Касьцёл Найсьвяцейшай Панны Марыі Анёльскай і кляштар бэрнардынаў (Амсьціслаў)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Гэта састарэлая вэрсія гэтай старонкі, захаваная ўдзельнікам EmausBot (гутаркі | унёсак) у 13:43, 16 кастрычніка 2012. Яна можа істотна адрозьнівацца ад цяперашняй вэрсіі.
Касьцёл і кляштар бэрнардынаў, зь піктаграфічнай мапы XVIII ст.

Касьцёл Найсьвяцейшай Панны Марыі Анёльскай і кляштар бэрнардынаў — колішні рымска-каталіцкі кляштарны комплекс у Амсьціславе. Дзейнічаў у XVIIIXIX стст. Знаходзіўся ў цэнтры места. Складаўся з драўлянага (з 1775 — мураванага) касьцёла, а таксама драўляных і мураваных кляштарных карпусоў.

Гісторыя

Сылюэт касьцёла (з правага краю)

У 1727 або 1729 харунжы віцебскі Я. Рамейка-Гуткоўскі разам з жонкай Крыстынай з Галынскіх фундаваў у Амсьціславе кляштар бэрнардынаў. Манахі ўтрымлівалі 6-клясную гімназію (праіснавала да 1831). Па здушэньні вызвольнага паўстаньня (18301831) царскім указам ад 19 ліпеня 1832 кляштар ліквідавалі.

У 1858 адбыўся пажар, які пашкодзіў будынкі. Па здушэньні нацыянальна-вызвольнага паўстаньня (18631864) расейскія ўлады ў 1870 гвалтоўна перарабілі касьцёл на царкву Маскоўскага патрыярхату. У перапісцы Сыноду і магілёўскага губэрнатара зазначаецца: «перабудаваць б. бэрнардынскі касьцёл выгадна, бо ён займае месца пры найгалаўнейшым бульварным пляцы»[1].

Сучаснасьць

Асноўны артыкул: Царква Сьвятога Аляксандра Неўскага (Амсьціслаў)

У наш час у значна перабудаваным будынку касьцёла разьмяшчаецца царква БЭМП. Кляштарны корпус не захаваўся.

Архітэктура

Абмерны рысунак касьцёла бэрнардынаў да перабудовы пад царкву Маскоўскага патрыярхату (леваруч) і ягоны сучасны стан (праваруч)

Касьцёл — помнік архітэктуры барока. Прастакутны ў пляне 1-нэфавы будынак пад двухсхільным дахам, з трыкутным франтонам у цэнтры і дзьвюма 3-яруснымі купальнымі вежамі. Над алтаром разьмяшчалася невялікая вежка-сыгнатурка.

1-павярховы кляштарны корпус разьмяшчаўся леваруч ад галоўнага фасаду касьцёла і флянкаваўся з тарцу абарончай вежай[2].

Крыніцы

  1. ^ Кулагін А. Каталіцкія храмы Беларусі. — Менск, 2008. С. 440.
  2. ^ Р. Баравы, Ю. Якімовіч. Каштоўны дакумент па гісторыі беларускай графікі і архітэктуры XVIII ст. // Помнікі культуры. — Менск, Навука і тэхніка, 1985.

Літаратура

  • Кулагін А. Каталіцкія храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. Кулагін; фатограф А. Дыбоўскі. — 2-е выд. — Менск: БелЭн, 2008. — 488 с.: іл. ISBN 978-985-11-0395-5.