Мікалай Прывалаў

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку

Мікалай Іванавіч Прывалаў (22 траўня (3 чэрвеня) 1868, Ніжні Тагіл — 28 верасьня 1928, Пецярбург) — савецкі музыка-этнограф, інструмэнтавед, дырыжор і кампазытар.

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1895 годзе скончыў Горны інстытут у Пецярбургу, у 1903 — Археалягічны інстытут там жа. Знаходзячыся ў 1890-х гг. у Заанежжы (Аланецкая губэрня), пачаў зьбіраць калекцыю народных музычных інструмэнтаў. Браў урокі тэорыі музыкі ў Н. Ф. Салаўёва, а таксама ў В. Е. Савінскага (тэорыя музыкі і гармонія) і І. В. Лабінскага (інструмэнтоўка). У 1896—1913 быў музыкам-выканаўцам у Вялікарускім аркестры пад кіраўніцтвам В. В. Андрэева, займаўся пошукам старадаўніх музычных інструмэнтаў, іх дасьледаваньнем і рэстаўрацыяй. Потым арганізаваў уласны аркестр рускіх народных інструмэнтаў, якім кіраваў 11 год; прымаў удзел у Вечарах рускай песьні М. І. Долінай. З 1899 году выкладаў музычна-тэарэтычныя дысцыпліны ў войсках гвардыі ў Пецярбургу. У 1902 арганізаваў Бясплатныя музычныя клясы граньня на народных інструмэнтах пры пецярбурскім Народным доме і быў іх кіраўніком. У той жа час пад кіраўніцтвам Прывалава былі створаны самадзейныя аркестры і ансамблі — вялікарускі, старажытнарускі з домраў і гусьляў, хор ражочнікаў. У 1916—1917 пры ўдзеле Прывалава ў Народным доме былі арганізаваны клясы чытаньня твораў народнай славеснасьці, дзе таксама інсцэніраваліся абрады, ігрышчы і быліны. У 1908—1919 Прывалаў — дацэнт Археалягічнага інстытуту (муз. фальклёр).

Пасьля кастрычніцкага перавароту 1917 году Прывалаў вёў шматгранную навуковую, выкладчыцкую і асьветніцкую работу. У 1920—1922 прафэсар і прарэктар Адэскай кансэрваторыі, навуковы супрацоўнік Адэскага археалягічнага інстытута па катэдры этнаграфіі. У 1922—1923 працаваў у аддзеле народнай асьветы ў Баровічах (інструктар па мастацкай адукацыі і кіраўнік аркестра рускіх народных інструмэнтаў). З 1923 зноў у Ленінградзе, дзе выкладаў у Інстытуце музычнай асьветы (1923—1924), Цэнтр. музычным тэхнікуме (1926—1927), загадваў 3-м музычным тэхнікумам (1923—1925), чытаў лекцыі ў Музэі філярмоніі, кіраваў музычнай самадзейнасьцю завода «Чырвоны трохкутнік». Адначасова выступаў у якасьці выканаўцы на народных інструмэнтах. Аўтар опэры «На Волзе» (паст. 1902, зал Паўлавай, Пецярбург), музыкі да драм. сцэнаў «Ільля Мурамец», «Скамарохава жонка». Апрацоўваў народныя сьпевы. Напісаў самавучыцель граньня на гусьлях звончатых (СПБ, 1903), балалайцы (Л., 1927). У 1914—1917 рэдактар часопіса «Музыка і сьпевы».

Творы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Ударныя музычныя інструмэнты рускага народа (накры, бубны, барабаны, лыжкі, талеркі, трэнзель, варган, званы), «Известия С.-Петербургского общества музыкальных собраний», 1903, кастрычнік-лістапад;
  • Гудок — старажытнарускі народны, смычковы інструмент у сувязі са смычковымі інструментамі іншых краінаў. Гісторыка-этнаграфічнае дасьледаваньне, СПБ, 1904;
  • Тамбурападобныя музычныя інструменты рускага народа. Нарыс іх паходжаньня, зьяўленьня на Русі і існаваньня (домра, балалайка, лютня, кобза, бандура, бандурка, тарбан, мандаліна, гітара). Гістарычнае дасьледаваньне, «Известия С.-Петербургского общества музыкальных собраний», 1905, красавік-чэрвень, 1906, люты;
  • Лира (ліра, риле и реле), СПБ, 1905;
  • Музычныя духавыя інструмэнты рускага народа, вып. 1-2, СПБ, 1906-08;
  • Звончатыя гусьлі на Русі, «Музыка и пение», 1908, No 7, 8, 10;
  • Па Маскве — у пошуках за музычнымі народнымі інструмэнтамі, там жа, 1908, No14-21;
  • Лыжкі. Рускі народны музычны інструмэнт, у сувязі з адпаведнымі музычнымі прыладамі іншых краінаў і эпохаў. Гістарычнае дасьледаваньне, там жа, 1908, No 28-33;
  • Досьвед бібліяграфічнага ўказальніку па літаратуры рускай народнай песьні, у кн.: Славянскія канцэрты Гарленка-Долінай 19, 28 студзеня і 7 лютага 1909, (СПБ, 1909);
  • Песнятворчасьць паўднёвых славянаў, «РМГ», 1913, No 6-9, 11-14;
  • Гістарычны лёс рускай народнай песьні, там жа, 1913, No 49-52;
  • З галіны царкоўнай археалёгіі, «Музыка и пение», 1914, No 6-8, 12;
  • Калікі-перахожыя, «РМГ», 1917, No 3;
  • Народныя музычныя інструменты Беларусі, у кн.: Інстытут беларускай культуры. Запіскі аддзела гуманітарных навук, кн. 4. Працы кафедры этнаграфіі, т. 1, вып. 1, Мінск, 1928 (на беларускай мове), і інш.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Паводле І. М. Ямпольскага
  • Пасхалов В., Н. И. Привалов. (Некролог), «Музыкальное образование», 1928, No 6; Крюгер A., H. И. Привалов. (Некролог), «ЖИ», 1928, No 41.