Майсей Астрагорскі
Майсей Астрагорскі | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся: |
1854 Гарадзенская губэрня |
Памёр: |
1921 Санкт-Пецярбург |
Адукацыя: | |
Майсей Астрагорскі (1854 — 10 лютага 1921) — палітык, дасьледчык гісторыі права, гісторык і палітоляг, які зрабіў уклад у вывучэньне палітычных і прававых сыстэмаў пры трансфармацыі аўтакратычных рэжымаў.
Лічыцца заснавальнікам палітычнай сацыялёгіі разам з Максам Вэбэрам і Робэртам Міхельсам і «піянэрам параўнальных дасьледаваньняў дзяржаўнага кіраваньня».
Сям’я і асьвета
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Майсей Астрагорскі нарадзіўся ў сям’і настаўніка Якава Астрагорскага зь Бельскага павету Гарадзенскай губэрні. Пазьней сям’я Астрагорскіх пераехала ў Горадню, дзе бацька працаваў дырэктарам гарадзенскай жаночай габрэйскай трохкляснай вучэльні. У Горадні нарадзіліся сястра Ганна (1863), якая атрымала адукацыю мэдыка, працавала выдаўцом і літаратарам, і малодшы брат Аляксандар (1868), які стаў пэдагогам-асьветнікам, публіцыстам, выдаўцом і грамадзкім дзеячам. У Горадні Майсей закончыў гімназію, славутую ў тыя гады выдатнай пастаноўкай навучальнага працэсу.[1] Затым Майсей Астрагорскі вывучаў права на юрыдычным факультэце Санкт-Пецярбурскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, дзе таксама рэдагаваў юрыдычныя пэрыядычныя выданьні. Потым кароткі час працаваў у імпэрскім Міністэрстве юстыцыі.
Дэпутат I Дзяржаўнай Думы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]З восені 1905 г. асабіста вёў перадвыбарную кампанію на роднай Гарадзеншчыне, а ў сакавіку 1906 г. яго абралі дэпутатам I Дзяржаўнай Думы ад Гарадзенскай губэрні (парляманту Расейскай імпэрыі), дзе стаў самым актыўным дэпутатам ад беларускіх земляў і адным з самых актыўных дэпутатаў наагул. Карыстаўся падтрымкай як сярод беларускіх сялянаў, так і габрэйскай грамады Гарадзеншчыны.[2] Застаючыся беспартыйным, звычайна галасаваў разам з кадэтамі.
Астрагорскі зрабіў значную працу па арганізацыі візыту групы дэпутатаў на міжпарляманцкую канфэрэнцыю па праблемах мірнага рэгуляваньня міжнародных спраў, якая адбылася ў Лёндане ў ліпені 1906 г. Улучэньне Думы ў сыстэму міжнародных парляманцкіх сувязяў узбройвала малады расейскі парлямант вопытам іншых аўтарытэтных заканадаўчых установаў, забясьпечвала яму міжнародную падтрымку ў супрацьстаяньні з царызмам i спрыяла стварэньню наднацыянальных структураў, якія дапамагалі нармальнай жыцьцядзейнасьці ў сусьветнай супольнасьці.[3]
На момант роспуску Дзяржаўнай Думы знаходзіўся ў Лёндане як дэлегат на міжпарляманцкую канфэрэнцыю.[4] Пасьля роспуску Думы выпусьціў кнігу «Деятельность Острогорского в I Государственной думе» (СПб., 1906).
Як палітычны актывіст ён арганізаваў у Горадні першы ў гісторыі «праймэрыз» у Расейскай імпэрыі, у склад якой тады ўваходзіла ня толькі Беларусь, але і Польшча, Фінляндыя і балтыйскія краіны. «Праймэрыз» прайшлі 6 студзеня 1907 году, у іх узялі ўдзел каля 1400 чалавек з прыблізна 2000 чалавек, якія мелі выбарчае права.
Акадэмічная дзейнасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Бліжэй да 30 гадоў Астрагорскі паехаў навучацца ў Свабодную школу палітычных навук (Sciences Po) у Парыжы пад кіраўніцтвам яе заснавальніка Эміля Бутмі. У 1885 годзе ён завяршыў сваю дысэртацыю пра вытокі агульнага выбарчага права.
Пасьля вучобы ў Францыі ён глыбока вывучаў дзейнасьць палітычных партыяў у Злучаных Штатах і Вялікабрытаніі і правёў шмат гадоў у абедзьвюх краінах на працягу 1880-х і 1890-х гадоў. Астрагорскі апублікаваў шэраг артыкулаў пра палітычныя партыі ў францускіх і амэрыканскіх навуковых часопісах.
Правёўшы амаль 20 гадоў жыцьця за мяжой, Астрагорскі вярнуўся ў Расейскую імпэрыю пасьля рэвалюцыі 1905 году для рэалізацыі сваіх тэарэтычных ведаў на практыцы.
Акадэмічная спадчына
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Як дасьледчык гісторыі права Астрагорскі апублікаваў адзін зь першых трактатаў аб правах жанчын «Правы жанчын: параўнальнае дасьледаваньне гісторыі і заканадаўства», дзе параўноўвалася заканадаўства розных краінаў у сфэры палітычных і грамадзкіх правоў жанчын.
У апошнія гады свайго жыцьця Астрагорскі працаваў на катэдры дзяржаўнага права факультэту сацыяльных навук Петраградзкага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. Як выкладчык на працягу многіх гадоў ён падтрымліваў Гарадзенскае пэдагагічнае таварыства, якое абрала яго ганаровым чальцом у 1913 годзе.
У сваёй грунтоўнай працы «Дэмакратыя і арганізацыя палітычных партыяў» Астрагорскі адсочвае эвалюцыю палітычных сыстэмаў ад традыцыяналісцкіх да дэмакратычных. Параўноўваючы палітычныя сыстэмы розных дзяржаваў, Астрагорскі аналізуе працэсы трансфармацыі і фармулюе заканамернасьці пераходных працэсаў.
Паводле меркаваньня Астрагорскага, дэмакратыя — гэта больш, чым проста «народны кантроль за ўрадам» або «ўлада большасьці». Кожны ўрад абапіраецца на меркаваньні, і вырашальнае значэньне мае тое, ці фармуецца гэтае меркаваньне «забабонамі і настроямі, увасобленымі ў традыцыях», ці «лягічнай прычынай, якая абгрунтоўваецца ў дыскусіі».
Астрагорскі падкрэсьлівае неабходнасьць пераадоленьня разрыву паміж грамадзянскай супольнасьцю і дзяржавай за кошт павышэньня палітычнай культуры грамадзтва, забесьпячэньня плюралізму індывідуальных меркаваньняў. На яго думку гэта дапамагае гарантаваць трываласьць дзяржавы і стабільнасьць дадзенага грамадзтва.
Выкарыстоўваючы параўнальныя мэтады, ён аналізуе пераход ад аўтарытарызму да дэмакратыі і магчымыя памылкі на гэтым этапе. Астрагорскі паказвае, як прадстаўнікі пэўнай партыі ці групы пераўтвараюцца са слугаў народу ў яго гаспадароў, калі яны становяцца празьмерна незалежнымі.
Як палітоляг аказаў істотны ўплыў на сусьветную палітычную думку XX стагодзьдзя. Яго высновы датычна прадстаўнічай дэмакратыі, у прыватнасьці ролі палітычных партыяў, сталі асабліва актуальнымі ў постсавецкім кантэксьце, дзе грамадзтвы намагаюцца перайсьці ад аўтарытарызму да дэмакратыі ва ўмовах адсутнасьці добра разьвітай палітычнай культуры.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Нікалаеў Мікола, Беларускі Пецярбург, Санкт-Пецярбург, 2009 http://pdf.kamunikat.org/download.php?item=36237-1.pdf
- ^ Санцевич А. Как состоялись выборы в Государственную Думу. Рассказ выборщика от крестьян Волковысского уезда. Гродно. 1906. С. 24.
- ^ Андреев И.В. М.Я. Острогорский — депутат I Государственной думы от Гродненской губернии // Белорусский сборник. Статьи и материалы по истории и культуре Белоруссии. Вып. 2. СПб., 2002. С. 111.
- ^ "Деятельность Острогорского в I Государственной думе", СПб., 1906.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Пра Майсея Астрагорскага
- Barker and Xenia Howard-Johnston Rodney The Politics and Political Ideas of Moisei Ostrogorski // Political Studies, Volume 23, Issue 4, pages 415—429, December 1975
- Андреев И. В. М. Я. Острогорский — депутат I Государственой думы от Гродненской губернии // Белорусский Сборник. Статьи и материалы по истории и культуре Белоруссии. Российская Национальная Библиотека, Санкт-Петербургская Ассоциация Белорусистов, Санкт-Петербург, 2003
- Lipset, S. M. "Introduction: Ostrogorski and the Analytical Approach to the Comparative Study of Political Parties." In M. Ostrogorski, Democracy and the Organization of Political Parties, 2 Vol., (1964; 1982 ed.).
- Nermuth, Manfred. "Two-Stage Discrete Aggregation: the Ostrogorski Paradox and Related Phenomena," Social Choice and Welfare, Vol. 9, No. 2, 1992.
- Pombeni, Paolo. "Starting in Reason, Ending in Passion. Bryce, Lowell, Ostrogorski and the Problem of Democracy," The Historical Journal, Vol. 37, No. 2, Jun., 1994.
- Ranney, Austin. "M. I. Ostrogorski." In The Doctrine of Responsible Party Government: its Origins and Present State, Chap. VII, University of Illinois Press, 1962.
- Shelley, Fred M. "Notes on Ostrogorski's Paradox," Theory and Decision, Volume 17, Issue 3 November 1994.
- Thorne, W. H. "Half-Soling the Nations," The Globe, Vol. XIII, 1903.