Перайсьці да зьместу

Мэнке Кац

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Мэнке Кац
מעינקע קאַץ
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 1906
Сьвянцяны, Віленская губэрня, Расейская імпэрыя
Памёр 24 красавіка 1991 (85 гадоў)
Спрынг Глен, штат Нью-Ёрк, ЗША
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці габрэйскі паэт
Мовы ідыш, ангельская
Значныя творы зборнік «Тры сястры» (1932), кнігі вершаў «Мястэчка палае» (1938), «Адказ маёй бабулі Баданы» (1939)

Мэ́нке Кац (на ідышы: מעינקע קאַץ, па-ангельску: Menke Katz; 1906, Сьвянцяны, Віленская губэрня, Расейская імпэрыя — 24 красавіка 1991, Спрынг Глен, штат Нью-Ёрк, ЗША) — габрэйскі паэт.

Нарадзіўся ў мястэчку Сьвянцяны Віленскай губэрні (цяпер у Летуве) ў ноч другога дня Пэсаху. Бацька Гіршэ-Довід быў родам са Сьвіры, дзе меў уласны бровар, аднак быў вымушаны перавесьці бізнэс у Сьвянцяны дзеля невялікіх заробкаў; маці Бадона Губэрская паходзіла зь Міхалішак. Мэнке назвалі паводле бабулі па мячы. Акрамя яго, у сям’і было яшчэ чацьвёра дзяцей (двое нарадзіліся ў Сьвіры, яшчэ двое наймаладзейшыя ў Сьвянцянах).

З-за недастатковых заробкаў бацька ў 1914 року падаўся ў ЗША. Мэнке скончыў хедар у Сьвянцянах, пасьля сям’я была вымушаная пераехаць да матчыных сваякоў у Міхалішкі.

У 1920 годзе сям’я выехала да бацькі ў ЗША, пасяліліся ў Нью-Ёрку. З пачатку 1920-х гадоў Мэнке Кац друкаваўся ў габрэйскіх газэтах у ЗША. Тут выходзілі ягоныя шматлікія кнігі паэзіі, у якіх належнае месца займала тэма малой радзімы. Спачатку трымаўся пракамуністычных поглядаў, пасьля пачатку палітычных рэпрэсіяў у СССР перагледзеў іх. У 1926 ажаніўся з Хаске Бляхер, эмігранткай з Уваравічаў, і пераехалі ў Лос-Анджэлес. Мэнке зарабляў пісаньнем і рамонтам гадзіньнікаў, аднак пасьля нараджэньня дачкі Траім і сына Ноя вярнуўся ў Нью-Ёрк. Дзяцей выхоўвала жонка з бацькамі ў Пасаіку.

З 1953, калі стала вядома пра забойства ў СССР жыдоўскіх паэтаў(ru), Кац канчаткова парваў зь левымі і пачаў выдаваць уласны літаратурны часопіс «Бітэр-рут».

У 1972 быў намінаваны на Пулітцэраўскую прэмію.

Першы зборнік — «Тры сястры» (1932), за публікацыі якога бяз згоды ён быў выключаны з «Пралетпэну» (анг. Proletpenпралетарскае пяро). Затым былі кнігі вершаў «Мястэчка палае» (1938), «Адказ маёй бабулі Баданы» (1939) і інш. Пісаў на ідыш і ангельскай мовах.

Агулам выдаў 18 зборнікаў паэзіі. Перакладзены на грэцкую, італьянскую, іўрыт, францускую, японскую ды іншыя мовы.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]