Vetus Latina
Vetus Latina (па-беларуску: старая лаціна) — агульная назва ўсіх варыянтаў перакладаў Бібліі на позьнелацінскую мову, якія былі ў выкарыстаньні да зьяўленьня Вульгаты. Прычынай зьяўленьня разнастайных лацінскіх перакладаў Бібліі было павелічэньне колькасьці хрысьціянскіх вернікаў, якія не валодалі грэцкай мовай, што было ў сваю чаргу спрычынена пашырэньнем уплыву Рымскай імпэрыі і паступовага выцясьненьня грэцкай мовы лацінай.
Стварэньне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Найстарэйшым дакумэнтам, што згадвае існаваньне лацінскага перакладу Новага Запавету, ёсьць створаныя ў 180 року «Дзеі мучанікаў са Сцыліі» (места ў Паўночнай Афрыцы). Большасьць вядомая перш за ўсё праз цытаваньне ў творах Айцоў царквы (напрыклад, блаславёнага Аўгустына). Часьцей за ўсё пераклад адбываўся з Сэптуагінты (Стары Запавет) ці з грэцкага арыгіналу (Новы Запавет). Новазапаветны тэкст адпавядае г. зв. заходняй тэкстуальнай традыцыі, імаверна выкарыстоўвалася люкіянава вэрсія Сэптуагінты.
Да нашага часу зьбераглося каля 90 рукапісаў з позьнелацінскімі тэкстамі, якія, аднак, не дазваляюць узнавіць поўны тэкст Бібліі. Фрагмэнты кодэксу Vetus Latina з IV або V стагодзьдзя былі знойдзеныя, напрыклад, у бібліятэцы пры саборы места Канстанц, калі ў XV стагодзьдзі разразалі старыя рукапісы і выкарыстоўвалі іх для ўзмацненьня кніжных паліцаў. Большасьць давульгатавых перакладаў ад пачатку не прызначаліся для выкарыстаньня дзе-небудзь яшчэ, акрамя чытаньня ў мясцовых хрысьціянскіх суполках, падчас казаньняў ці ў якасьці лацінскай паловы дыглётаў (кшталту кодэксу Бэзы). Новы Запавет захаваўся ў асноўным у дзьвюхмоўных грэка-лацінскіх ці гота-лацінскіх тэкстах.
Вэрсіі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У залежнасьці ад стылю і слоўнікавага набору вылучаюць некалькі вэрсіяў Vetus latiny. Першыя вэрсія зьявіліся, праўдападобна, у лацінамоўнай Афрыцы; пазьней ім на зьмену прыйшлі пераклады з Італіі, якія трапілі таксама і ў Афрыку. Усе пераклады, выразна адрозныя абсягам і стылем перакладу, вынікаючымі з мэнтальнасьці і рэлігійнасьці культураў гэтых рэгіёнаў[1], умоўна падзяленыя на чатыры групы:
- старая афрыканская вэрсія (Кіпрыян Картагенскі)
- пазьнейшая афрыканская вэрсія (Тыконій)
- італьянская вэрсія
- пазьнейшыя эўрапейскія вэрсіі
Замена
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Пасьля Трыдэнцкага сабору XVI стагодзьдзя Вульгата стала афіцыйным перакладам Бібліі для Рыма-каталіцкай царквы.
Адным з найбольш яскравых адрозьненьняў між старалацінскімі перакладамі і Вульгатай ёсьць тэкст малітвы «Pater Noster», у якой фраза з Vetus Latina quotidianum panem («хлеб штодзённы») стала supersubstantialem panem («хлеб звышпажыўны») у Вульгаце.
Дасьледаваньні
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Сьвятар з Баварыі Ёзэф Дэнк[2] (1849—1927) напрыканцы XIX стагодзьдзя пачаў зьбіраці і калекцыянаваць цытаты Vetus Latina зь пісаньняў Айцоў Царквы. Такім чынам сабраная картатэка, што складаецца з тысячаў лістоў, была перададзеная ў абацтва(de) Бойрана (Бадэн-Вюртэмбэрг). У 1945 року манах-бэнэдыктынец Баніфацы (Пэтэр Паўль) Фішэр заснаваў у тым абацтве Інстытут Vetus-Latina, які займаецца гісторычным дасьледаваньнем старых вэрсіяў перакладаў, што ўваходзілі ў Vetus Latina. Заплянаваны выпуск гэтых гістарычных матэрыялаў у 27 тамох.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Joanna Boczek. Przekłady Pisma Świętego (3) (пол.) Strona Katechetyczno-Misyjna Праверана 21 ліпеня 2013 г.
- ^ Ёзэф Дэнк у царкоўным лексыконе (ням.)
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Інстытут Vetus-Latina (ням.) (анг.) (фр.)
- Старонка па вывучэньні Vetus Latina (анг.)
- Дасьледаваньне Vetus Latina унівэрсытэту Майнца (ням.)