Куліг
Куліг (па-польску: Kulig) — цягнік з саняў; катаньне на санях, запрэжаных коньмі, у якім бяруць удзел некалькі саняў (працэсія) у Польшчы. Куліг — традыцыйная зімовая забава шляхты ў Польшчы ад часоў Каралеўства Польскага і Рэчы Паспалітай (з XVI ст.). У сучаснай Польшчы куліг — традыцыйная калядна-навагодняя забава.
Гэта своеасаблівая забава ладзіцца ў апошні тыдзень перад Вялікім постам, які ў Польшчы называюць Запустамі (zapustami). Яна часта суправаджаецца музыкай, сьпевамі і весялосьцю ля вогнішча. Увечары катаньне на санках часта асьвятлялі паходні. З XVI да пачатку XХа стагодзьдзя катаньне на санках было вельмі папулярнай забавай як сярод магнатаў, так і сярод шляхты. Яна лічылася патрыятычнай цырымоніяй пасьля падзелаў Рэчы Паспалітай, сымбалізуючы падтрымку польскай нацыянальнай традыцыі. На чале санкавага цягніка ехаў важак, традыцыйна званы Арлекін, у задачу якога ўваходзіла плянаваньне маршруту так, каб аб’яднаць шляхетныя сем’і, якія варагавалі адна з адной, каб у выпадку неабходнасьці ўсе маглі збройна выступіць супраць захопнікаў. Такая паездка на санях магла цягнуцца нават некалькі дзён[1].
Кулігі мелі і культурнае значэньн: падчас заезду выконваліся польскія нацыянальныя танцы — кракавяк, мазуркі, палянэзы, куявякя з абэркам, а таксама рэгіянальныя полькі і драбанты. Не дазвалялася выконваць замежныя танцы, такія як вальсы або танга — такому чалавеку пагражала зьняцьце зь цягніка, гэтак жа як і таму, хто садзіўся ў сані ў фраку.
У цяперашні час кулігамі таксама называюць катаньні на злучаных паміж сабой (з дапамогай шнуроў) санках, напрыклад, з дапамогай трактара або аўтамабіля. Гэта забаўка вельмі папулярна сярод школьнікаў, хоць на самай справе мала зьвязана з сапраўднымі кулігамі.