Перайсьці да зьместу

Касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы і кляштар дамініканаў (Ружаны)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Гэта састарэлая вэрсія гэтай старонкі, захаваная ўдзельнікам EmausBot (гутаркі | унёсак) у 11:05, 27 кастрычніка 2012. Яна можа істотна адрозьнівацца ад цяперашняй вэрсіі.
Славутасьць
Касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы
Краіна Беларусь
Мястэчка Ружаны
Каардынаты 52°52′1″ пн. ш. 24°53′29″ у. д. / 52.86694° пн. ш. 24.89139° у. д. / 52.86694; 24.89139Каардынаты: 52°52′1″ пн. ш. 24°53′29″ у. д. / 52.86694° пн. ш. 24.89139° у. д. / 52.86694; 24.89139
Канфэсія каталіцтва
Эпархія Пінская дыяцэзія 
Ордэнская прыналежнасьць Ордэн дамініканаў
Тып будынка касьцёл
Архітэктурны стыль позьні рэнэсанс
Заснавальнік Леў Сапега
Будаваньне 16151617 гады
Статус ахоўваецца дзяржавай
Стан дзейны
Касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы на мапе Беларусі
Касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы
Касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы
Касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы
Касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы на Вікісховішчы

Касьцё́л Найсьвяце́йшай Тро́йцыкаталіцкі храм у Ружанах Пінскае дыяцэзіі[1], збудаваны на пачатку XVII стагодзьдзя па фундацыі Льва Сапегі.

Мінуўшчына

У 1596 Леў Сапега разам з жонкай (Аляксандрай з Тышкевічаў) заснаваў у Ружанах драўляную сьвятыню ў гонар Сьвятой Тройцы. У 1615—1617 роках перабудаваны ў камяні, пасьля неаднаразова быў рэканструяваны і рамантаваны. У 1768 і 1787 роках да царквы былі дабудаваныя дзьве капліцы: сьв. Крыжа і сьв. Барбары. У 1780-я храм быў перабудаваны паводле праекту запрошанага з Саксоніі архітэктара Яна Самуэля Бекера, набыўшы рысы «барочнага клясыцызму». У 1850 і 1891 адбываліся рамонты. За савецкім часам набажэнствы ў касьцёле не перапыняліся.

Архітэктура

Аднанэфавы храм з паўкруглай апсідай і 4-яруснай вежай пры ўваходзе. Ніжні ярус вежы — васьмярык на чацьверыку, астатнія васьмігранныя, танчэйшыя да верху, пакрытыя стромкім шатром. Ярусы аддзеленыя прафіляванымі карнізамі, дэкараваныя плоскімі нішамі і скразнымі арачнымі праёмамі.

Масіўныя сьцены нэфу знадворку ўмацаваныя контрфорсамі, па яго баках знаходзяцца капліцы. Нэф перакрыты цыліндрычнымі скляпеньнямі з распалубкамі, капліцы і сакрыстыі — крыжовымі скляпеньнямі, апсіда — конхавым з падпружнай аркай. Скляпеньне прэсьбітэрыя ўмацаванае падпружнымі аркамі.

Над уваходам у інтэр’еры разьмешчаныя хоры. У апсідзе галоўны алтар, у вырашэньні якога яскрава выяўленае прысьвячэньне Сьвятой Тройцы. Алтарная карціна, аформленая чатырохкалённым архітэктурным порцікам са штучнага мармуру, прадстаўляе Ўкрыжаваньне Хрыста, над ёю — Усёбачнае вока Бога-Айца, у консе апсіды — фрэскавая выява Сьвятога Духа ў выглядзе голуба. Раскрапаваны лучковы франтон упрыгожваюць скульптуры анёлаў і герб Сапегаў. Абапал калёнаў — драўляныя паліхромныя выявы апосталаў Пятра і Паўла.

Інтэр’ер храма багата ўпрыгожаны архітэктурнай плястыкай, скульптурай і жывапісам. Скляпеньні ўпрыгожаныя сюжэтнымі і дэкаратыўнымі кампазыцыямі на эвангельскія тэмы. Прэсьбітэрый ад нэфа аддзяляе каваная рашотка, прывезеная з колішняга касьцёлу ў Юдзінавічах. Акрамя зьвіваў, валютаў і кветак, яе кампазыцыя зьмяшчае таксама манаграмы фундатара касьцёлу Льва Сапегі.

Крыніцы і заўвагі

  1. ^ Ружаны — парафія Найсвяцейшай Тройцы Беларусь. Рыма-каталіцкі касьцёл у Беларусі. Праверана 15 красавіка 2012 г.

Літаратура

  • Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Менск: Беларус. энцыкл., 1993. — 620 с.: іл. ISBN 5-85700-078-5.
  • Zbigniew Hauser. Nowy ilustrowany przewodnik po zabytkach kultury na Białorusi. — Warszawa: 2005. — ISBN 83-87654-25-6
  • Michał Marczak. Przewodnik po Polesiu. — Brześć nad Bugiem (reprint: Lublin): reprint: Fundacja Pomocy Szkołom Polskim na Wschodzie im. Tadeusza Goniewicza, 1935 (reprint: 2008).

Вонкавыя спасылкі

Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр  112Г000644

Касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы і кляштар дамініканаў (Ружаны)сховішча мультымэдыйных матэрыялаў