Калёна Сьвятога Сымпліцыяна (Фашчаўка)
Мэмарыяльная калёна | |
Калёна Сьвятога Сымпліцыяна
| |
Краіна | Беларусь |
Вёска | Фашчаўка |
Каардынаты | 54°09′06″ пн. ш. 30°29′18″ у. д. / 54.15167° пн. ш. 30.48833° у. д.Каардынаты: 54°09′06″ пн. ш. 30°29′18″ у. д. / 54.15167° пн. ш. 30.48833° у. д. |
Канфэсія | каталіцтва |
Ордэнская прыналежнасьць | ордэн езуітаў |
Першае згадваньне | XVIII ст. |
Дата заснаваньня | 1812 г.(?) |
Калёна Сьвятога Сымпліцыяна |
Калёна Сьвято́га Сымпліцыя́на — помнік у вёсцы Фашчаўцы Шклоўскага раёну Магілёўскай вобласьці. У мясцовым фальклёры мае назвы «фашчаўскі ёлуп»[1], «фашчаўскі ёлупень».
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Дакладнае прызначэньне мэмарыялу невядомае. Існуюць як мінімум дзьве вэрсіі. Паводле адной зь іх лічыцца, што помнік узьвялі каталіцкія манахі на месцы пахаваньня частак Сьвятога Крыжа Гасподня і мошчаў Сьвятога пакутніка Сымпліцыяна. Сьвятыні спачатку захоўваліся ў касьцёле, але пасьля паўстаньня 1830—1831 гадоў, калі расейскія ўлады пачалі перасьлед каталікоў, то вернікі перанесьлі часткі крыжа і мошчаў на могілкі і зрабілі калёну, а наверсе ўсталявалі скульптуру Сьв. Сымпліцыяна. Цэглу нібыта прывозілі з Варшавы[2].
Паводле іншай вэрсіі, у гады праўленьня польскага памешчыка прыйшоў у мястэчка аддзел езуіцкага ордэну на чале з рыцарам Сымпліцыянам, каб зьвярнуць жыхароў у каталіцкую веру. Народ паўстаў, а кіраўнік аддзелу загінуў. На мясцовых могілках у знак ушанаваньня і была ўзьведзена высокая калёна, зьверху якой — драўляны воін[1].
Беларускі пісьменьнік Уладзімер Караткевіч у рамане «Чорны замак Альшанскі» ўзгадаў пра фашчаўскую калёну: «У вёсцы Фашчаўка пад Шкловам была калісьці ў сярэднія вякі езуіцкая місія і поруч яе стаяла на высокай калёне статуя. Удзячны народ забыўся, хто гэта: сьвяты ці нейкі дзяржаўны дзяяч, але трывала замацаваў у слоўніку слова «ёлуп хвашчоўскі» для вызначэньня чагосьці дурнога і бескарыснага». Варта адзначыць, што дадзены эпізод сустракаецца толькі ў расейскамоўнай вэрсіі твору[1].
Згодна з успамінамі мясцовых жыхароў, драўляная скульптура Сьвятога Сымпліцыяна, што пастаўлена наверсе калёны, знаходзілася на штыры, які паварочваўся ў той бок, адкуль ішла вайна. Аднак у цяперашні час скульптура згніла, і постаць сьвятога больш у ёй не распазнаецца. Для аднаўленьня помніку ў мясцовай каталіцкай супольнасьці няма сродкаў[3].
Апісаньне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Чатырохгранная калёна вышынёй 10-15 м складзена з чырвонай цэглы. У аснове — квадрат, далей цыліндрычнай формы, калёна завужаная да гары, наверсе — драўляная скульптура.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Дучыц Л. У., Клімковіч І. Я. Старажытныя памятныя калоны Беларусі. Зборнік дакладаў і тэзісаў VI Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «Традыцыі і сучасны стан культуры і мастацтваў» (Мінск, Беларусь, 19-20 лістапада 2015 года) / гал. рэд. А. І. Лакотка; Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі. — Мінск, 2016. С. 578—583.