Лявоніха
Лявоніха — народны парна-масавы беларускі народны танец, які выконваецца на мэлёдыю аднайменнай песьні, якая пачынаецца са словаў «А Лявоніху Лявон палюбіў…». Таксама танец вядомы ў Польшчы[1]. Лявоніха шырока вядомая па ўсёй Беларусі[2].
Харэаграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Музыка танца народная, музычны памер 2/4.
Кампазыцыйна будуецца на нескладаных рухах, якія выконваюцца ў хуткім тэмпе. Рухі танцораў самыя розныя: дробат, галоп, прытупы, просты крок, падэбаск і г. д., яны часта суправаджаюцца плясканьнем у далоні[2].
Лявоніха выконваецца як у масавых, так і ў сольных варыянтах. У масавых варыянтах малюнкі самыя разнастайныя: круг, шэн, зорачкі, карона, варотцы, до-за-до, кружэньне ў парах пад рукі[3]. У некаторых рэгіёнах Лявоніха выконвалася, як сольны танец, калі выканаўцы па аднаму выходзілі ў сярэдзіну круга й паказвалі сваё майстэрства. Пры такім выкананьні была дапушчальная вялікая доля імправізацыі[2][3].
У сцэнічных нацыянальных касьцюмах, якія лягчэй і карацей традыцыйнай вопраткі Лявоніха выглядае яшчэ больш імклівай і жывой[4].
Арыгінальнае сцэнічнае рашэньне гэтага танцу знайшоў, напрыклад, балетмайстар В. Ямінскі. У пастаноўцы, ажыцьцёўленай ім у народным ансамблі танца, танчаць адны дзяўчыны, ствараючы атмасфэру нязмушанай весялосьці. Удала знойдзеныя тут выразныя сродкі, якія пераканаўча раскрываюць характар і ўзаемаадносіны танцуючых[5].
К. А. Алексютовіч у сваіх пастаноўках узбагаціў малюнак Лявоніхі маляўнічымі ўзорамі. Кампазыцыя танца стала цікавей, багацей і разам з тым прасьцей. Танец набыў сцэнічную форму.
У балеце «Салавей» (пастаноўка А. Ермалаева) Лявоніха, якую паставіў К. Алексютовіч, была фінальнай сцэнай спэктаклю. На дэкадзе беларускага мастацтва ў Маскве ў 1941 годзе фінальны танец балета танчыла адначасова 100 параў[6]. Мікалай Галаванаў так ахарактарызаваў яго[7]:
«Лявоніха», пастаўленая тав. Алексютовічам, можа быць аднесена да лепшых узораў нацыянальнага танцавальнага мастацтва | ||
Таксама «Лявоніха» выкарыстаная ў балетах «Аповесць пра каханьне», пастаноўка А. Ермалаева, «Князь-возера», пастаноўка К. Мулера.
У культуры
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]«Лявоніху» ў шэрагу найбольш распаўсюджаных на ігрышчах танцаў адзначаў у сваёй кнізе Е. Э. Сно[8]. А. Грыневіч адзначаў[9] іншыя назвы танца: «Крутуха», «Круцёлка», «Падарожная».
Першая публікацыя танца «Лявоніха» была ў складзе музычнай камэдыі «Тарас на Парнасе» кампазытара Ёсіфа Шадурскага ў зборніку «С околиц Витебска», але на думку беларускага музыказнаўцы Б. С. Смольскага напеў Лявоніхі можа ўзыходзіць да далёкіх часах мастацтва скамарохаў. Гэтая тэорыя пацьвярджаецца дасьледаваньнямі В. Цукермана[4].
А. Макаёнак напісаў твор «Лявоніха на арбіце».
Крыніцы й заўвагі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Энциклопедический музыкальный словарь М., 1959, с. 120
- ^ а б в Этнаграфія Беларусі: Энцыклапедыя / Рэдкалегія: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1989. — 575 с.: іл. ISBN 5-85700-014-9. (бел.)
- ^ а б Чурко Ю. М. Вянок беларускіх танцаў.- Мн.: Беларусь, 1994. — 88 с ISBN 5-33801097-8
- ^ а б Алексютович Л. К. Белорусские народные танцы, хороводы, игры. Под ред. М. Я. Гринблата. Мн., «Вышейш. школа», 1978. 528 с с ил.
- ^ Лявониха и метелица — истоки белорусского танца (рас.)
- ^ Через год была война(недаступная спасылка) (рас.)
- ^ Голованов Н. С. Заметки о музыкальной культуре Белоруссии // «Советская Белоруссия». — 1940.
- ^ Сно Е. Э. В бототах Полесья. Белорусы. Спб., 1904Ю с. 15
- ^ Праграма-інструкцыя для збіральнікаў беларускай музычна-этнаграфічнай творчасці // / Апрац. А. Грыневічам. — Наш край, 1925. — С. 46..
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Алексютович Л. К. Белорусские народные танцы, хороводы, игры. Под ред. М. Я. Гринблата. Мн., «Вышэйш. школа», 1978. 528 с с ил.