Перайсьці да зьместу

Менскія беларускія настаўніцкія курсы (1918)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Менскія беларускія настаўніцкія курсы (першыя) — настаўніцкія курсы, якія дзейнічалі ў Менску з 9 верасьня 1918 па 15 траўня 1919.

Створаныя Сакратарыятам асьветы БНР з дазволу камандаваньня нямецкай 10-й арміі. Першапачаткова фінансаваліся ўрадам БНР, нямецкай акупацыйнай адміністрацыяй (90% выдаткаў). Рыхтавалі настаўнікаў для беларускіх пачатковых школаў.

Праграма курсаў складалася паводле праграмаў былых дзяржаўных настаўніцкіх курсаў Расейскай імпэрыі з дадаткам дысцыплінаў беларусазнаўства. Дзейнічалі паралельна з курсамі беларусазнаўства. У першапачатковы склад выкладчыкаў уваходзілі С. Рак-Міхайлоўскі (дырэктар), К. Езавітаў (інспэктар), С. Арлоў, М. Байкоў, А. Данмевіч, Р. Зямкевіч, Я. Лёсік, А. Смоліч, І. Усьцюжынаў; асобныя лекцыі па гісторыі беларускага нацыянальнага руху чытаў Я. Варонка. 3 прыходам савецкай улады й абвяшчэньнем БССР перайшлі пад загад Наркамасьветы БССР (пазьней ЛітБел) і рэарганізаваныя ў 1-я Менскія беларускія пэдагагічныя курсы пры Менскім Беларускім пэдагагічным інстытуце. Склад пэдагагічнай рады папоўнілі В. Вайтэнка, В. Іваноўскі, У. Ігнатоўскі, Ч. Родзевіч, Б. Тарашкевіч і А. Неканда-Трэпка. Навучаліся 42 настаўнікі зь Менску, Вільні, Ігуменскага, Навагрудзкага, Слуцкага й інш. паветаў, у іх ліку В. Адамовіч, К. Гладкі, Ю. Лістапад, В. Лявіцкая. У жніўні 1919 памяшканьне курсаў занятае польскімі легіянэрамі, інвэнтар і вучэбнае абсталяваньне разрабаваныя.

  • Ляхоўскі У. Пачатак тварэньня беларускае нацыянальнае школы // Спадчына. 2001. №1/2.
  • Ляхоўскі У. Беларускія настаўніцкія курсы // ЭГБ, т.6, кн. ІІ. — Мн., 2003.