Перайсьці да зьместу

Міхась Пянкрат

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Міхась Пянкрат
Асабістыя зьвесткі
Псэўданімы М. Асака, М. Дарожны, П. Жвір, М. Міхайлаў, П. Міхайлаў, М. Паўлаў, І. Чумічка
Нарадзіўся 28 жніўня 1918 (106 гадоў)
в. Карпілаўка, Ігуменскі раён, Менская вобласьць
Памёр 2001
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці паэт, празаік
Мова беларуская
Дэбют «Песьня калгасьніцы» // «Чырвоная зьмена», 1937
Узнагароды
Ордэн Айчыннай вайны 2 ступені
Ордэн Айчыннай вайны 2 ступені

Міхась Міхайлавіч Пянкрат (28 жніўня 1918, в. Карпілаўка, Ігуменскі раён, Менская вобласьць) — беларускі паэт, празаік.

Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. Бацькі з 1935 працавалі ў калгасе. У 1937 скончыў Хутарскую сямігодку і паступіў у Сьмілавіцкі сельскагаспадарчы тэхнікум, дзе атрымаў спэцыяльнасьць агранома. Увосень 1939 пайшоў служыць у Чырвоную Армію, удзельнічаў у савецка-фінляндзкай вайне (19391940), быў цяжка паранены, лячыўся ў шпіталі, у санаторыі г. Есентукі, быў камісаваны. У 19401941 працаваў у рэдакцыі рудзенскай раённай газэты «Бальшавіцкі сьцяг». З пачаткам нямецка-савецкай вайны да 1942 знаходзіўся ў вёсцы Ведрыца Ігуменскага раёну. У 1942 быў сувязным партызанскай брыгады «Красное знамя», якая дзейнічала на Меншчыне. З 1943 перайшоў у брыгаду, ваяваў да злучэньня з часьцямі Чырвонай Арміі. У 1945 пераехаў у Менск і працаваў у рэдакцыях рэспубліканскіх газэт «Сталинская молодежь» (19451947), «Савецкі селянін» («Колхозная правда», «Сельская газета», 19471956), у часопісе «Вожык» (19591979). Сябры Саюза пісьменьнікаў БССР з 1951.

Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны 2-й ступені, мэдалямі.

Першы верш «Песьня калгасьніцы» апублікаваны ў 1937 у газэце «Чырвоная зьмена». Многія яго вершы друкаваліся ў газэтах «Літаратура і мастацтва», «Піянер Беларусі», «Комсомольская правда», часопісах «Полымя», «Смена», «Крокодил».

Першая кніга — зборнік вершаў «Салаўіны бераг» (1956). Аўтар зборнікаў сатырычных апавяданьняў і гумарэсак «Палын і кветкі» (1958), «Не з таго канца» (1959), «Аўтарытэт на колах» (1968), апавяданьняў і аповесьцей «Шчасьце маё» (1962), «Ведрыцкія напевы» (1965), «Любоў у квадраце» (1969), «Прынцыповы пасаг» (апавяданьні, вершы і гумарэскі, 1978), «Спатканьні і ростані» (выбранае, 1978), «Не астудзі сваё сэрца» (1989). Напісаў кнігі нарысаў «Простыя людзі» (1957), «Чэрвень» (1977), кніжкі апавяданьняў для дзяцей «Два Пецькі» (1973), «Двое ў лодцы» (1983).

На словы М. Пянкрата П. Ахрыменка і З. Паўлоўскі напісалі песьні. Паасобныя творы пісьменьніка перакладзеныя на расейскую, украінскую, азэрбайджанскую, грузінскую, летувіскую, таджыцкую, узбэцкую, эстонскую мовы.

  • Пянкрат Міхась // Беларускія пісьменнікі: Біябібліягр. слоўн. У 6 т. Т. 5. Пестрак — Сяўрук / Б 43 Ін-т літ. імя Я. Купалы АН Беларусі; Беларус. Энцыкл.; Нацыянальны навукова-асветны цэнтр імя Ф. Скарыны. Пад рэд. А. В. Мальдзіса; Рэдкал.: І. Э. Багдановіч і інш. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 104—105. — 480 с ISBN 5-85700-168-4
  • Пянкрат Міхась / Беларускія пісьменнікі (1917—1990): Даведнік; Склад. А. К. Гардзіцкі. Нав. рэд. А. Л. Верабей. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — 653 с.: іл. ISBN 5-340-00709-X.