Перайсьці да зьместу

Крывавая нядзеля (1939)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Жаўнеры Вэрмахту і журналісты побач зь нямецкімі ахвярамі Крывавае нядзелі. Фота было выкарыстанае нацысцкай прэсай і мае прызнакі мантажаваньня, паказваючы толькі частку выявы, прызначанае для публікацыі.

Крыва́вая нядзе́ля (па-нямецку: Bromberger Blutsonntag; па-польску: Krwawa niedziela) — назва, дадзеная нацысцкай прапагандай падзеям у Быдгашчы (па-нямецку: Bromberg), польскім месьце са значнай нямецкай меншасьцю, паміж 3 і 4 верасьня 1939, неўзабаве па нямецкім уварваньні ў Польшчу.

Падзеі пачаліся атакай нямецкіх снайпэраў па адыходзячых польскіх войсках, наступнага польскага адказу і, урэшце, забойства ў адплату польскіх закладнікаў Вэрмахтам і Selbstschutz-ам пасьля ўзяцьця Быдгашчы. У выніку гэтых падзеяў загінула як нямецкае, так і польскае цывільнае насельніцтва. Польскі Інстытут нацыянальнай памяці паведамляе пра 254 непасрэдныя ахвяры лютаранскага вызнаньня (лічацца ахвярамі зь нямецкага боку), 86 непасрэдных ахвяраў каталіцкага вызнаньня (лічацца польскай нацыянальнасьці) і 20 забітых польскіх жаўнераў. Каля 600—800 палякаў-закладнікаў былі масава расстраляныя пасьля падзеньня места.

У выніку апэрацыі «Танэнбэрг» пасьля захопу Быдгашчы немцы забілі ад 1200 да 3000 грамадзянаў польскай і жыдоўскай нацыянальнасьці. Месца зьнішчэньня стала вядомае пад назовам Даліны сьмерці. Сярод забітых быў і прэзыдэнт Быдгашчы Леан Барцішэўскі. Пяцьдзясят польскіх ваеннапалонных з Быдгашчы пазьней былі ілжыва абвінавачаныя нацысцкім дысцыплінарным судом Sondergericht Bromberg ва ўдзеле ў «Крывавай нядзелі» і расстраляныя.

Тэрмін «Крывавая нядзеля» быў прыдуманы і распаўсюджаны нацысцкай прапагандаю. Інструкцыя для прэсы казала: «…неабходна паказаць навіны пра барбарства палякаў у Бромбэргу. Выраз „Крывавая нядзеля“ мусіць увайсьці пастаянным тэрмінам у слоўнікі і абысьці сьвет. Дзеля гэтага трэба ўвесь час падкрэсьліваць гэты тэрмін».[1]

  1. ^ A. K. Kunert, Z. Walkowski, Kronika kampanii wrześniowej 1939, Wydawnictwo Edipresse Polska, Warszawa 2005, ISBN 83-60160-99-6, p. 35.