Лібэра (валейбол)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
лібэра
валейбольная пазыцыя
Падкляса адлібэра Рэдагаваць
Спортвалейбол Рэдагаваць
Лібэра славенскай зборнай Яні Ковачыч на ЧС-2022.

Лібэ́ра (італ. libero «вольны») — пазыцыя гульца ў валяйболе, які выконвае выключна абаронныя функцыі. Асноўныя задачы гульцоў гэтага амплюа — прыём атакучых удараў суперніка, падбор адскокаў ад блёку і скідак. У адрозьненьне ад усіх іншых удзельнікаў каманды, лібэра грае ў футболцы іншага колеру.

Мінуўшчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1998 року ў правілы валейболы ўнесьлі істотныя зьмены, намагаючыся зрабіць гульню больш відовішчнай. Тады ж упершыню прадставілі пазыцыю лібэра, надаўшы такому валейбалісту пэўныя абмежаваньні, а таксама змусіўшы насіць футболку іншага колеру, ніж партнэры па камандзе. Першымі міжнароднымі спаборніцтвамі з удзелам лібэра сталі жаночы і мужчынскі чэмпіянаты сьвету 1998 року.

Ідэя стварэньня лібэра палягала на тым, каб дазволіць камандам як мага даўжэй утрымліваць свайго найлепшага абаронцы на пляцоўцы. У сучасным валейболе цэніцца рост, але ў абаронных дзеях такія гіганты выглядаюць нязграбна, тады як гульцы невысокага росту могуць хутка групавацца, ныраць, то бок даставаць складаныя мячы. Увядзеньне ў гульню спэцыяліста ў абароне дазволіла павялічыць працягласьць і відовішчнасьць розыгрышаў.

У 2008 року Міжнародная фэдэрацыя валейболу дазволіла заяўляць у склад каманды двух лібэра, але на пляцоўцы мог гуляць толькі адзін зь іх. З 2011 року правілы дазволілі замену аднаго лібэра на другога; дагэтуль такую замену можна было правесьці толькі адзін раз.

З 2021 року лібэра атрымаў права быць капітанам каманды.

Функцыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Лібэра ёсьць выключна абарончым гульцом і адказвае за прыём мяча, граючы пераважна на пазыцыі 6-га нумару. Асноўная задача лібэра — прыняць першы мяч, каб сувязны далей мог вывесьці нападніка на ўдар. Правілы забараняюць лібэра выконваць падачу, ставіць блёк і атакаваць па мячы, які знаходзіцца вышэй за верхні край сеткі. Больш за тое, іншыя гульцы таксама ня могуць атакаваць, калі лібэра падаў ім мяч пальцамі зьверху ў пярэдняй зоне. Але ў задняй зоне (сваёй асноўнай рабочай) лібэра можа аддаваць перадачу як зьверху, так і зьнізу.

Дзеля адрозьненьня ад гульцоў іншых амплюа лібэра мае футболку іншага колеру, гуляе пераважна ў заднім шэрагу і можа замяняць толькі валейбалістаў задняга шэрагу. Пры гэтым ён мае права на неабмежаваную колькасьць заменаў, а астатнія гульцы абмежаваныя сумарнай колькасьцю ў 6 заменаў за партыю. Замены — важны тактычны ход у гульні, паколькі дазваляюць вывесьці з поля стомленых валейбалістаў або тых, у каго не пайшла гульня. Лібэра можа выходзіць і вяртацца на пляцоўку неабмежаваную колькасьць разоў: можа замяняць любога гульца, які стаіць на заднім шэрагу (пазыцыі 1, 5, 6). Калі пры пераходзе лібэра трапляе на пазыцыі атакі (2, 3, 4), то ягонае месца павінен заняць гулец з папярэдняй шосткі.

Таксама правілы забараняюць мець адначасна на пляцоўку двух лібэра, хоць у заяўцы іх можа быць 2[1].

У выпадку траўмы лібэра, калі запасны лібэра ў складзе адсутнічаў, трэнэр ці капітан каманды могуць вызначыць новага лібэра сярод гульцоў, якія ў дадзены момант не знаходзіліся на пляцоўцы. Траўмаваны лібэра ня можа вярнуцца на пляцоўцы да канца гульні; новапрызначаны лібэра выконвае ягоныя функцыі да сканчэньня паядынку.

Галоўныя якасьці[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У той час як сувязны — ключавое зьвяно ў стварэньні атак каманды, лібэра ёсьць своеасаблівым капітанам і лідэрам абарончых дзеяньняў. Паколькі падача — вельмі складаны тэхнічны элемэнт у гульні, а лібэра гуляе ў заднім шэрагу, ён павінен найлепш рабіць прыём. У сучасным валейболе пасьля сілавых падачаў мяч ляціць з высокай хуткасьцю, і лібэра павінен прыняць яго любой цаной, нават калі для гэтага давядзецца згрупавацца і ўпасьць.

Таксама валейбаліст гэтага амплюа павінен пралічваць дзеяньні супернік: за лічаныя сэкунды разьмяшчацца на пляцоўцы так, каб была магчымасьць згуляць у мяч.

Паводле складанасьці лібэра — другая пазыцыя на полі пасьля сувязнога. Лібэра грае вялікую ролю ў камандзе, ён павінен мець уменьні для гульні на любой пазыцыі, чытаць гульню і страхаваць блякавальнікаў. Але найлепш такі валейбаліст павінен умець прымаць мяча, каб той не адскокваў абы-як, а кіраваўся дакладна ў рукі сувязнога. Улічваючы той факт, што лібэра вызваленыя ад атакуючых дзеяў, яны на трэніроўках могуць больш часу вылучаць на абаронныя ўменьні, а такім тэхнічным элемэнтам, як блёк, атака ці падача, можна практычна не надаваць увагі.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Official volleyball rules, FIVB, 2021, kapitola 6: The Libero Player