Лявонці Стасевіч
- Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Стасевіч.
Лявонці Стасевіч | |
Дзейнасьць | дыякан, прэсьбітар, ігумен, праваслаўны сьвятар |
---|---|
Сапраўднае імя | Леў Фаміч Стасевіч |
Нарадзіўся | 20 сакавіка 1884 |
Памёр | 9 лютага 1972 (87 гадоў) |
Пахаваны |
Ляво́нці (Стасе́віч), сьвецкае імя Леў Фаміч Стасевіч (20 сакавіка 1884, Тарноград Белгарайскага павету Люблінскай губэрні, Царства Польскае — 9 лютага 1972, Міхайлаўскае Фурманаўскага раёну Іванаўскай вобласьці, РСФСР) — праваслаўны сьвятар.
Жыцьцяпіс
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Паходзіў зь сялянскай сям’і. Скончыў царкоўна-прыходзкую школу, працаваў пісарам у Тарноградзкім судзе (1899—1909).
У 1910 прыняты і ў 1911 пастрыжаны ў манахі Яблачынскага Сьвята-Ануфрыеўскага праваслаўнага манастыра (Бельскі павет Седлецкай губэрні) пад імем Лявонція.
У часе Першай сусьветнай вайны эвакуяваны ў маскоўскі Богаяўленскі манастыр. Скончыў духоўную вучэльню, быў рукапакладзены ў ерадыякана, пасьля ў ераманаха.
У 1919 скончыў духоўную сэмінарыю. У 1922 атрымаў сан архімандрыта і прызначэньне намесьнікам Суздальскага Спаса-Яфім’еўскага манастыра. Пасьля закрыцьця манастыра ўладамі пераведзены ў храм Смаленскай іконы Божай Маці, а пазьней у храм Яна Златавуснага ў Суздалі.
3 лютага 1930 арыштаваны за выкарыстаньне званоў, якія былі забароненыя ў 1929. Сасланы ў Комі АССР, працаваў фэльчарам. У 1933 вызвалены, пасяліўся ў вёсцы Барадзіно Іванаўскай вобласьці РСФСР.
19 кастрычніка 1935 арыштаваны ў Гаўрылавым Пасадзе, прыгавораны да трох гадоў выпраўленчых працаў. Сасланы ў Караганду, працаваў печніком.
Вызваліўшыся ў 1938 року, пераехаў у Суздаль. Выконваў службы па хатах. 23 чэрвеня 1947 року прызначаны настаяцелем храма Жывапачынальнай Тройцы ў вёсцы Варанцова Пучэскага раёну.
2 траўня 1950 арыштаваны трэцім разам. Па абвінавачаньні ў «антысавецкай агітацыі» сасланы ў Комі на 10 гадоў. 30 красавіка 1955 вызвалены па амністыі, вярнуўся ў Іванаўскую вобласьць. 20 ліпеня прызначаны настаяцелем храма Міхаіла Арханёла ў вёсцы Міхайлаўскае (цяпер у Фурманаўскім раёне).
Памёр у 1972 року, пахаваны на могілках Міхайлаўскага. У 1999 кананізаваны, у жніўні 2000 року прызнаны сьвятым.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Преподобноисповедник Леонтий (Стасевич) // Жития новомучеников и исповедников Российских XX века, составленные игуменом Дамаскиным (Орловским). Январь. — Тверь: Булат, 2005. — 560 с. — 8000 ас.