Землеўпарадкаваньне Марсу (настольная гульня)
«Землеўпарадкаваньне Марсу» | |
Дата выпуску | 2016 |
---|---|
Краіна паходжаньня | |
Распрацоўнік(і) | Якаб Фруксэліюс |
Аздабляльнік(і) | Ісаак Фруксэліюс |
Выдавец | FryxGames |
Жанр(ы) | картавая гульня[d] |
Колькасьць гульцоў | 1—5 |
Дыяпазон узростаў | ад 12 гадоў |
Працягласьць гульні | 120 хвілінаў |
Уплыў выпадковасьці | сярэдняя |
Неабходныя ўменьні | стратэгія, тактыка, лёгіка |
Сайт | fryxgames.se/prod… (анг.) |
«Землеўпара́дкаваньне Ма́рса» (па-ангельску: Terraforming Mars) — гульня на дошцы для 1—5 гульцоў, распрацаваная Якабам Фруксэліюсам і выдадзеная ў 2016 року. У гэтай стратэгіі гульцы выконваюць ролю карпарацыяў, якія супрацоўнічаюць у засваеньні Марсу шляхам павышэньня тэмпэратуры плянэты, насычэньня атмасфэры тленам, напаўненьня паверхні вадой і стварэньня расьліннасьці і жывёльнага сьвету.
Гульнявы працэс
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Гульцы ў ролі зямных карпарацыяў спаборнічаюць у справе землеўпарадкаваньня Марсу. Гульнявая дошка ўяўляе сабой мапу паверхні плянэты, на якой разьмешчаная 61 шасьцікутная плітка, кожная зь якіх адпавядае прыкладна 1% паверхні Марсу. Гэтыя пліткі прызначаныя для разьмяшчэньня акіянаў, расьліннасьці, местаў ды іншых аб’ектаў. Мэта гульні — дасягнуць трох прыдатных для засяленьня ўмоваў:
- падняць узровень атмасфэрнага тлену да 14%;
- падняць сярэднюю тэмпэратуру ад −30° да +8 °C;
- пакрыць 9% паверхні Марсу акіянам.
Гэтых мэтаў гульцы дабіваюцца, разыгрываючы карткі з разнастайнымі тэхналёгіямі альбо збудаваньнямі, прызначанымі для землеўтварэньня Марсу. Гульня дзеліцца на некалькі пакаленьняў, кожнае зь якіх адпавядае аднаму колу. Пакаленьне складаецца зь некалькіх фазаў:
- выцягваньне картак;
- выкананьне дзеяньняў:
- выкарыстаньне картак;
- задзейнічаньне эфэктаў ужо згуляных картак;
- купляньне магчымасьцяў, прысутных на дошцы;
- зьбіраньне прыбытку і рэсурсаў.
Пасьля гэтага надыходзіць новае пакаленьне.
Адной з унікальных асаблівасьцей «Землеўпарадкаваньня Марсу» ёсьць сыстэма «рэйтынгу землеўпарадкаваньня» (РЗ). Выконваючы дзеяньне, што павялічвае адну з трох глябальных умоваў землеўпарадкаваньня, гулец падвышае і ўласны РЗ. Гэты рэйтынг ня толькі ўплывае на колькасьць здабытых гульцом пераможных пунктаў, але і падвышае ягоны прыбытак у канцы кожнага пакаленьня.
Калі дасягнутыя ўсе тры глябальныя парамэтры землеўпарадкаваньня, гульня працягваецца да апошняй фазы дадзенага пакаленьня. Пасьля гэтага адбываецца падлік рэйтынгаў землеўпарадкаваньня, пабудаваных гульцамі плітак местаў і расьліннасьці, асабістых дасягненьняў і згуляных картак. Перамагае гулец з найбольшай сумай паказьнікаў.
Пашырэньні
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Выйшлі пяць дадаткаў да гульні:
- «Эляда і Элізіюм» (анг. Hellas and Elysium; 2017), які ўключае новую двухбаковую гульнявую дошку з двума новымі рэгіёнамі Марсу, кожны з уласным рэльефам і дасягненьнямі ў канцы гульні
- «Наступная — Вэнэра» (анг. Venus Next; 2017), які ўключае новую гульнявую дошку Вэнэры з новымі можнасьцямі землеўпарадкаваньня і новымі карткамі пра Вэнэру
- «Прадслоўе» (анг. Prelude; 2018) з новымі карткамі, якія гульцы атрымліваюць у пачатку гульні дзеля паскарэньня свайго разьвіцьця і марсаўпарадкаваньня
- «Калёніі» (анг. Colonies; 2018), які дадае тэрыторыі для калянізацыі і падарожжаў у Сонечнай сыстэме, прадастаўляючы альтэрнатыўныя спосабы здабываньня рэсурсаў без патрэбы разыгрываньня картак
- «Узрушэньне» (анг. Turmoil; 2019), які дадае марсіянскі ўрад з рознымі палітычнымі фракцыямі з уласнымі праграмамі, на якія гульць могуць уплываць, каб атрымліваць разнастайныя бонусы
Відэагульня
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 2018 року пабачыла сьвет кампутарная адаптацыя «Землеўпарадкаваньня Марсу» францускага выдаўца «Asmodee Digital»[1].
Ацэнкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Часопіс «Папулярная мэханіка» ўключыў «Землеўпарадкаваньне Марсу» ў 50 найлепшых гульняў году[2]. Паводле стану на 4 лютага 2022 гульня займала 4-е агульнае месца ў сьпісе паводле вэрсіі BoardGameGeek[3].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Asmodee Digital unveils Terraforming Mars—the only board game on PC that takes players to the Red Planet (анг.). PC Gamer (2 красавіка 2018). Праверана 10 ліпеня 2020 г.
- ^ Herkewitz, William (17 студзеня 2019) The 50 Best New Board Games (анг.). Popular Mechanics. Праверана 10 ліпеня 2020 г.
- ^ Browse Board Games (анг.). BoardGameGeek. Праверана 4 лютага 2022 г.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Інфармацыя на BoardGameGeek (анг.)
|