Калечыцы (шляхецкі род)
Кале́чыцы (па-польску: Kaleczyc, па-расейску: Калечиц, старабел. Калечыч), Калечыцы-Каліцкія, Калячыцкія — беларускі шляхецкі род, вядомы з XVI стагодзьдзя ў Наваградзкім і Менскім ваяводзтвах ВКЛ. Асноўная частка роду з канца XVI ст. жыла на землях Койданаўскага графства ў Менскім павеце.
Даводзілі свае шляхецкае паходжаньне ў Менскім ніжнім земскім судзе да 1817 г. (прадстаўлялі тры дакумэнты), матэрыялаў суду не захавалася. 2 красавіка 1859 году адна галіна роду была далучана да роду Каліцкіх гербу Котвіч Віленскай губэрні, зацьверджаных у дваранстве ўказам паводле Герольдыі 30.04.1837 за №4201 і была ўнесена ў I частку РК Ковенскае губэрні. Зацьверджана Ўказам Сэнату №5426 14.06.1860 г.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Калечычы ўпершыню згадваюцца на тэрыторыі ВКЛ у XV ст. Род, імаверна, паходзіць ад Калечычаў, якія трымалі землі ў сяле Калечычы Берасцейскага павета і прадалі за дазволам караля польскага і вялікага князя літоўскага Аляксандра Ягелончыка ў канцы XV стагоддзя жэрэбій Хадасоўскі вознаму гаспадарскаму Рачко. Галіны Калечычаў у Берасцейскім павеце насілі патронімы Ляневічы, Шыловічы і інш. У Наваградзкім павеце ў XVI ст. вядомыя Калечычы, якія першапачаткова выконвалі путную службу ў вайсковых атрадах пад харугвай паноў-рады Неміровічаў і карысталіся патронімам Хадасовічы. Каля сярэдзіны XVI стагоддзя падчас працэсу афармлення шляхецкага стану ў ВКЛ ўвайшлі ў склад зямян-шляхты, якая знаходзілася ў васальных адносінах з Неміровічамі, Давойнамі, а з 1576 г. Радзівіламі. На прыналежнасць далятыцкіх зямян да шляхты паказваюць дакументы, унесеныя ў актавыя кнігі Наваградзкага (1557 г.), Берасцейскага (1576 г.) гаспадарскіх судоў ВКЛ, прыватныя лісты полацкага ваяводы Станіслава Давойны баярам (1570 г.), інвентары маёнтка Далятычы (1680 г.). Першы дакументальны продак Якуб Андрэевіч Калечыц (Каліціч) Хадасовіч, баярын і ураднік маёнтка Вераскава ў Наваградзкім павеце, у лістападзе 1557 гг. атрымаў за заслугі права на вольнасць зямянскую з грунтаў у сяле, названым Калечыцы ад Настассі Вацлаваўны з Неміровічаў Мікалаевай Глябовічавай, дачкі Вацлава Неміровіча, намесніка Любецкага і Мцэнскага і жонкі Мікалая Станіслававіча Глябовіча, ваяводзіча Полацкага і падстарасты Дарагіцкага. 25.11.1557 г. у запісным лісце ад Настассі Глябовічавай сваёй дачцэ Раіне Якубавай Красоўскай на маёнтак Вераскава, унесеным у актавыя кнігі Наваградзкага гаспадарскага замкавага суда, адзначана, што названы Рыгорам Горлам, намеснікам і гараднічым Наваградзкім, "баярынам" Якуб з Хадасовічаў Каліціч, ураднік Вераскоўскі, вызвалены ад іншых баярскіх павіннасцей асаблівым лістом і павінен служыць "тым жа звычаем, як і шляхта". Права на землі ў Калечыцах Якубу Андрэевічу Калечыцу было актыкавана рэвізорамі князёў Радзівілаў Білевічам 20.12.1642 г. і Сыцькам 20.08.1680 г., унесена, ў ліку рэестра праў зямян далятыцкіх, у акты Галоўнага Літоўскага трыбунала 24.01.1702 г. за подпісам Крыштафа з Братошына Дэшпат Зяновіча, маршалка трыбунальскага.
Перад 1535 г. маёнтак Вераскава, у якім жылі путныя слугі Хадасовічы, належаў Юр'ю Юр'евічу Неміровічу, маршалку гаспадарскаму, які пакінуў маёнтак Настассі Вацлаваўне Неміровічаўне (1541 г.). У 1567 г. на попіс войска ВКЛ Калечыцы з Калечыц станавіліся ў складзе почта Якуба Красоўскага з Вераскава з казацкім, або лёгкаконным, рыштункам (панцыр, прылбіца, сагайдак, рагаціна). У наступныя гады Вераскава перайшло да сына Зофіі з Неміровічаў полацкага ваяводы Станіслава Давойны. У 1570-я гады Вераскава ў складзе Дзяляціцкай воласці і маёнтка Ўселюб перайшло да ваяводы Віленскага Мікалая Радзівіла Рудога "разам з баярамі-шляхтай і іх маёнткамі", якія належалі да двара Дзяляціч, што было актыкавана ў Берасцейскім земскім судзе.
12.06.1649 г. Ярашу, Якубу і Сцяпану Калечыцам нададзена права рэвізораў кн. Багуслава Радзівіла Яна Сасноўскага, стольніка Віленскага і палкоўніка войскаў ВКЛ, Самуэля Галяёўскага, камісара Слуцкага і Самуэля Лязьніцкага, падстарасты і рэвізора Слуцкага на "прыкупны" грунт у Бернічаве ад фальварку Вераскоўскага ў поў-каня зямянскага. З сярэдзіны XVII ст. частка прадстаўнікоў роду ў Наваградзкім павеце менаваліся Беняшэвічамі.
З канца XVI ст. Калечыцы сустракаюцца ў Койданаўскім маёнтку кн. Радзівілаў у Менскім павеце. На роднасныя сувязі асобаў з-пад Дзяляціч і з-пад Койданава паказвае прыналежнасць абодвух родаў з агульным рэдкім прозвішчам, якое не з'яўлялася ані патранімічным, ані тапанімічным, а паходзіла або ад мянушкі, або мела паўднёва-славянскае паходжанне (гл. ніжэй), да саслоўя вайскова-служылых людзей, ці дробнага рыцарства (баяры, зямяне XVI ст.) і пражыванне іх у суседніх маёнтках, належачых Крыштафу Радзівілу "Пяруну" і яго нашчадкам у канцы XVI-XVII ст., далучэнне прадстаўнікоў дзяляціцкай і койданаўскай галін да роду Каліцкіх пры вывадзе шляхецтва ў XIX ст. У інвэнтары графства 1588-89 г. Раман і Іахім Калечычы, верагодныя ўнукі Вераскоўскага ўрадніка Якуба Калечыца Хадасовіча, трымалі дзьве валокі сяла Макаўчыцы на павіннасьці служак лістоўных. За карыстаньне зямлёй былі абавязаны конна езьдзіць зь лістамі па патрэбах князя. У 1620 г. Раман Калечыч зьяўляўся койданаўскім машталерам, або старэйшым стаенным, аб’ездчыкам і страмяным двара кашталяна Віленскага Януша Радзівіла, а затым Крыштафа ІІ Радзівіла, гетмана польнага Літоўскага. Яхім Калечыч быў адказны за продаж воўны, сабранай у фальварках койданаўскага маёнтка, магчыма падключнік, або стаднічы койданаўскі (1620г.).
У канцы XVI—XVII ст. Калечыцы трымалі грунты ў Макаўчыцах і навакольных засьценках, у тым ліку купіну ад Гая і ад Чарнікоўшчыны, у Цішкавым Бродзе, на Верташках у Сцюдзенца і над Машніцай, ля навасельскіх грунтаў паноў Ждановічаў. 30.04.1638 г. Ян Ждановіч перадаў застаўное права на грунты ў маёнтку Навасёлкі Марку Калечыцу. У застаўным валоданні ад Даніэля Скіндара Калечыцы трымалі лежачы на ўзгорку над р. Уса фальварк Ярашоўка Казінцоўшчына ў складзе маёнтка Навасёлкі з аседлымі баярамі Казінцамі. Маёнткам Навасёлкі зь сялянамі валодалі некалькі шляхецкіх сям’яў на земскім праве, паводле якога дзедзічныя і застаўныя трымальнікі зямлі несьлі конную земскую, ці шляхецкую службу (Статут ВКЛ 1588 г., разд.2, арт.4: "Тежъ уставуемъ, естли бы которий панъ або шляхтичъ одинъ другому имен[ь]е в суме пенезей заставилъ, тогды тотъ, хто закупит и в деръжанью будеть, службу земъскую с того заступовати мает и повиненъ будеть"). У 1655 г. Землі ў Навасёлках, атрыманыя ў 1638 г., былі перададзеныя Маркам Калечыцам ў застаўнае валоданне Аляксандру Аравінка-Аўсядоўскаму, што было пацверджана ўлеўковым лістом Станіслава Ждановіча. Гэтыя ж землі былі абмененыя Ждановічам і Аўсядоўскімі ў 1676 г., што засведчана лістом і ўнесена ў судовыя кнігі ў 1687 г. за подпісам Багуслава Ўніхоўскага, пісара земскага Наваградзкага і маршалка трыбунальнага ВКЛ: Кавалеўшчына, "у Грыневым Хвойніку пад Ярашоўкай", "у Петрылаве да Падліп'я", і іншыя, усяго грунтаў 7 "штук".
Акрамя таго, Марка Калечыц разам з панам Шацілам трымаў грунт Крошынскі - "праз роў зарослы за рэчкай Чартарыйкай" гара і ніва названыя Крошынскія, якія на гэты час Паны Марэк і Шаціла, зямяне койданаўскія, ужываюць...". У XVII ст. Калечыцы аселі ў засьценку Вуглы, ці Пяткевічы, які дагэтуль уваходзіў у склад зямель маёнтка Навасёлкі і быў у валоданьні Багуфалаў (лес і поле Вуглы). Прадстаўнікі старай галіны жылі ў XVII ст. у Наваградзкім павеце ў сёлах Калечыцы, Галковічы, Бернічава Дзяляціцкай воласьці на паконьшчыне, або зямянскім чыншу. Трымалі землі фальварка Яўневічы, засьцянковыя землі ва ўрочышчы Падальшышча, на Машукоўцы, Юрэвічах, пад Чэрцежай і на Маковішчах.
У XVIII ст. род жыў у мястэчку Койданаве, вёсках і засьценках Макаўчыцы, Загарадзьзе, Абрамаўшчына, Леднікі, Цяўлава, Воўка, Уса, Пяткевічы, Дабрынёва, Плевакі, Лісі Вугал і інш. Трымалі грунты на баярскай павіннасьці, чыншу і цяглыя надзелы, у залежнасці ад роду зямельнага трымання і звязаных з ім абавязкаў. На зямянскім (ленным) праве з абавязкам удзелу ў паспалітым рушэнні трымалі зямлю Яцкоўшчына, або Яцукоўшчына, ці Янчыкоўшчына каля засьценку Машчонае, зямлю ў засценку Леднікі. Зь Янчыкоўшчыны зьехалі да канца XVIII ст., пакінуўшы землі кроўным Паўлоўскім. Разам з сваякамі Паўлоўскімі і Гарадзецкімі ў XVIII ст. трымалі ў арэндзе землі фальварка Уса Койданаўскага графства, якія лічылі галоўным сваім уладаньнем і пісаліся ў мэтрычных кнігах Койданаўскага касьцёлу «з Усы».
У лютым 1787 г. пад актам лаўдуму Менскага ваяводзтва падпісаўся Якуб Калячыцкі зь Пяткевіч. На грамнічных сойміках 1787 г. вырашаліся пытаньні выбараў дэпутатаў, судзьдзяў Галоўнага Трыбунала, пацьверджаньня прывілеяў на ўрады абывацелям Менскага ваяводзтва, а таксама быў абраны на пасаду старосты менскага Міхал Геранім Бжастоўскі.
У лютым 1789 г. на грамнічным сойміку Пётар і Станіслаў Калечыцы зь Пяткевіч у ліку «абывацеляў рыцарства і шляхты ваяводства Менскага» падпісалі акт Suffragia Votorum аб абраньні на пасаду менскага земскага судзьдзі пана Ігнація Дашкевіча, які быў унесены ў актавыя кнігі Менскага земскага суда 11.02.1789 г. харужым менскім і віцэ-маршалкам Галоўнага Трыбунала ВКЛ Стэфанам зь Яксаў Быкоўскім.
У табелі харугвы койданаўскіх зямян ваяводы Віленскага Караля Станіслава Радзівіла ў 1787 г. пазначаныя гемайны (жаўнеры кавалерыі па тыпу іншаземнага аўтарамэнту) Міхал і Павел Калечыцы з пяткевіцкай галіны.
У XIX—XX стагодзьдзях значная частка роду ўваходзіла ў падатковыя станы і жыла ў койданаўскай і станькаўскай валасьцях Менскага павету. Асобныя галіны жылі ў Менску, Пецярбургу, Маскве, дзе іх прадстаўнікі ўвайшлі ў склад чыноўніцтва і дробных служачых. У 1840-я гг. нашчадак роду з-пад Дзяляціч асеў у маёнтку Старынкі койданаўскай парафіі Мінскага павета, пасля ў маёнтку Багушэвічы Ігуменскага павета, у 1859 г. быў далучаны да шляхецкага роду Каліцкіх Ковенскай губерні і ў 1860 г. зацьверджаны ў дваранстве. Род Каліцкіх у Віленскай і Ковенскай губернях паходзіў ад Міхала Калечыцкага, сына Яна Станіслававіча Калецкага, набілітаванага разам з братамі ў 1533 г. і атрымаўшага ў 1576 г. па тэстаменту дзядзькі Мацея Калецкага, ці Калечыцкага, каралеўскага сакратара і каноніка Віленскага набытую ім частку маёнтка Калечыцы на мяжы Берасцейскага і Бельскага паветаў, землі Калечычаў у XV ст. У 1862 г. да роду Калечыцаў-Каліцкіх быў далучаны нашчадак роду з Пяткевіч, зацьверджаны ў дваранстве Герольдыяй Сената не быў з нагоды запіса ў падатковых станах у папярэдніх рэвізіях.
У 18 - пач. 20 ст. прадстаўнікі роду бралі шлюб з шляхтай з наступных родаў: з Герждаў Герждовіч, Філіповіч, Ждановіч, Ёдка, Бялыніцкі-Біруля, Дашкевіч, Шаціла, Вароніч, Некраш, Шабуня, Камароўскі, Юрэвіч, Урублеўскі, Пірагоўскі, Беняш-Крывец, Марціноўскі, Луцэвіч, Якубоўскі, Шпілеўскі, Дзядзюля, Каржанеўскі, Бакіноўскі, Паўлоўскі, Загароўскі, Паўлюць і інш.
Веравызнаньне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У канцы XVI - пач. XVII ст. род быў, кальвінскага веравызнаньня (прыхаджане кальвінскіх збораў у Дзяляцічах, Уселюбе і Койданаве). У распараджэньні Крыштофа Радзівіла ў пачатку ХVII ст. зьмяшчаецца патрабаваньне да зямян, мяшчан і падданых, каб наведвалі ўселюбскі кальвінскі збор.
Прадстаўнік роду запісаны ў інвентары Дзяляціч 1652 г. "Панужэнцам" (Ponurzeniec), г.зн. пратэстантам навукі панужэнцаў, ці анабаптыстаў.
Ад 1-й паловы XVIII ст. прадстаўнікі койданаўскай галіны хадзілі ў койданаўскаю ўніяцкую царкву, койданаўскі рыма-каталіцкі касьцёл і станькаўскую ўніяцкую царкву; навагародзкай галіны — прыхаджане ўселюбскага касьцёла.
Уладаньні
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Калечыцы, Калецічы, Калітычы, Калічычы. Сяло маёнтка Вераскава, нададзена баярыну і ўрадніку Вераскоўскаму Якубу Андрэевічу Каліцічу Хадасовічу ад Настассі з Неміровічаў Мікалаевай Глябовічавай у лістападзе 1557 г. У XVII ст. зямянскае сяло ў Дзяляціцкай воласці Наваградскага павета. У XVIII ст. зямянскі засценак. Калечыцы валодалі зямлёй на ленным праве (зямянскай службе).
Бернічава, Пасада Бернічаўская. Зямля, каля сяла Калечыцы, набытая Калечыцамі каля 1649 г.
Яўневічы. Фальварк у Далятыцкай воласці Наваградскага павета. Частка зямель перайшла паводле тэстамента генерала Наваградзкага ваяводзтва Яна Енцалевіча 1666 г. да яго сястры Эльжбеты Ярашавай Беняшэвічавай (Калечыцавай). У 1680 г. сярод трымальнікаў зямель фальварка Сцяпан Беняшэвіч (Калечыц), брат Яраша.
Галковічы. Сяло ў Дзяляціцкай воласці. У XVII ст. Калечыцы валодалі зямлёй у Галковічах на зямянскай службе.
Падальшышча. Урочышча ў Дзяляціцкай воласці. Калечыцы трымалі землі ў XVII—XVIII стагодзьдзях.
Навасёлкі. Маётнасць у Менскім павеце:
Калечыцы трымалі фальварк Ярашоўка Казінцоўшчына з аседлымі баярамі Марцінам, Андрэем Казінцамі, удавой Рамана Казінца паводле застаўнага права ад Даніэля Скіндара.
Навасёлкі. Маётнасць у Менскім павеце: 30.04.1638 г. Калечыцы атрымалі застаўнае права на валоданне мясцовымі землямі пад Ярашоўкай ад Ждановічаў.
Навасёлкі. Маёнтнасць у Менскім павеце: Грунт Крошын, ці Крошынскі, гара і ніва Крошынскія праз роў зарослы за рэчкай Чартарыйкай.Калечыцы трымалі ў XVII ст. Згодна з інвентаром 1583 г., на грунце Крошынскім у 1 морг 10 прутоў сядзеў селянін.
Яцукоўшчына, Янчыкоўшчына, Гай Усскі. Зямля, пасля засценак паміж Заберажжам і Машчоным у Койданаўскім графстве. У XVIII ст. Калечыцы трымалі на ленным праве.
Пяткевічы (Вуглы). Засьценак у маёнтку Вязынь Койданаўскага графства ў Менскім павеце. Да пачатку XVII стагоддзя лес і поле Вуглы ў складзе земскага маёнтку Навасёлкі Багуфалаў. У XVII ст. аселі Калечыцы і разам з Варонічамі і Міхалоўскімі заснавалі засьценак.
Калатоўка. Зямля ў Цішкавага Броду пад Макаўчыцамі. Набыта Калечыцамі у ключніка койданаўскага Міхала Дземідовіча да 1648 г.
Карэндзянка. Урочышча і сенажаць сялян Карэндаў над ракой Уса. Землі трымалі ў XVII ст. Калечыцы, койданаўскі падстароста Рыгор Сухадолец (Сухадольскі), койданаўскі войт Ян Пуцята, Плявакі, Лапкоўскія, Навіцкія.
Уса, Уса Маствілаўская. Маёнтак у Менскім павеце. З сяр. XVII ст. паводле застаўнага права палова маёнтка перайшла да Гарадзецкіх. У XVIII ст. Калечыцы разам з сваякамі Гарадзецкімі і Паўлоўскімі трымалі землі Ўсы.
Шумшчына, раней Трасцянец. Засценак ад часткі маёнтка Ўса Маствілаўская- Уса Навасады. У складзе Усы Навасадаў належала слуцкаму калегіўму езуітаў. У 18 ст. Калечыцы трымалі Шумшчыну ад слуцкіх езуітаў.
Жыжма. Фальварак у Лідзкім павеце. У 1831 г. перададзены Калечыцам паводле эксдывізіі Аранскіх.
Ганута. Фальварак у Ігуменскім павеце ў складзе маёнтку Багушэвічы. Перададзены Калечыцам у 1862 г. у закладнае валоданьне ад Баляслава Свентаржэцкага. Перайшоў да сваякоў Янушкевічаў.
Станькава. Фальварк з 13 дзесяцінамі зямлі пры маёнтку Станькава гр. Чапскіх. У 1889 г. у валоданьні Леапольда Калечыца, рахмістра маёнтка Станькава.
Генэтычныя дасьледваньні
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Згодна з вынікамі дасьледваньня ДНК, праведзенага кампаніяй Family Tree DNA (ЗША), нашчадкі галін роду з засьценкаў Пяткевічы і Дабрынёва маюць вынік — I2a P37.2 М 423-DinS, PH908+, тыповы для харват і сэрбаў. Выяўлена генэтычная роднасьць у часы раньняга і клясычнага сярэднявечча з наступнымі феадальнымі родамі дзяржаваў Балканскага паўвострава: Рукавіна-Ўладміравіч, Накіч, Зорыч, Дарабаш, Франіч, Крыжыч, большасць якіх генеалагічна паходзіла з сярэднявечнай Босніі. Сярод польскіх родаў найбліжэйшымі генэтычнымі родзічамі зьяўляюцца Чапліцкія і Відаўскія. Паводле Летапісу Мілейчыцкай царквы кан. ХІХ ст., Мілейчыцы на Падляшшы, у ваколіцах якіх у XV ст. жылі Калечычы ў сяле Калечычы, былі заселены перасяленцамі з Сербіі, Балгарыі, Босніі, пераважна баснійцамі, пасля нашэсця на Балканы туркаў-асманаў.
Радавод асобных галін
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Радаводы пададзеныя часткова, складзеныя на падставе інвентароў маёнткаў кн. Радзівілаў і не ўключаюць усіх прадстаўнікоў роду. Агульнае паходжанне абодвух галін мяркуецца на падставе далучэння да аднаго роду ў XIX ст. і прыналежнасці продкаў- носьбітаў нераспаўсюджаннага прозвішча да вайскова-служылага насельніцтва ў двух суседніх маёнтках князёў Радзівілаў у XVI-XVIII ст.
І. "Далятыцкая" галіна. Трымалі землі ў маёнтку Далятычы кн. Радзівілаў у Наваградзкім павеце. Нашчадкі, ў 1857 г. прылічаныя да мінскіх мяшчан, далучаліся ў 1859 г. да роду Каліцкіх гербу Котвіч Ковенскай губерні з прозвішчам Калечыц-Каліцкі (з узгадкай у сфальсіфікаваных дакументах быццам бы XVIII ст. формы прозвішча "з Калечыц Каліцкія"); іншыя, відавочна, удзельнічалі ў вывадзе роду Беняш-Крывец гербу Астоя Гарадзенскай губерні. Зацьверджаныя ў расейскім дваранстве.
1. Андрэй Хадасовіч. Нар. у канцы XV ст., прыкладна, каля 1480 г. Вядомы з імя па бацьку.
2.1 Якуб Андрэевіч Калечыц (Каліціч) Хадасовіч. Каля 1510 г. - пасля 1557 г. Ураднік Вераскоўскі. У лістападзе 1557 г. атрымаў за заслугі права на вольнасць земскую з грунту ў Калечыцах ад Настассі Вацлаваўны Неміровічаўны Глябовічавай.
3.2 N Калечыч з Калечыч
4.3 Рыгор (Грышка) "Панужэнец" (анабаптыст) Калічыц. Зямянін маёнтка Далятычы (1652 г.). Відавочна, тоесны Юрыю Беняшу-Крыўцу з фальсіфікаванага радавода роду Беняшаў-Крыўцоў у XIX ст.
5.4 Якуб Калечыц. У 1649 г. атрымаў права ад рэвізораў кн. Багуслава Радзівіла на куплю зямлі ў Бернічаве.У 1666 г. з прозвішчам Беняшэвіч атрымаў падцвярджальнае права кн. Багуслава Радзівіла на землі ў Калечыцах.
6.4 Яраш Калечыц.У 1649 г. атрымаў права ад рэвізораў кн. Багуслава Радзівіла на куплю зямлі ў Бернічаве. У 1666 г. з прозвішчам Беняшэвіч атрымаў падцвярджальнае права кн. Багуслава Радзівіла на землі ў Калечыцах. Жонка Гальшка (Эльжбета) Енцалевіч, сястра Яна Енцалевіча, генерала Наваградзкага ваяводства і яго спадчынніца ў фальварку Яўневічы.
7.4 Стэфан Калечыц. У 1649 г. атрымаў права ад рэвізораў кн. Багуслава Радзівіла на куплю зямлі ў Бернічаве. У 1666 г. з прозвішчам Беняшэвіч атрымаў падцвярджальнае права кн. Багуслава Радзівіла на землі ў Калечыцах. У 1682 г. трымальнік зямель у фальварку Яўневічы.
ІІ. "Койданаўская" галіна. Трымалі землі ў маёнтку Койданава кн. Радзівілаў у Менскім павеце. Асобныя нашчадкі падавалі дакументы аб шляхецкім паходжанні ў Мінскі ніжні земскі суд да 1817 г., у 1862 г. далучаліся да роду Калечыцаў-Каліцкіх гербу Котвіч Ковенскай губерні, зацьверджаных у дваранстве ў 1860 г., падавалі дакументы ў Мінскі ДДС, Герольдыяй Сената ў дваранстве не зацьверджаныя. Вольныя людзі, аднадворцы, мінскія і койданаўскія мяшчане, сяляне Койданаўскай і Станькаўскай валасцей Мінскага павета.
1. Андрэй Хадасовіч. Нар. у канцы XV ст., прыкладна, каля 1480 г. Вядомы з імя па бацьку.
2.1 Якуб Андрэевіч Калечыц (Каліціч) Хадасовіч. Каля 1510 г. - пасля 1557 г. Ураднік Вераскоўскі. У лістападзе 1557 г. атрымаў за заслугі права на вольнасць земскую з грунту ў Калечыцах ад Настассі Вацлаваўны Неміровічаўны Глябовічавай.
3.2 N Калечыч з Калечыч
4.3? Яхім (Іахім) Калечыч. Каля 1570 г. - да 1648 г. баярын Койданаўскага замка, слуга дворны кн. Януша Радзівіла, кашталяна Віленскага. Трымаў 1 валоку ў с. Макаўчыцы, засцянковыя землі ў Верташках у Сцюдзёнца, над Машніцай, ад Гая да Чэрнікаўшчыны. Адказваў за продаж воўны, сабранай у койданаўскім маёнтку, магчыма падключнік, або стаднічы койданаўскі (1620г.).
5.3? Раман Калечыч. Каля 1570 г. - да 1648 г. баярын Койданаўскага замка, машталер Койданаўскага замка (1620 г.). Трымаў 1 валоку ў с. Макаўчыцы, засцянковыя землі ў Верташках у Сцюдзёнца, над Машніцай, ад Гая да Чэрнікаўшчыны.
6.4 Марцін Калечыч. Каля 1590 г. - да 1620 г. Трымаў зямлю Сідаровічаў у сяле Макаўчыцы. Жонка, верагодна, дачка Сідара Сямёнавіча, падвойскага койданаўскага.
7.6 Марка Калечыц (Калічыц, Калячыцкі). Каля 1615 г. - пасля 1682 г. Койданаўскі зямянін. Трымальнік зямель на баярскай службе ў Макаўчыцах, у Вязынскім зямянскія тракце ў Пяткевічах (Вуглах, ранейшай частцы Навасёлак), урочышчы Карэндзянка (разам з койданаўскімі падстарастай, войтам і зямянамі, службоўца?), грунта Крошынскага, пляца ў м. Койданава. Пасэсар маёнтка Навасёлкі на застаўным праве. Кальвініст. Жонка Апалонія Букар (v. Еўтуховіч), унучка койданаўскага машталера Стэфана Еўтуховіча.
8.7 Тэадор Калечыц (Калячыцкі). Каля 1650 г. - пасля 1721 г. Войт с. Макаўчыцы (1670 г.), трымальнік чыншавых і вольных ад павіннасцей зямель у Макаўчыцах, койданаўскі зямянін на Яцукоўшчыне (Янчыкоўшчыне), урочышчы засценка Хомічы (1721 г.). Нашчадкі на зямянскай і баярскай службе ў засценках Пяткевічы, Янчыкоўшчыне, Дземідовічах, м. Койданава.
9.7 Мікалай Калечыц (Калячыцкі).Каля 1650 г. - пасля 1717 г. Саладоўнік плябаніі пры Койданаўскім замку (1670 г.), трымальнік чыншавых і вольных ад павіннасцей зямель у Макаўчыцах, Навасёлках, зямель на баярскай службе ў Пяткевічах, пляца ў м. Койданава. Нашчадкі на зямянскай і баярскай службе ў засценках Цяўлава, Леднікі, Дабрынёва.
Вядомыя прадстаўнікі роду
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Якуб Андрэевіч Калечыц (Каліціч) Хадасовіч (каля 1510 - пасля 1557), баярын і ўраднік (намеснік) Вераскоўскі. Атрымаў сяло Калечыцы на земскай службе ад Настасьсі зь Неміровічаў Глябовічавай.
- Марка Марцінавіч Калечыц (каля 1615 - да 1695), зямянін койданаўскі Вязынскага тракту. З 1630-х гг. застаўны пасэсар часткі маёнтка Навасёлкі, у межах якога трымаў фальварк Ярашоўка Казінцоўшчына з баярамі, грунты пад Ярашоўкай, у Крошыне Акалоўскім, Калатоўцы, Вуглах (Пяткевічах) у Вязынскім тракце, ва ўрочышчы Карэндзянка, Ельне ў койданаўскай воласці.
- Пётр Стэфанавіч Калечыц (1770 г.н.), капітан 2-га палка пяхоты Легіёна Віслы ў складзе імператарскай гвардыі Вялікай арміі ў 1812 г., меркавана камандзір 1-й гранадзерскай кампаніі 2-га батальёна.
- Леапольд-Афанасій Антонавіч Калечыц-Каліцкі (1826 г.н.), земскі фельдшар 3-га стану Мінскага пав., рахмістр маёнтка Станькава, уладальнік фальварка Станькава (13 дзесяцін).
- Адольф-Рамуальд Іосіфавіч Калечыц (1859 г.н.), старэйшы лясны рэвізор Арэнбургскай губ., ганаровы міравы суддзя Верхатурскага пав., калежскі саветнік, кавалер орд. Св. Ганны 3 ст., орд. Св. Станіслава 3 ст.
- Вадзім Адольфавіч Калечыц (1886-1957), сын А.І.Калечыца. Скончыў медычны ф-т Казанскага ўніверсітэта (1912 г.), запасны лекар санітарнага апалчэння па Казанскай губ. Падчас I Сусьветнай вайны лекар 93-га своднага эвакуацыйнага шпіталя. Служыў у белай арміі генерала Дутава. Удзельнік II Сусьветнай вайны, падпалкоўнік медычнай службы.
- Казімір Раймундавіч Калечыц (1868 г.н.), чыноўнік наваградскага павятовага з'езду, акруговага суда, губернскі сакратар (1912 г.).
- Ілля Іванавіч Калечыц (1850 г.н.), унтэр-афіцэр, удзельнік Расейска-Турэцкай вайны 1877-1878 гг.
- Павел Антонавіч Калечыц (1871-1945), адзін з заснавальнікаў мінскага аддзялення пецярбургскага спартыўнага таварыства "Санітас" (1913 г.), служачы Лібава-Роменскай чыгункі, адстаўны ўзводны феерверкер (1914 г.).
- Уладзімір Паўлавіч Калечыц (1899-1942), сын П. А. Калечыца. Да 1917 г. паштова-тэлеграфны чыноўнік. Начальнік маб. аддзела Ўпраўлення сувязі БССР, тэхнік-інтэндант 1 ранга, начальнік Цэнтральнага тэлеграфа БССР у г. Мінск, рэпрэсаваны ў 1938 г.
- Мікалай Паўлавіч Калечыц (1903-1977), сын П. А. Калечыца. Аграном, дырэктар Мінскай балотнай станцыі - эксперыментальнай гаспадаркі НДІ меліярацыі і воднай гаспадаркі. Удзельнік II Сусьветнай вайны, гвардыі лейтэнант.
- Ігнацій Лукіч Калечыц, рахунковы чыноўнік віленскай кантрольнай палаты, калежскі сакратар (1910 г.)
- Сямён Калечыц, прапаршчык, 01.12.1916 г. выпушчаны з юнкераў Аляксееўскага ваеннага вучылішча.
- Якаў Калечыц, прапаршчык Мінскай дружыны дзяржаўнага апалчэння, падпаручнік (12.05.1917 г.)
- Павал Трафімавіч Калечыц (1893—1921), капітан, дзеяч беларускага антыбальшавіцкага руху, кіраўнік Койданаўскай самастойнай рэспублікі, агент польскай вайсковай разведкі.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Расейскі дзяржаўны гістарычны архіў Ф. 1343-воп. 23-Справа 518- Справа аб дваранскім паходжаньні роду Калечыцаў-Каліцкіх.
- AGAD 354-23-t.52 p.3, s. 33. Наданьні зямянам далятыцкім.
- НГАБ Ф.319 Воп.2-Справа 1198 — Справа аб дваранскім паходжанні роду Ждановічаў.
- НГАБ КМФ5-1 Калекцыя мікрафільмаў
- НГАБ Ф.937 Воп. 4-Справа 94 арк. 150
- НГАБ Ф.299-Воп.2-Справа 327 «Справа аб прашэньні вольных хлебаробаў маёнтка Станькава не пераводзіць у сялянскі аклад, а пакінуць у папярэднім становішчы, 1817 г.»
- Y-DNA Haplogroup I2a Project
- НГАБ Ф. 1769 Воп.1 Справа 20 «Актавая кніга менскага земскага суда 1789 г.»
- Аддзел рукапісаў бібліятэкі Акадэміі навук Літвы Фонд 40 Справа 200
- Letopiś Milejczickoj śv.Varvarinskoj cerkvi, Grodnienskoj guberni, Brestskago ujezda, Vysoko-Litovskagobłagoczinnija, rękopis, s. s. 179.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Дзеля паляпшэньня артыкулу неабходна:
|