003. — Т. 1 : А — В. — 688 с : іл. — ISBN 966-00-0734-5.
  • Gąsiorowski A. Dobrzy i podlejsi: Pryczynek do dziejуw kary pуznosredniowiecznej w Polsce. «Czasopismo prawnohistoryczne», 1985, t. 37, zesz. 2.
  • Гулевич В. «Наїзди» у русько-литовському праві XV — кінця XVI ст. (Розвиток та еволюція права на прикладі наїздів). В кн.: Просемінарій: Медієвістика: Історія Церкви, науки і культури, вип. 5. К., 2003.
  • Доўнар Т. Наезд // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — С. 341. — 792 с — ISBN 985-11-0378-0 (т. 2), ISBN 985-11-0315-2.