Лачплэсіс (рок-опэра)
«Лачплэсіс» (па-латыску: Lāčplēsis) — латыскі рок-м’юзыкал паводле нацыяльнага эпасу Лачплэсіс. Аўтар лібрэта — Мара Залітэ, музыкі — кампазытар Зыгмарс Ліепіньш. Прэм’ер адбылася ў Рызе 23 жніўня 1988 року.
Характарыстыка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У адрозьненьне ад арыгінальнай паэмы, Кангарс і Лачплэсіс — найлепшыя сябры. Абодва героі, абодва маюць слабасьці, але асабліва заўважная Кангарсава: ён вельмі амбіцыйны. Рок-опэра збольшага засяроджаная на асьлепленасьці Кангарса прагай славы, а пра здраду ягоную становіцца вядома толькі пасьля таго, як ён даведваецца пра слабасьць Лачплэсіса перад замежнымі заваёўнікамі. Кангарсу супрацьпастаўлены Какнэзіс, які адмаўляецца нават і думаць пра здраду. Лаймдота і Лачплэсіс атаясамліваюцца з сымбалямі Латвіі: Лаймдота прадстаўляе саму Латвію, а Лачплэсіс — народ. Крыжакі — зладзеі, прадстаўленыя лідэрам Дытрыхам, якім дапамагаюць чэрці і стукачы.
Сюжэт
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Лачплэсіса і Кангарса адпраўляюць навучацца ў Буртніекі. Па дарозе яны наведваюць замак Айзкраўклэ, дзе чэрці бяруць Кангарса ў палон і катуюць, вымагаючы ад яго здрадзіць сваіх людзей, аддаўшы іх у рабства і прыняўшы хрысьціянства. Калі той адмаўляецца, галоўны чорт Лікцэпурэ спыняе катаваньні і пераконвае Кангарса, што той стане славутым, калі яму ня будзе замінаць Лачплэсіс.
Тым часам дзьве ведзьмы кідаюць Лачплэсіса ў Даўгаву, але яго выратоўвае Стабурагс, які папярэджвае, што гэта ягоная першая сьмерць. Лачплэсісу наканавана паміраць і вяртацца да жыцьця тройчы, і прайсьці тройчы ад паняволеньня да свабоды[a]. Лапчплэсіс пытаецца, ці ён мёртвы, на што атрымлівае адказ, што ён жыцьме, пакуль памятацьме Стабурадзэ, патанулыя замкі, лётаючыя азёры і сябе самога: яго выкармілі ўсе латыскія мацяркі, а душу ягоную склалі душы ўсіх латышоў[b]. Тады зьяўляецца Какнэзіс і наказвае Лачплэсісу збудаваць латышам радзіму, абяцаючы здабыць яму дрэва. Пазьней у Буртніекі Лачплэсіс заляцаецца да Лаймдоты; яны разам слухаюць сьпеў замку Буртніекі, а Лаймдота сьпявае малітву да багіні Сонца Саўле. Выслухаўшы песьню, Лачплэсіс прызнаецца Лаймдоце, што ў гэтым сьпеве бацькаўшчына адгукнулася яму больш як заўсёды, і ён падымае затанулы замак Буртніекі. Чэрці спрабуюць яму зашкодзіць, цьвердзячы, што гэты народ ня мае ўласнай гісторыі, а толькі бабуліны казачкі, але ён адольвае перашкоды і заручаецца з Лаймдотай, якая і ёсьць душой Латвіі.
Лаймдота пазьней сустракае Кангарса; той просіць яе быць зь ім. Пачуўшы адмову, Кангарс пагражае ўзяць яе сілай і пакласьці пад усіх, хто схоча. Ён выкрадае Лаймдоту і хлусіць Лачплэсісу, нібыта яна ўцякла з «каханым» Какнэзісам. Лачплэсіс, паверыўшы Кангарсу, вырашае забыць каханую. Падчас бадзяньняў Лачплэсіс сустракае Паўночную дзеву (увасабленьне Палярнага зьзяньня). Тая паведамляе, што гэта ягоная другая сьмерць: ён мёртвы, бо трапіў у паняверку. Лачплэсіс спрабуе вярнуцца да свайго народу, але сустракае трох шматгаловых пачвараў — ёдсаў. Ён адрубае ёдсам адну галаву за другой, але апошняя галава просіць літасьці і раскрывае тайну: усе вакольныя скалы — насамрэч зачараваныя людзі. Лачплэсіс ажыўляе іх і вяртаецца дадому.
Перапужаныя чэрці бесяцца і шалеюць з тае прычыны, што людзі ўжо былі пад іхняй уладай, а народныыя песьні і мова амаль зьніклі. Дытрых абвяшчае, што ім можа дапамагчы адзін Кангарс, і загадвае чарцям знайсьці яго ў латыскім народзе[c]. Чэрці спрабуюць умовіць далучыцца Какнэзіса, але ён адрынае іх, кажучы, што Лачплэсіс — ягоны сябар, на якога Лачплэсіс можа спадзявацца. Пасьля гэтага зьяўляецца Лаймдота, і Лачплэсіс цікавіцца, чаму яна плача. Пачуўшы адказ, што Лаймдота апаганеная і зганьбаваная, Лачплэсіс абяцае, што ягоныя сьлёзы ачысьцяць яе, і яны абодва адродзяцца сьлязьмі адно аднога; тады яны жэняцца. Тым часам Кангарс нарэшце знайшоў слабое месца Лачплэсіса: ён даносіць ворагу, што Лачплэсісава сіла — у вушах, бо вушамі ён чуе сваю бацькаўшчыну і адчувае кожны рух, што на ёй адбываецца. Калі Лачплэсіс аглухне, ён разьняверыцца, забудзецца і стане ўразьлівым. Толькі пасьля гэтага Кангарс асэнсоўвае свой учынак і адчайна прызнаецца ў любві да Латвіі. Крыжакі ладзяць турнір для Лачплэсіса і Чорнага рыцара — стварэньня без вачэй, вушэй і мовы: кожны, хто пройдзе побач, пазбавіцца веры і ўспамінаў. Выкляты Лачплэсіс ўсё-ткі зьвяртаецца па дапамогу да бацькаўшчыны. Раздаецца голас дыктара, які паведамляе, што бітва з Чорным рыцарам ня скончанае, але прыйдзе час, калі Лачплэсіс адолее і заб’е яго.
Песьні
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
|
|
У ролях
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Лачплэсіс — Іга
- Лаймдота — Мая Лусэна
- Кангарс — Імантс Ванзовічс
- Ліелвардыс — Юрыс Рыйкурыс
- Паўночная дзева — Жанэта Ондзулэ
- Какнэзіс — Айварс Брызэ
- Дытрых — Нікс Мацьвееўс
- Лікцэпурэ — Зыгфрыдс Муктупавэлс і Віестурс Янсанс
- Стабурагс — Мірдза Зывэрэ і Дайга Блаўа
- Дыктар — Яніс Сканіс
- Дзяўчыны — Рамона Фагеле, Дыта Падскачыя, Ая Сіліня, Дана Пургайлэ, Лаліта Саўліэтэ
- Даносчыкі, ёдсы, чэрці — Айнарс Ашманіс, Айгарс Граўба, Айгарс Крэсла, Айгарс Гравэрс
Музыкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Зыгмарс Ліепіньш, Улдыс Маргілевічс — клявішныя
- Харыйс Зарыньш, Айварс Германіс — гітара
- Гунтыс Вэцгайліс, Эдуардс Глотаўс — бас-гітара
- Алегс Упэніекс, Вілніс Крыевіньш — пэркусія
- Таксама выкарыстаныя запісы фальклёрных гуртоў «Skandinieki» ды «Iļģi».
Значэньне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Рок-опэра «Лачплэсіс» зьявілася акурат у пачатку трэцяга нацыянальнага адраджэньня. Яна прасякнутая яскравым антысавецкім падтэкстам і натхніла ўздым латыскага незалежніцкага руху.
Заўвагі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Гэта пералікаецца з трыма пэрыядамі нацыянальнага адраджэньня.
- ^ Стабурагс — 18-мэтровы стром, зьвязаны зь легендай пра смуткуючую дзяўчынку, ператвораную ў скалу. Патанулыя замкі і лётаючыя азёры сустракаюцца не ў адной латыскай казцы. Лічылася, што адным з такіх азёраў было возера Буртніекс, што звычайна згадваецца і ў народных паданьнях, але эпас і рок-опэра кажуць пра патанулы ў ім замак Буртніекі.
- ^ У латыскай мове імя «Кангарс» стала сынонімам «здрадніка».
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Guntis Šmidchens. National Heroic Narratives in the Baltics as a Source for Nonviolent Political Action // Slavic Review. — 2007. — В. 3. — Т. 66. — С. 484—508.