Пасяленцы Катану

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
«Пасяленцы Катану»
У працэсе гульні
Вытворца(-ы) Кляўс Тойбэр
Дата выпуску 1995
Распрацоўнік(і) Кляўс Тойбэр[d]
Выдавец «Kosmos»
Жанр(ы) стратэгія
Колькасьць гульцоў 3—4 (стандарт)
да 6 (з пашырэньнямі)
Час устаноўкі к. 8 хв.
Працягласьць гульні 1—4 гадзіны
Уплыў выпадковасьці нізкая-ўмераная
Сайт catan.com (анг.)

«Пасяле́нцы Катану» (па-нямецку: Die Siedler von Catan), таксама «Пасяленцы» ці проста «Катан» — шматкарыстальніцкая настольная гульня, распрацаваная ў Нямеччыне Кляўсам Тойбэрам і выдадзеная ў 1995 року. У гэтай стратэгіі гульцы выконваюць ролю пасяленцаў, якія здабываюць рэсурсы і гэтым коштам будуюць і разьвіваюць маёмасьць. Нягледзячы на неабходнасьць стратэгічных разьлікаў, гульня лёгка засвойвальная.

Гульнявы працэс[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гульцы ў ролі пасяленцаў засноўваюць калёніі на востраве Катане. Гульцы будуюць паселішчы, месты і дарогі дзеля злучэньня між імі. Гульнявая дошка, якая ўяўляе сабой востраў, складаецца з шасьцікутных частак (гексаў) розных тыпаў паверхні, якія пры кожнай новай гульні раскладаюцца ў выпадковым парадку[1]. Існуюць асобныя выданьні гульні, у якіх гексы мапы нельга выкладаць у адвольным парадку.

Гульцы будуюць на мапе, выдаткоўваючы рэсурсы (воўну, дрэва, збожжа, руду і цэглу), прадстаўленыя карткамі рэсурсаў; кожны тып паверхні (за выняткам бясплоднай пустыні) прыносіць пэўны від рэсурсаў. Пры кожным ходзе гулец кідае дзьве шасьцігранныя цыркі, каб вызначыць гексы, якія даюць рэсурсы. Гульцы, якія маюць паселішчы, прылеглыя да гэтых гексаў, атрымліваюць па адной картцы адпаведнага рэсурсу; месты прыносяць дзьве карткі рэсурсаў замест аднае. Напрыклад, калі гулец мае вакол збожжавага гексу адно места і два паселішчы, пры выпадзеньні нумару гэтага гексу на цырках ён атрымлівае чатыры карткі рэсурсаў збожжа.

Існуе адна фігурка збойцы, які ад пачатку выстаўляецца на пустыні; калі сума на цырках складае 7, неабходна перамясьціць збойцу на любое іншае поле, якое ня будзе прыносіць рэсурсаў, пакуль збойца на ім знаходзіцца. Гулец, які перамясьціў збойцу, забірае картку рэсурсаў у іншага гульца. Акрамя таго, усе гульцы, якія маюць на руках больш за 7 картак рэсурсаў, мусяць скінуць палову ад іх па сваім выбары (пры няцотнай колькасьці акругленьне ў меншы бок).

Пасьля кіданьня цырак на тым самым ходзе гулец мае магчымасьць выдаткаваць рэсурсы на будаўніцтва дарог, паселішчаў, местаў (на месцы існых паселішчаў) ці картак разьвіцьця. Гульцы могуць па дамоўленасьці абменьвацца рэсурсамі між сабой альбо весьці заморскі гандаль (фактычна, з банкам) у адносінах чатыры віды аднаго рэсурсу на адзін іншы від. Збудаваўшы паселішча каля порту, гульцы атрымліваюць магчымасьць весьці заморскі гандаль у прапорцыі 3:1 (любы рэсурс) альбо 2:1 (толькі пэўны від рэсурсу) ў залежнасьці ад разьмяшчэньня порту.

Мэтай гульні — першым набраць 10 пунктаў перамогі. Гульцы атрымліваюць па адным пункце за кожнае паселішча і два — за кожнае места. Улічваюцца таксама некаторыя іншыя дасягненьні, такія як пабудова найдаўжэйшага тракту і найвялікшага войска.

За рэсурсы можна таксама набыць карткі разьвіцьця. Адныя карткі разьвіцьця могуць проста даваць дадатковыя пункты перамогі; карткі рыцараў дазваляюць гульцу перамясьціць збойцу, як быццам на цырках выпала 7 (аднак без правіла адбіраньня больш за 7 картак рэсурсаў); трэці тып картак разьвіцьця дае магчымасьць гульцу выкарыстаць іх на дадатковыя магчымасьці.

Пашырэньні і працягі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Папулярнасьць «Пасяленцаў Катану» спрычынілася да зьяўленьня пабочных гульняў і тавараў: у 1996 року выйшла картачная гульня, а ў 2003 — раман нямецкай пісьменьніцы Рэбэкі Габле «Пасяленцы Катану», якія апавядае пра групу скандынаўскіх мараплаўцаў, якія выпраўляюцца на пошукі мітычнага востраву Катану.

Кляўс Тойбэр пасьля картачнай гульні пачаў выдаваць пашырэньні да настольнай вэрсіі, першая зь якіх — «Катан: Мараплаўцы» — выйшла ў 1997 року. У ёй зьявіліся караблі, на якіх гульцы маглі плаваць па моры і дасьледаваць архіпэлягі. Таксама ўведзеныя золатаносныя палі, якія дазваляюць гульцам атрымліваць від рэсурсу на іхні выбар.

У 1998 року выйшла другое вялікае пашырэньне — «Катан: Месты і рыцары»[2]. У ім дададзеныя элемэнты гульні з картачнай вэрсіі, першага пашырэньня; рыцары, якія абараняюць Катан ад уварваньня барбараў; а таксама паляпшэньня местаў, якія даюць гульцам дадатковыя перавагі. Дадаліся тры новыя віды рэсурсаў (папера, манэты і адзеньне).

У 1999 выйшла пашырэньне, якое павялічыла максымальную колькасьць гульцоў у «Пасяленцах», «Мараплаўцах», «Местах і рыцарах» да 6.

У 2008 року выйшла трэцяе вялікае пашырэньне «Катан: Гандляры і барбары», у якім сабраныя некалькі раней выдадзеных асобна сцэнароў.

У 2013 выйшла чацьвёртае вялікае пашырэньне «Катан: Дасьледчыкі і піраты».

Узнагароды[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • 1995: Гульня году ў Нямеччыне
  • 1995: Deutscher Spiele Preis, 1-е месца
  • 1995: Essen Feather
  • 1995: Meeples’ Choice Award
  • 1996: Origins Award за «найлепшую фантастычную ці фэнтэзійную настольную гульню»[3]
  • 2004: Гульня року (Польшча)
  • 2005: Games Magazine Hall of Fame
  • 2005: Гульня року (Польшча)
  • 2015: GamesCon Vegas Game of the Century

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Professor Easy's Settlers of Catan tutorial Праверана 2007-04-26 г. Архіўная копія ад 27 September 2007 г.
  2. ^ Klaus Teuber's Ludography Праверана 2014-05-21 г.
  3. ^ Origins Award Winners (1996). Academy of Adventure Gaming Arts & Design. Архіўная копія ад 20 April 2008 г.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]