Перайсьці да зьместу

Катастрофа ў маскоўскім мэтрапалітэне (2014)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Катастрофа ў Маскоўскім мэтрапалітэне
Краіна Расея
Месца перагон станцыяў «Парк Перамогі» і «Славянскі бульвар»
Тып катастрофы крушэньне цягніка
Дата 15 ліпеня 2014
Час 08:39 (UTC+4)
Наступствы
Загінулі 24 асобы
Параненыя 160
Пацярпелі 217 асоб
Каардынаты 55°44′10″ пн. ш. 37°31′00″ у. д. / 55.73611° пн. ш. 37.516667° у. д. / 55.73611; 37.516667Каардынаты: 55°44′10″ пн. ш. 37°31′00″ у. д. / 55.73611° пн. ш. 37.516667° у. д. / 55.73611; 37.516667
Катастрофа ў Маскоўскім мэтрапалітэне на мапе Расеі
Катастрофа ў Маскоўскім мэтрапалітэне
Катастрофа ў Маскоўскім мэтрапалітэне
Катастрофа ў Маскоўскім мэтрапалітэне

Катастрофа ў Маскоўскім мэтрапалітэне адбылася 15 ліпеня 2014 году ў 08:39 (паводле маскоўскага часу) на перагоне паміж станцыямі «Парк Перамогі» і «Славянскі бульвар» Арбацка-Пакроўскай лініі. У выніку трагедыі загінулі 24 чалавекі. Яна зьяўляецца найбуйнейшай тэхнагеннай аварыяй у маскоўскім мэтро.

Схема пуцявога разьвіцьця ў раёне аварыі

Каля 08:35 (MSK, UTC+4) у перагоне тунэля паміж станцыямі «Парк Перамогі» і «Славянскі бульвар» Арбацка-Пакроўскай лініі ля стрэлачнага пераводу, які будуецца, да нядзеючых шляхоў Калінінскай лініі ў кірунку да станцыі «Менская» Маскоўскага мэтрапалітэну тры пярэднія вагоны электрацягніка мадэлі 81-740/741 «Русіч» (састаў цягніка: 0210-0766-0765-0764-0211, тып 81-740.4 / 81-741.4, 2010 году пабудовы, дэпо «Ізмайлава»), які рухаўся на хуткасьці 70 км/г, сутыкнуліся з цюбінгам папярочнай сьцяны зьезду і сышлі з рэек.

Участак ад «Парку Перамогі» да «Кунцаўскай» быў ачэплены й зачынены для руху да ліквідацыі наступстваў катастрофы, з гэтых станцый пачалася эвакуацыя пасажыраў.

Супрацоўнікі МНС Расеі й ратавальнікі грамадзкіх аварыйна-ратавальных фармаваньняў неадкладна прыступілі да выратаваньня пасажыраў. Пад час эвакуацыі высьветлілася, што адзін з вагонаў вельмі дэфармаваны. Некаторыя пацярпелыя не маглі самастойна выбрацца на паверхню, іх ратавальнікі эвакуявалі з дапамогай гідраўлічных інструмэнтаў.

Усяго ратавальнікі вывялі з мэтро на паверхню 189 чалавек, а найбольш дэфарміраваны вагон «дэблякавалі», каб выпусьціць зь яго пацярпелых: іх сталі выводзіць ды выносіць на паверхню.

Каля 10:55 на месца здарэньня прыбыў мэр Масквы Сяргей Сабянін, які заслухаў справаздачу апэратыўных службаў пра ход іх дзеяньняў. 16 лі­пе­ня было абвешчанае Днём жа­ло­бы па загінулых у ава­ры­і ў мэтру­па­лі­тэ­не.[1]

Галава МНС паведаміў, што інцыдэнт не разглядаецца як тэракт.

Ахвяры й пацярпелыя

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Колькасьць загінулых склала 24 чалавекі[2], зь якіх 21 чалавек сканаў на месцы, ды яшчэ 3 празь цяжкія цялесныя пакалечаньні цягам першых содняў пасьля аварыі. Пацярпелі 217 чалавек, зь іх 150 — шпіталізаваныя, 47 чалавек у цяжкім стане, паводле іншых крыніцаў 42. Каля дзясятка пасажыраў пасьля гэтай аварыі назаўсёды засталіся інвалідамі.

Сярод пацярпелых, паводле паведамленьня віцэ-прэм’ера РФ Вольгі Галадзец, расейцы з 12 рэгіёнаў, а таксама грамадзяне 5 іншых дзяржаваў: Кыргыстану, Малдовы, Таджыкістану, Узбэкістану й Украіны, а таксама 8 дзяцей (непаўналетніх), наймалодшаму было 4 з паловай гады.

Расьсьледаваньне

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

15 ліпеня Сьледчы камітэт РФ узбудзіў крымінальную справу па факце аварыі паводле артыкуле 263.1 п. 3 Крымінальнага Кодэксу РФ («Невыкананьне патрабаваньняў па забеспячэньні транспартнай бясьпекі на аб’ектах транспартнай інфраструктуры і транспартных сродках, што пацягнула па неасьцярожнасьці сьмерць дзьвюх або больш асобаў»). Месца аварыі было абсьледаванае сьледчымі, праведзенае апытаньне сьведак, відавочцаў, супрацоўнікаў мэтрапалітэну й Мосэнэрга. Расьсьледаваньне праводзіць цэнтральны апарат СК РФ. Афіцыйны прадстаўнік СК РФ Уладзімер Маркін паведаміў, што сьледзтва разглядае некалькі прычын аварыі: няспраўнасьць вагонаў, няспраўнасьць стрэлкі, прасяданьне палатна. Усе яны зьяўляюцца тэхнагеннымі, з магчымых прычын выключаны тэрарыстычны акт. У першыя гадзіны пасьля аварыі СМІ заяўлялі са спасылкай на МНС, што магчымай прычынай мог стаць скок напружаньня, празь які пачалося рэзкае тармажэньне саставу, аднак сьледчыя не знайшлі пацьверджаньня дадзенай гіпотэзы.

16 ліпеня былі затрыманыя двое падазраваных — старэйшы дарожны майстар службы пуцей Валерыяў Башкатаў і ягоны памочнік Юрыяў Гордаў, якія мелі дачыненьне да работ па кладцы срэлачнага пераводу. Па дадзеных сьледчых, стрэлачны мэханізм быў зафіксаваны неналежным чынам, што і прывяло да катастрофы. Прадстаўнік прафсаюзу мэтрапалітэна пагадзіўся з гэтай вэрсіяй, але паставіў пад сумнеў тое, што стрэлка была няправільна зафіксаваная менавіта трохмілімэтровым дротам.[3] Пазьней абвінавачваньне па гэтым жа артыкуле было прад’яўленае дырэктару па вытворчасьці ТАА «Спецтэхрэканструкцыя» Анатолю Круглову ды намесьніку начальніка дыстанцыі капітальнага рамонту службы пуцей ГУП «Маскоўскі мэтрапалітэн» Аляксею Трафімаву.

22 ліпеня мэр Масквы Сяргей Сабянін паведаміў пра звальненьне Івана Бяседзіна з пасады начальніка маскоўскага мэтро. Новым начальнікам быў прызначаны Дзьмітрый Пегаў.[4]

Шкода ад катастрофы склала 331 млн 740 тыс. расейскіх рублёў.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Катастрофа ў маскоўскім мэтрапалітэне (2014)сховішча мультымэдыйных матэрыялаў