Перайсьці да зьместу

Кастрычніцкі пераварот

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Кастрычніцкі пераварот у Расеі»)
Кастрычніцкая пераварот
Дата: 7 лістапада [ст. ст. 25 кастрычніка] 1917
Месца: Петраград, Расейская рэспубліка
Вынік: Перамога бальшавікоў
Супернікі
РКП (б)
Чырвоная гвардыя
Часовы ўрад Расеі
Камандуючыя
Уладзімер Ленін
Леў Троцкі
Павал Дыбенка
Сьцяг Расеі Аляксандар Керанскі
Сьцяг Расеі Пётар Красноў
Колькасьць
10 000 матросаў, 20 000—30 000 чырвонагвардзейцаў500—1000 дабраахвотнікаў, 1000 жаўнераў жаночага батальёну
Страты
Некалькі параненых чырвонагвардзейцаў

Кастры́чніцкі пераварот[1] (поўная афіцыйная назва ў СССРВялі́кая Кастры́чніцкая сацыялісты́чная рэвалю́цыя) — дзяржаўны пераварот, які адбыўся ў Петраградзе 25 кастрычніка (7 лістапада) 1917 году, у выніку чаго быў зьвергнуты Часовы ўрад Керанскага і да ўлады прыйшоў урад, сфармаваны ў выніку ІІ Усерасейскага зьезду Саветаў.

Пераварот быў узначалены бальшавікамі. Чырвонагвардзейцы, якія перайшлі на іхні бок, 7 лістапада 1917 году (н. ст.) захапілі дзяржаўныя ўстановы ў Петраградзе, а наступнага дня быў узяты Зімні палац, дзе разьмяшчаўся Часовы ўрад. 7—9 лістапада адбыўся другі Ўсерасейскі зьезд Саветаў, большасьць у якім складалі бальшавікі; зьезд перадаў уладу ў дзяржаве Усерасейскаму ЦК на чале зь Леніным. 12 лістапада адбыліся выбары ва Ўсерасейскі ўстаноўчы сход, большасьць у якім атрымалі сацыялісты-рэвалюцыянэры. Гэта не задаволіла бальшавікоў, якія распусьцілі сход пасьля першага ж паседжаньня 5 студзеня 1918 року. 17 ліпеня 1918 року была расстраляная царская сям’я.

З-за нязгоды з захопам улады бальшавікамі ў дзяржаве пачалася Грамадзянская вайна (1917—1922), пасьля чаго быў утвораны Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік.

У лютым ад улады быў адхілены цар Мікалай II, і ўлада перайшла да Часовага ўраду. Ва ўмовах працягу вайны і ўнутрыдзяржаўнага крызісу ягоная палітыка не карысталася падтрымкай грамадзянаў. Зьявіліся перабоі ў пастаўках харчаваньня, узровень вытворчасьці ўпаў на 36% у параўнаньні з узроўнем 1914 року, пачалося масавае беспрацоўе, упаў узровень жыцьця і заробкі. Замежны доўг Расеі склаў больш за 11 млрд рублёў.

Пасьля весткі пра тое, што Часовы ўрад зьбіраецца працягваць вайну з Цэнтральнымі дзяржавамі «да пераможнага канца», з траўня ў Петраградзе пачаліся дэманстрацыі рабочых і салдатаў з заклікамі да спыненьня вайны і перадачы ўлады саветам. Асабліва маштабныя акцыі адбываліся 3—4 ліпеня, калі на вуліцы выйшлі больш за паўмільёна салдатаў і рабочых. У выніку страляніны загінулі сотні дэманстрантаў. Пасьля гэтага ўрад распачаў арышты бальшавікоў, а Ўладзімер Ленін сышоў у падпольле.

У верасьні і кастрычніку пачаліся масавыя штрайкі маскоўскіх і петраградзкіх рабочых, шахтэраў Данбасу, мэталістаў Уралу, нафтавікоў Баку, тэкстыльшчыкаў, чыгуначнікаў. Да кастрычніка сталі рэгулярнымі забастоўкі сялянаў. Прадпрынятыя Часовым урадам карныя меры толькі раззлавалі сялянаў. Загады Часовага ўраду адмовіліся выконваць гарнізоны Петраграду, Масквы, Паўночнага і Заходняга франтоў, матросы Балтыйскага флёту. Да выступаў далучыліся жонкі вайскоўцаў, якія рабавалі прадуктовыя крамы з завышанымі, на іхнюю думку, цэнамі.

Пры Петраградзкім савеце, узначальваным бальшавіком Троцкім, быў створаны вайскова-рэвалюцыйны камітэт, куды ўвайшлі ўзброеныя рабочыя, матросы, салдаты. 31 кастрычніка [ст. ст. 18 кастрычніка] 1917 Петрасавет заручыўся неўмяшальніцтвам Петраградзкага гарнізону і, асабліва не хаваючыся, заняўся распрацоўкай пляну па захопе стратэгічных будынкаў. Апанэнты бальшавікоў чакалі паўстаньня з дня на дзень, аднак пераварот уновы з 24 на 25 кастрычніка стаў нечаканасьцю ў тым сэнсе, што яго ўяўлялі іначай: паўтарэньнем Ліпеньскіх дзён з выражаным намерам арыштаваць урад і захапіць уладу ў свае рукі.

Аднак дэманстрацыяў і задзейнічаньня гарнізону не адбылося. 6 лістапада [ст. ст. 24 кастрычніка] 1917 урад Керанскага чарговым разам закрыў бальшавіцкую газэту «Праўда» (якая тады выходзіла пад назвай «Рабочы шлях») і аддаў загад на арышт Камітэта, аднак тыпаграфія была лёгка адбітая Петрасаветам, а выканаўцаў загаду пра арышт не знайшлося. У адказ Керанскі ўдзень аддаў загад падняць усе масты ў Петраградзе (як рабілася ў Ліпеньскія дні), аднак сілы Петраградзкага савету зводзілі іх назад, а ўвечары ўзялі пад свой кантроль вакзалы, тэлефонную станцыю, тэлеграф, электрастанцыю.

Ранкам 7 лістапада [ст. ст. 25 кастрычніка] ў руках Часовага ўраду застаўся толькі Зімні палац, да якога падышлі аддзелы чырвонай гвардыі. На Няву прыйшла флятылія зь пяці караблёў, кранштацкія матросы таксама перайшлі на бок бальшавікоў. Сілы абаронцаў Зімняга палацу складалі прыкладна 200 чалавек жаночага батальёну сьмерці, 2—3 роты юнкераў і 40 інвалідаў. Штурм палацу пачаўся а 21:00 стрэлам зь Петрапаўлаўскай крэпасьці, а 2-й гадзіне ночы 8 лістапада [ст. ст. 26 кастрычніка] ён быў узяты, Часовы ўрад артыштаваны. Керанскі здолеў пакінуць палац раней.

Увечары 7 лістапада [ст. ст. 25 кастрычніка] у Смольным адкрыўся Другі Ўсерасейскі зьезд Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў, на якім большасьць галасоў атрымалі бальшавікі і эсэры. Зьезд абвясьціў пераход улады да Саветаў, наступнага дня прыняў Дэкрэт аб міры, скасаваў сьмяротнае пакараньне, абвясьціў Дэкрэт аб зямлі, якім зямля памешчыкаў канфіскоўвалася, землі, нетры, лясы, воды нацыяналізаваліся, сяляне атрымлівалі зямлю. Найвышэйшы органам Савецкай улады быў названы Ўсерасейскі цэнтральны выканаўчы камітэт, быў сфармаваны ўрад — Савет народных камісараў на чале зь Леніным. Перадача ўлады ня была ўспрынятая ўсімі. Цэнтральнае і правае крыло эсэраў, а таксама меншавікі назвалі пераварот «захопам улады бальшавікамі» і пакінулі зьезд у знак пратэсту.

9 лістапада [ст. ст. 27 кастрычніка] меншавікі абвясьцілі незалежнасьць Грузіі; на Доне сваю ўладу стварылі казакі. 11 лістапада [ст. ст. 29 кастрычніка] разгарнуліся антырэвалюцыйныя дзеяньні. У Царскае Сяло пад Петраградам увайшлі казакі на чале з Керанскім, які ў ультыматыўнай форме загадаў стралковаму гарнізону скласьці зброю. Пасьля адмовы адбылася страляніна, у якой 8 салдатаў гарнізону былі забітыя. Гэта настроіла жаўнераў у Петраградзе супраць Керанскага. 12 лістапада [ст. ст. 30 кастрычніка] Чырвоная гвардыя адбіла Царскае Сяло з рук казакаў, пасьля гэтага Керанскі пакінуў Расею.

У Маскве 7 лістапада [ст. ст. 25 кастрычніка] Вайсковы рэвалюцыйны камітэт захапіў арсэнал, тэлеграф, Дзяржаўны банк і іншыя стратэгічныя аб’екты. Аднак тут супраціў ім аказваў створаны Камітэт уратаваньня рэвалюцыі на чале з правым эсэрам Вадзімам Рудневым. Змаганьне тут працягвалася да 16 лістапада [ст. ст. 3] , пасьля чаго, не дачакаўшыся дапамогі з фронту, Камітэт склаў зброю.

25 лістапада [ст. ст. 12 лістапада] адбыліся выбары ва Ўсерасейскі ўстаноўчы сход, большасьць у якім нечакана атрымалі сацыялісты-рэвалюцыянэры, хоць на той час як партыя яны ўжо не існавалі. Калі Ўстаноўчы сход увайшоў у супрацьстаяньне бальшавікам, у студзені 1918 року ён быў разагнаны.

2 студзеня [ст. ст. 20 сьнежня 1917] 1918 дэкрэтам Уладзімера Леніна была ўтвораная ЧК, у верасьні 1918 пасьля замаху на Леніна пачаўся чырвоны тэрор.

Захоп улады бальшавікамі на тэрыторыі Расеі праходзіў адносна пасьпяхова, а іншыя часткі Расейскай імпэрыі пасьля Лютаўскай рэвалюцыі імкнуліся да незалежнасьці. Так, Украінская цэнтральная рада 20 лістапада 1917 року абвясьціла аўтаномную Ўкраінскую народную рэспубліку, падтрыманую Ўсеўкраінскім зьездам Саветаў. У выніку выбухнула вайна з Расеяй.

На неакупаваных немцамі тэрыторыях Эстоніі і Латвіі, а таксама ў Беларусі савецкая ўлада была ўсталяваная ў кастрычніку — лістападзе 1917 року.

Унутры самой Расеі ўтварылася антыбальшавіцкая кааліцыя, якая змагалася за ўладу да 1922 року. Карыстаючыся сэпаратным мірам Расеі з Цэнтральнымі дзяржавамі, Вялікабрытанія, Францыя, ЗША і Японія пачалі вайсковую інтэрвэнцыю, якая цягнулася два гады.

Кастрычніцкі пераварот на Беларусі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Кастрычніцкі пераваротсховішча мультымэдыйных матэрыялаў

  1. ^ Гражданская война в России: энциклопедия катастрофы / Сост. и отв. ред. Д. М. Володихин; науч. ред. С. В. Волков. — М.: Сибирский цирюльник, 2010. — С. 43. — 400 с. — ISBN 978-5-903888-14-6.