Лідзія Валенда
Лідзія Арцёмаўна Валенда (нарадзілася ў 1925 годзе) — удзельніца руху за сацыяльна-эканамічныя правы ў СССР, ахвяра карнай псыхіятрыі.
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У дзіцячыя гады пражывала ў вёсцы Караваева Сьмілавіцкага раёну Менскай вобласьці.
У 1937 яе бацьку, чорнарабочага менскага «Главконсервсбыта», расстралялі па абвінавачаньні ва «ўдзеле ў контррэвалюцыйнай групе і контррэвалюцыйнай агітацыі» (артыкулы 72 і 76 КК БССР, прысуд выносіўся «тройкай»), адначасова была канфіскаваная маёмасьць. У 1959 Арцём Сьцяпанавіч Валенда (1900—1937) быў рэабілітаваны Прэзыдыюмам Менскага абласнога суду[1].
Лідзія Валенда — інжынэр-мэханік па прафэсіі, жыла на вуліцы Каліноўскага ў Менску.
У 1974 ёй скарацілі прысядзібны ўчастак да 0,25 га. Лідзія Валенда безвынікова спрабавала абскардзіць гэтае рашэньне ў раённым і абласным выканкамах саветаў дэпутатаў працоўных, у Міністэрстве сельскай гаспадаркі Беларусі і ў ЦК КПСС. Ва ўсіх інстанцыях яе патрабаваньні датрымлівацца законнасьці былі адкінуты.
У 1975 Лідзія Валенда заявіла, што яна хоча выйсьці з савецкага грамадзянства і зьехаць з краіны. Аднак адказ на сваю заяву яна не атрымала. У чэрвені 1977 году яна была звольнена з працы. Лідзія Валенда лічыла звальненьне незаконным і дамагалася аднаўленьня. Па гэтым пытаньні яна безвынікова зьвярталася ў ЦК КПБ, у Камітэт партыйнага кантролю пры ЦК КПСС, у КДБ.
У 1977 яна зноў вырашыла дамагацца дазволу на эміграцыю з Савецкага Саюза. 25 студзеня 1978 Лідзія Валенда і Лідзія Драздова (іншая жыхарка Менску) накіравалі заяву з патрабаваньнем дазволіць ім выезд з СССР на імя Л. Брэжнева і копіі кіраўнікам дэлегацыяў нарады ў Бялградзе і Групе садзеяньня выкананьню Хельсінцкіх пагадненьняў у СССР. Цытата з заявы: «Мы патрабуем задаволіць нашую просьбу пра выезд з Савецкага Саюза. Ад грамадзянства СССР мы адмовіліся і заявілі пра сваю нязгоду з існым ладам». Заява Л. Валенды і Л. Драздовай захоўваецца ў Архіве Міжнароднага таварыства «Мэмарыял» (Масква, ф. 141). Не пазьней за лістапад 1979 Л. Драздову выпусьцілі з СССР, пра што яна распавяла на старонках эмігранцкага часопіса «Посев»[2]. Л. Валенду пры гэтым ня выпусьцілі.
21 красавіка Л. Валенда была затрыманая ў вагоне электрацыі людзьмі ў штацкім і міліцыянтам і дастаўленая ў раённае аддзяленьне міліцыі Першамайскага раёну Менску. Зь міліцыі Лідзію Валенда прывезьлі ў Рэспубліканскую псыхіятрычную лякарню ў пас. Навінкі. Спачатку яе адмовіліся прыняць, аднак пасьля размовы міліцыянта сам-насам зь лекарам Лідзія Валенда была шпіталізаваная і зьмешчаная ў 22-е аддзяленьне лякарні (заг. аддзяленьня Лідзія Іванаўна). Шпіталізацыя была праведзена з парушэньнем Інструкцыі Міністэрства аховы здароўя СССР: адсутнічалі паказаньні да неадкладнай шпіталізацыі, праведзенай без папярэдняга псыхіятрычнага абсьледаваньня, апрача таго, у першыя содні пасьля стацыянаваньня не была склікана камісія (першая камісія адбылася толькі 11 траўня), нічога не паведамлялася сваякам Лідзіі Валенда.
Падчас побыту ў лякарні Валенда была пазбаўлена прагулак і падвяргалася «лячэньню». 25 траўня яна была выпісана, аднак ніякіх дакумэнтаў пра перабываньне ў лякарні ёй ня выдалі.
У 1978 у Маскве ўдзельнічала ў стварэньні «Свабоднага прафсаюзу працоўных»[3]. Подпіс Лідзіі Валенды ў скажоным выглядзе («Валеда Лідзія Арцёмаўна») стаіць пад наступнымі дакумэнтамі Свабоднага прафсаюзу працоўных: заявай старшыні КДБ Ю. Андропаву ад 27 студзеня 1978 году; другім адкрытым лістом у партыйныя і савецкія органы, прэсу СССР (ад 30 студзеня 1978 году) у абарону неабгрунтавана звольненых працоўных; зваротам да Міжнароднай арганізацыі працы і прафсаюзных арганізацыяў заходніх краінаў ад 1 лютага 1978 году; адкрытым лістом да карэспандэнтаў заходніх навінавых агенцый, акрэдытаваных у СССР, ад 1 лютага 1978 году.
Далейшы лёс невядомы.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ База дадзеных «Ахвяры палітычнага тэрору ў СССР»
- ^ Дроздова Л. Психиатрические облавы в Минске // Посев. 1980. №3. С. 58-59.
- ^ Диссидентская активность 1950—1980-х гг. Персоналии. Краткий аннотированный перечень
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Вольное слово. Самиздат. Избранное. Выпуск 30. Свободный профсоюз трудящихся: Устав и другие документы. Франкфурт-на-Майне: Посев, 1978.
- Рабочая комиссия по расследованию использования психиатрии в политических целях. Информационный бюллетень №9. 9 июня 1978. Госпитализация Лидии Валендо // Вольное слово. Самиздат. Избранное. Выпуск 31-32. Франкфурт-на-Майне: Посев, 1978. С. 149—151.
- Московская группа «Хельсинки». Документ №71. 8 декабря 1978 г. [К заявлениям советских граждан, добивающихся разрешения на выезд из СССР] // Документы Московской Хельсинкской группы / Московская Хельсинкская группа; общество «Мемориал»; сост. Д. И. Зубарев, Г. В. Кузовкин. Москва, 2006. С. 321.