Келзкая кніга
Келзкая кніга (па-лацінску: Codex Cenannensis, па-ірляндзку: Leabhar Cheanannais), часам Кніга Калюмбы — ілюмінаваны рукапісны лацінскамоўны Эвангеляр(pl), які складаецца з чатырох новазапаветных Дабравесьцяў, дапоўненых прадмовамі і табліцамі. Рукапіс створаны ў Калюмбавым кляштары ў Ірляндыі альбо з дапамогай ягоных пасьлядоўнікаў у Брытаніі й Ірляндыі. Прыкладны час напісаньня — к. 800 року. Тэкст Дабравесьцяў заснаваны пераважна на Вульгаты з уключэньнем асобных вершаў з ранейшых вэрсіяў Бібліі, вядомых пад назовам Vetus Latina. Келзкая кніга — шэдэўр заходняе каліграфіі(en) і найвышэйшае дасягненьне інсулярнай ілюмінацыі(en). Лічыцца адной з ірляндзкіх нацыянальных каштоўнасьцяў.
Ілюстрацыі і арнамэнтаваньні Келзкай кнігі пераўзыходзяць іншыя падобныя інсулярныя эвангеляры ў экстравагантнасьці і складанасьці. Упрыгажэньні спалучаюць традыцыйную хрысьціянскую іканаграфію з выкшталцонымі вірлівымі ўзорамі, тыповымі для інсулярнага мастацтва. Фігуры людзей, жывёлаў і мітычных істотаў у спалучэньні з кельцкімі вузламі і чаргаванымі ўзорамі жывых колераў быццам ажыўляюць старонкі рукапісу. Мноства такіх дробных элемэнтаў аздабленьня насычаныя хрысьціянскай сымболікай, што яшчэ глыбей падкрэсьлівае тэмы асноўных ілюстрацыяў.
Рукапіс у наш час складаецца з 340 аркушаў і ў 1953 быў сшыты ў чатыры тамы. Аркушы зробленыя з высокаякаснага пэргаміну, а беспрэцэндэнта прапрацаваныя ўпрыгожваньні на іх уключаюць дзесяць цэластаронкавых выяваў; у тэксьце ўпісаныя буквіцы ды міжрадковыя мініятуры, што адзначаюць далейшае разьвіцьцё антыклясычных і энэргічных якасьцяў інсулярнага мастацтва. Інсулярны прапісны шрыфт сам па сабе ёсьць творам прынамсі трох розных пісцоў. Надпісы зробленыя жалезістым атрамантам(en) з выкарыстаньнем некалькіх колераў, атрыманых з розных рэчываў, шмат зь якіх давялося прывозіць зь іншых земляў.
Рукапіс атрымаў назву ад кляштару Келзу, дзе захоўваўся цягам стагодзьдзяў. Цяпер ён знаходзіцца на сталай экспазыцыі ў бібліятэцы Траецкага коледжу Дубліну, даступная і электронная вэрсія[1].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Book of Kells (анг.). DRIS Trinity College Library Dublin. Праверана 14 сакавіка 2017 г.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Келзкая кніга — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
- Келзкая кніга ў лічбавых зборах бібліятэкі Траецкага коледжу