Закон захаваньня энэргіі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку

Закон захаваньня энэргіі — асноўны закон прыроды, які крыецца ў тым, што энэргія замкнёнай сыстэмы захоўваецца ў часе[1]. Прасьцей кажучы, энэргія ня можа ўзьнікнуць зь нічога і ня можа зьнікнуць у нікуды, яна можа толькі пераходзіць з адной формы ў іншую. Паколькі закон захаваньня энэргіі датычыцца ня пэўных велічынь і зьяваў, а адлюстроўвае агульную, дастасавальную ўсюды і заўсёды, заканамернасьць, то слушней зваць яго не законам, а прынцыпам захаваньня энэргіі.

Закон захаваньня энэргіі сустракаецца ў розных разьдзелах фізыкі і выяўляецца ў захаваньні розных відаў энэргіі. Напрыклад, у клясычнай мэханіцы закон выяўляецца ў захаваньні мэханічнай энэргіі (сумы патэнцыйнай і кінэтычнай энэргіяў). У тэрмадынаміцы закон захаваньня энэргіі завецца першым пачаткам тэрмадынамікі і кажа аб захаваньні энэргіі ў суме зь цеплавой энэргіяй[2][3]. Асобны выпадак — Закон захаваньня мэханічнай энэргіі — мэханічная энэргія кансэрватыўнай мэханічнай сыстэмы захоўваецца ў часе. Прасьцей кажучы, пры адсутнасьці сілаў кшталту церця мэханічная энэргія не ўзьнікае зь нічога і ня можа нікуды зьнікнуць[4].

Закон захаваньня энэргіі — гэта інтэгральны закон. Гэта значыць, што ён складаецца зь дзеяньня дыфэрэнцыяльных законаў і зьяўляецца ўласьцівасьцю іх сукупнага дзеяньня. Напрыклад, часам кажуць, што немагчымасьць стварыць вечны рухавік абумоўленая законам захаваньня энэргіі. Але гэта ня так. Насамрэч, у кожным праекце вечнага рухавіка спрацоўвае адзін з дыфэрэнцыяльных законаў і менавіта ён робіць рухавік непрацаздольным. Закон захаваньня энэргіі проста абагульняе гэты факт.

Паводле тэарэмы Нётэр, закон захаваньня мэханічнай энэргіі зьяўляецца сьледзтвам аднастайнасьці часу[4][5], гэта значыць незалежнасьці законаў фізыкі ад моманту часу, у які разглядаецца сыстэма. У гэтым сэнсе закон захаваньня энэргіі зьяўляецца унівэрсальным, то бок ёсьць уласьцівым сыстэмам самае рознае фізычнае прыроды. Пры гэтым выкананьне гэтага закону захаваньня ў кожнай канкрэтна ўзятай сыстэме абгрунтоўваецца падначаленьнем гэтае сыстэмы сваім адмысловым законам дынамікі, наогул кажучы, што вызначаюцца для розных сыстэмаў.

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]