Кусьцічы (археалягічны помнік)
Кусьцічы — археалягічны помнік: курганны могільнік дрыгавічоў каля в. Кусьцічы (Камянецкі раён, Берасьцейская вобласьць). Знаходзіцца за 2 км на паўднёвы захад ад вёскі. Мясцовая назва Швэдзкія могільнікі. Каля вёскі знойдзены рэшткі паморскай культуры.
Захавалася 36 насыпаў вышынёй 0,3—2,4 м, дыямэтрам 2,6—10 м, разьмешчаных кампактна на плошчы 10 га. У заходняй частцы могільніка вылучаецца асобны ланцуг курганоў, які цягнецца з захаду на ўсход. Курганы каля падножжа абкладзены валунамі. Выявіў у 1937 г. К. Салевіч, дасьледавалі ў 1960 г. Іван Біруля (7 курганоў), у 1981 — 1988 гг. Т. М. Каробушкіна (17 курганоў).
У 11 з 24 раскапаных курганоў пахаваньні не выяўлены, знойдзены вуглі, попел, цьвікі, шпора, фрагмэнты керамікі. У 12 курганах пахавальны абрад — трупапалажэньне галавой на захад у насыпе, на гарызонце і ў ямах на попельна-вугольнай і пясчанай падсыпцы. Пахаваньні адзіночныя. У адным кургане пахаваньне па абраду трупаспаленьня па-за межамі кургана. Рэшткі крэмацыі знаходзіліся пад курганом у авальнай яме памерам 85х80 см. Пахавальны інвэнтар: фрагмэнты керамікі, прасьліца з ружовага сланцу, срэбраныя скроневыя кольцы, фрагмэнт мэталічнага пярсьцёнку, трохпацеркавае скроневае кольца, званок з бронзы, гузік, крэсіва, нож, цьвікі. Першыя пахаваньні на могільніку зроблены ў канцы X ст., апошнія — у XII—XIII стагодзьдзях. На рубяжы X — XI стагодзьдзяў адбылася зьмена пахавальнага абраду (трупаспаленьня на трупапалажэньне).
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Археологическая карта Белоруссии / Белорусское добровольное общество охраны памятников истории и культуры, Сектор археологии Ин-та истории АН БССР. Вып. 2: Памятники железного века и эпохи феодализма / Г. В. Штыхов; под редакцией Ф. В. Борисевича. — Мн.: Полымя, 1971. — 274, [2] c. — С. 21.
- Каробушкіна, Т. М. Кусцічы / Т. М. Каробушкіна // Археалогія і нумізматыка Беларусі: Энцыклапедыя / Беларуская Энцыклапедыя; Рэдкал.: В. В. Гетаў і інш. — Мн.: «Беларуская Энцыклапедыя» імя П. Броўкі, 1993. — 702 с. — С. 359. — ISBN 5-85700-077-7.
- Каробушкіна, Т. Раскопкі старажытных курганоў / Запісала Т. Скуратава // Ленінец [Камянецкі раён]. — 1987. — № . — 13 кастрычніка.
- Коробушкина, Т. Н. Население Среднего Побужья в X — XIII вв. // Тезисы докладов советской делегации на V Международном конгрессе славянской археологии. — М.: Наука, 1985. — С.
- Кухаренко, Ю. В. Средневековые памятники Полесья / Ю. В. Кухаренко; под общ. ред. Б. А. Рыбакова. — М.: Издательство АН СССР, 1961. — 39, [1] с. — (Археология СССР. Свод археологических источников; [вып.] Е 1—57).
- Никитина, В. Б. Памятники поморской культуры в Белоруссии и на Украине // Советская археология. — 1965. — № 1. — С. 194 — 205.
- Седов, В. В. Курганы ятвягов / В. В. Седов // Советская археология. — 1964. — № 4. — С. 36 — 51.