Кнігаўка
Кнігаўка | |
Клясыфікацыя | |
---|---|
Надцарства | Эўкарыёты |
Царства | Жывёлы |
Тып | Хордавыя |
Кляса | Птушкі |
Атрад | Сеўцападобныя (Charadriiformes) |
Сямейства | Сяўцовыя (Charadriidae) |
Род | Vanellus |
Від | Кнігаўка |
Бінамінальная намэнклятура | |
Vanellus vanellus Linnaeus, 1758 | |
Арэал | |
Кні́гаўка (Vanellus vanellus), ка́ня — невялікая птушка сямейства сяўцовых атраду сеўцападобных.
Падвідаў няма. У апярэньні чорны зь зеленаватым, мэталічным бляскам, белы і іржавы колеры. На галаве высокі чуб. Маладыя цемна-шэра-карычневыя са сьветлым жыватом і больш кароткім чубам. Даўжыня цела 28—34 см. Размах крылаў 66—80 см. Голас: гучнае, трошкі хрыплае «кіі-р-ві», «кіі-р-віі». Месцы пражываньня — лугі зь сярэдняй вільготнасьцю, пашы, вільготныя палі паблізу лугоў, дэльты рэк, берагі і рачныя астравы (даходзіць да вышыні ў 800—900 м н. у. м., у выключных выпадках — да 1000 м н. у. м.).
Арэал ад Эўропы (акрамя крайніх паўночнага ўсходу і поўдня) шырокім поясам праз цэнтрэльную Азію да Ціхага акіяну. Пералёты ў (канцы ІІ) III—IV, (канец V) VI—XI. Паўднёва-заходнія папуляцыі аселыя (напр., у Вялікабрытаніі, Францыі, паўн. Італіі, Гішпаніі, Турцыі). Распаўсюджаная па ўсёй тэрыторыі Беларусі, адзін з найбольш звычайных пералётных і транзытна мігрыруючых відаў кулікоў (народныя назвы кігіка, кныга, чайка). Месца зімовак: заходняя і паўднёвая Эўропа, Брытанскія астравы, Малая, паўднёвая і ўсходняя Азія, Японскія астравы, паўночная Афрыка.
Гняздо ў неглыбокай ямцы сярод нізкай расьліннасьці на адкрытым месцы, скупая высьцілка з сухой травы, D = 10—14 см, H = ~2 см. Яйкі: 4 (2—5), грушападобныя, аліўкавыя, аліўкава-зялёныя альбо сьветла-зялёныя, часам гліністыя або карычневыя. Дробныя і густыя чорныя альбо карычневыя плямы. Памеры: 46,0 х 33,0 мм (42,0—50,0 х 31,0—34,0 мм).
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 1999. — Т. 8: Канто — Кулі. — 576 с. — ISBN 985-11-0144-3
- Птушкі Еўропы. Палявы вызначальнік. Czarnecki Z., Dodrowolski K.A., Jablonski B., Nowak E., Siwek. W. Ptaki Europy. Przewodnik terenowy. PWN, Warszawa, 2000. 391 s., 96 tablic z rysunkami. Пераклад пад агульнай рэд. Міхаіла Нікіфарава, перакладчыкі з польскай мовы: Дзмітры Вінчэўскі, Ірына Самусенка, Аляксандр Зарубаў, Таццяна Паўлюшчык. Навуковае выдавецтва ПВН, 2000. — 349 с.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Кнігаўка — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў