Перайсьці да зьместу

Кароль Дроздабарод

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Кароль Дроздабарод (ілюстратар — Johann-Mithlinger-Siedlung)
Пераапрануты кароль Дроздабарод забірае прынцэсу (малюнак Артура Рэкхема)
Ілюстрацыя да казкі К. Фогеля

Каро́ль Дроздабаро́д (па-нямецку: König Drosselbart) — рамантычная казка-навэля зь першага зборніку «Дзіцячыя і хатнія казкі» (Kinder- und Hausmärchen) братоў Грым (першае выд. 1812/1815) пад нумарам 52. Паводле сыстэмы клясыфікацыі казачных сюжэтаў Аарнэ — Томпсана мае нумар 900.

Увага: ніжэй знаходзіцца зьмест, які раскрывае сюжэт твору.

Казка апавядае пра тое, як на гледзінах жаніхоў фанабэрыстая прыгажуня-прынцэса адрынала аднаго за адным, сьмеючыся пры гэтым зь іхніх сапраўдных і ўяўных хібаў. Асабліва дасталося маладому каралевічу, які займаў у шэрагу маладых ці ня самае ганаровае месца. Любой дзяўчыне ён прыйшоўся бы даспадобы, аднак прынцэса палічыла, што ягоная бародка была значна вастрэйшая, чым мае быць, і надта вытыркаецца ўперад, таму яна празвала яго кароль Дроздабарод. У вынікі ўсе шляхетныя жаніхі сышлі ні з чым, і ашалелы стары кароль пакляўся аддаць дачку за першага жабрака, які прыйдзе ў палац. Праз пэўны час у замак завітаў вандроўны музыка, апрануты ў вярыгі, і кароль, стрымаўшы слова, аддаў яму сваю дачку. Жабрак павёў прынцэсу праз лугі, лясы й горы. Калі яна пытала свайго мужа, каму належаць усе гэтыя землі, той нязьменна адказваў, што ўсе яны — уласнасьць караля Дроздабарода. Так яны празь некалькі дзён дасягнулі вялікага места, якое таксама апынулася ўладаньнем Дроздабарода. Прынцэса спрабавала прызвычаіцца да цяжкага жыцьця простага народу, жывучы ў маленькай хаціне свайго мужа; яна спрабавала прасьці і вязаць кашы з ракітавай лазы, аднак рукі, ня звыклыя да цяжкае працы, не адолелі работу. Тады муж адаслаў яе гандляваць гаршкамі на кірмаш. Першы дзень прайшоў пасьпяхова, і дзяўчына зарабіла крыху грошай, аднак наступным днём на ейны тавар зьнянацку наляцеў на кані п’яны гусар і пабіў усе гаршкі. У рэшце рэшт муж праз знаёмых уладкаваў жонку ў каралеўскі замак посудамыйкай. Пад час бяседы, на якой прынцэса прыслужвала за ежу, яна раптам убачыла, як у залю ўваходзіць апрануты ў каштоўную вопратку кароль Дроздабарод. Кароль запрасіў яе на танец. Яна пайшла танцаваць, аднак тут з-пад крыса ейнае сукенкі і кішэняў раптам пасыпаліся аб’едкі, што прынцэса назьбірала за сталамі і намервалася аднесьці дадому. Прыдворныя тут жа высьмяялі яе, а дзяўчо ад сораму кінулася прэч з замку. Кароль як дагнаў і адкрыўся ей: гэта ён, Дроздабарод, і быў тым самым жабраком-музыкам, за якога стары кароль яе аддаў замуж. Менавіта ён разьбіў гаршчкі на плошчы і прымушаў вязаць кашы і прасьці, каб скарыць ейную фанабэрыстасьць і пакараць ейную пыху, празь якую яна калісь высьмеяла жаніха. Заплаканая прынцэса папрасіла мужа прабачэньня за нанесеныя крыўды, і каралеўская пара справіла ў палацы шыкоўнае вясельле.

Тут скончваецца зьмест, які раскрывае сюжэт твору.

Сэрыя паштовых марак НДР, выдадзеная ў 1967:

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Кароль Дроздабародсховішча мультымэдыйных матэрыялаў