Перайсьці да зьместу

Залман Рэйзен

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Залман Калманавіч Рэйзен
Род дзейнасьці журналіст, лінгвіст і гісторык літаратуры
Дата нараджэньня 8 кастрычніка 1887
Месца нараджэньня Койданаў, Менская губэрня, Расейская імпэрыя
Дата сьмерці 1940-я
Месца сьмерці
Грамадзянства Расейская імпэрыя,
Польшча
Занятак пісьменьнік, бібліёграф, біёграф, журналіст, фатограф, філёляг, гісторык літаратуры, выдавец, перакладнік
Навуковая сфэра мовазнаўства
Бацька Калман Рэйзен

Залман Калманавіч Рэйзен (Рэйзін) (8 кастрычніка 1887, Койданаў, Менская губэрня, Расейская імпэрыя — 1941, СССР) — габрэйскі журналіст, лінгвіст і гісторык літаратуры.

Пісаў на ідыш. Брат Абрама і Сары Рэйзенаў. Вучыўся ў розных хедарах, затым у расейскай гарадзкой вучэльні (Менск). Як і старэйшы брат, быў палымяным прыхільнікам мовы ідыш. У 1908 г. апублікаваў «Ідышы граматык» (Варшава), дапамагаў брату ў падрыхтоўцы падручніка «Ды мутэршпрах» («Родная мова», Варшава, 1908), у 1914 г. выйшаў складзены ім «Лексікон фун дэр ідышер літаратур ун прэсе» («Слоўнік габрэйскай літаратуры і друку», Варшава, 1914) зь біяграфіямі пісьменьнікаў (да пэрыяду Хаскалы ўлучна), пералікам газэт і часопісаў, якія выходзілі з 1686 г. па 1913 г., і рэестрам ананімных твораў.

У 1915 г. Залман пасяліўся ў Вільні, дзейна прапагандаваў ідыш як адзіную, па ягоным перакананьні, мову зносін габрэяў, выступаў зь лекцыямі пра граматыку ідыш у габрэйскім народным унівэрсытэце, настаўніцкай сэмінарыі і на розных курсах настаўнікаў. У 1918—1920 гг. уваходзіў у рэдкалегію газэты «Лецте найес», дзе ўвёў уніфікаваную артаграфію. У 1920—1939 гг. быў рэдактарам газэты «Вілнэр тог» (потым яна звалася «Дэр тог» і мела іншыя часавыя назвы). У 1925 заснаваў вышэйшы габрэйскі інстытут YIVO. У 1928 г. два месяцы знаходзіўся ў турме за пратэст супраць уводзін польскімі уладамі агульнага (у тым ліку і для габрэяў) дня адпачынку ў нядзелю. Таксама Залману Рэйзену належыць пераклад «Злачынства і пакараньне» Ф. Дастаеўскага на мову ідыш.

Пасьля прыходу ў Вільню РСЧА (18 верасьня 1939 г.) Рэйзен 1 кастрычніка 1939 г. быў арыштаваны, нягледзячы на ягоную ў асноўным прасавецкую арыентацыю, і ў канцы 1939 г. вывезены ў Вялейку, а потым сьляды ягоныя губляюцца (па некаторых зьвестках — забіты па шляху ў лягер, па іншых — расстраляны ў чэрвені 1941 г.).

Шматлікія навуковыя артыкулы і публікацыі Рэйзена ўвайшлі ў зборнік «Ідышы літаратур ун ідышы шпрах» («Ідыш — літаратура і мова», Буэнас-Айрэс, 1965).

  • Валахановіч А. І. Пісьменніцкая сям’я з Койданава // Памяць. Гісторыка-дакументальная хроніка Дзяржынскага раёна. Мінск. 2004. С. 622—623.