Перайсьці да зьместу

Канвэнтгаўс

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Канвэнтхаўс»)
Магутны канвэнтгаўс у сталіцы Тэўтонскага ордэна Марыенбургу

Канвэнтгаўс (па-нямецку: Konventhaus) — замак-кастэль рэгулярнай формы з комплексам жылых, сакральных і гаспадарчых пабудоваў, згрупаваных вакол невялікага ўнутранага двара і маючых абарончыя прыстасаваньні на зьнешнім пэрымэтры.

Канвэнтгаўс быў вынайдзены Тэўтонскім ордэнам, таму ў нямецкамоўнай традыцыі яго наўпрост называюць Konventhaus ці Deutschordensburg (замак Тэўтонскага ордэна). Сама ідэя і форма канвэнтгаўса бярэ свой пачатак ад рэгулярных замкаў-кастэляў нямецкага тыпу, ці штаўфэнаўскіх кастэляў.

Дасканалы, амаль ідэальны ў пляне абрыс замка-канвэнтгаўса паўстаў з своеасаблівых патрэбаў рыцарскага ордэна, як адначасова манаскай і мілітарнай арганізацыі. Паказальным зьяўляецца пералік абавязковых для канвэнтхаўса збудаваньняў і элемэнтаў: капліца, капітэль (ці галоўная заля), рэфэкторыюм (сталоўка), дарміторыюм (спальня), бэргфрыд, нарожныя вежы і баявая галерэя ці ход па зьнешнім пэрымэтры сьцяны і звычайна на паддашку пабудоваў, якія прыбудоўваліся да сьцяны. Большасьць канвэнтгаўсаў мелі таксама цівінгэр (ці невысокую сьцяну на пэўнай адлегласьці ад галоўнай сьцяны), форбург (ці прадзамча) і т. зв. данскер[1].

У канвэнтгаўсах бэргфрыд згубіў сваю былую дамінуючую функцыю, што характэрна для замкавага будаўніцтва нямецкамоўнага рэгіёну, і быў уключаны ў абарону ў якасьці ўзмоцненай нарожнай вежы.

Тэорыі паходжаньня

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Аб паходжаньні канвэнтгаўса існуе шэраг тэорыяў:

  1. Трывалыя ўзаемаадносіны Гэрмана фон Зальца, магістра Тэўтонскага ордэна, з імпэратарам Фрыдрыхам ІІ Штаўфэнам, у якасьці верных палітычных саюзьнікаў, дазваляюць меркаваць, аб вялікім уплыве замкавага будаўніцтва Фрыдрыха разгорнутага ў паўднёваітальянскай Апуліі, у выніку якога паўсталі т. зв. Штаўфэнаўскія кастэлі, на дойлідзтва маладога Тэўтонскага ордэна.
  2. На абарончым дойлідзтве тэўтона магла пакінуць выразны сьлед «высокая школа» ўсходняга (ці арабскага) фартыфікацыйнага мастацтва. Тэўтонскі ордэн прымаў актыўны ўдзел у крыжовых паходах і меў свае замкі ў Палестыне[2].
  3. Вырашаўчымі маглі стаць фактары геаграфічных умоваў раўніннай, балоцістай Прусіі і хуткі пераход ордэна да цаглянага будаўніцтва[3].
  4. І зрэшты, як раней ужо заўважалася канвэнтхаўс мусіў адначасова сумяшчаць рысы манастыра (ад яго ён і атрымаў форму) з абарончымі функцыямі[4].
  1. ^ Friedrich Becker. Die Profanbauten des Deutschen Ritterordens in Preußen. Bromberg 1914 – S.13.
  2. ^ Krollman. Ostpreußens Burgen. S.12.
  3. ^ Friedrich Becker. Die Profanbauten des Deutschen Ritterordens in Preußen. Bromberg 1914 – S.12.
  4. ^ Erich Lindemann. Das Problem des Deutschenordensburgtypus. Berlin 1938 – S.57.